Вы тут

Лукашэнка: Памяць аб Хатыні назаўжды застанецца ў сэрцы беларусаў


Дарагія суайчыннікі!

Вялікая Айчынная вайна пакінула беларускаму народу цяжкую спадчыну — памяць аб страшных трагедыях людзей, якія сталі сведкамі і ахвярамі жахлівых злачынстваў фашызму. Сёння мы аддаём даніну памяці жыхарам Хатыні, спаленай нацыстамі 75 гадоў таму.

22 сакавіка 1943 года ў жыццё маленькай вёсачкі прыйшла бяда. Акупанты, якія цярпелі паражэнне на франтах, вынеслі смяротны прысуд мірнаму насельніцтву. Карнікі не пашкадавалі старых, жанчын і немаўлят. У агні загінулі 149 чалавек.

Мы ніколі не змірымся з жахам бацькоў, на вачах якіх паміралі дзеці. Нам ніколі не забыць страх і бездапаможнасць дзіцяці, якое шукае абароны ў дарослага і не разумее, за што адбіраюць у яго жыццё. Нам не дараваць гора бацькі, які выжыў, але страціў свайго сына, і слёз хлопчыка, які знайшоў выратаванне пад целам забітай маці.

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Успамінаючы Хатынь, мы ўспамінаем тысячы па-зверску знішчаных вёсак. Аплакваючы ахвяр гэтых жудасных падзей, аплакваем кожнага трэцяга жыхара Беларусі, які загінуў падчас Другой сусветнай вайны. Гэты боль назаўсёды застанецца ў нашых сэрцах як памяць пра жорсткія злачынствы супраць чалавечнасці. І няма ім апраўдання.

Занадта дарагой цаной дасталася свабода роднай зямлі нашаму народу. Гістарычную памяць аб тых страшных гадах мы беражліва захаваем і перададзім дзецям як імунітэт супраць любой ваеннай агрэсіі і нацыяналістычнай варожасці. Як разуменне таго, што нішто на свеце не варта адабранага чалавечага жыцця.

Свет зноў забывае гэтыя ўрокі. Ваенныя пагрозы, тэрарыстычныя атакі, міжканфесійныя звады і міжнацыянальныя канфлікты запаўняюць старонкі гісторыі XXІ стагоддзя новымі незлічонымі ахвярамі. І сучаснае аблічча зла, часам схаванае за маскай добрых намераў, — такое ж агіднае, як і ў нацызму. Ідэі звышдзяржаўнасці і перавагі нацый знаходзяць чарговых паслядоўнікаў і вядуць да новых бед.

Мы, беларусы, носьбіты геннай памяці нечалавечых пакут народа, які выстаяў у Вялікай Айчыннай вайне, гаворым усім: «Няхай тужлівы звон званоў Хатыні гучыць і перасцерагае ад паўтарэння страшнай трагедыі. Няхай іх металічны плач данясецца да тых куткоў Зямлі, дзе сёння забыліся пра тое, што жыццё — гэта дар звыш, мір — самая вялікая каштоўнасць.

Мы павінны гэта памятаць заўсёды!

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка

Загаловак у газеце: Ніколі не забудзем

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».