Вы тут

У Мінску адкрыюць краму, дзе не будзе аднаразовай упакоўкі


У гэтай краме вам не прапануюць цэлафанавых пакетаў і пластыкавых кантэйнераў. Тавары ў ёй будуць прадавацца на вагу ці паштучна ў шматразовую тару — торбы з тканіны, слоікі, бляшанкі. Прычым пакупнік можа не набываць яе, а папрасіць адсыпаць крупы ці печыва ў свой мяшэчак. Дзякуючы гэтаму сярэднестатыстычны мінчанін зможа скараціць колькасць свайго смецця напалову і выкідаць не 30 кілаграмаў пластыку ў год, а 15 ці менш.


Ініцыятарам праекта «Fаsоlіkа» стала каардынатар валанцёрскага сэрвісу ў экалагічным таварыстве «Зялёная сетка» Юлія ЛІСІЦА.

— Памятаю, як першы раз выехала на экскурсію на мінскі палігон смецця ў Трасцянцы. Такая колькасць пластыку, якую я пабачыла там, мяне вельмі моцна ўразіла, — расказвае дзяўчына пра тое, што падштурхнула яе да стварэння крамы. — Натхненнем стаў таксама ўдзел у Zеrо Wаstе Акадэміі пры Цэнтры экалагічных рашэнняў. Там мы мелі магчымасць распрацоўваць сваю ідэю па змяншэнні адходаў у Беларусі, і я зразумела, што варта пачаць увасабляць задумы ў жыццё. Крама без упакоўкі — вельмі лагічны крок, калі хочаш знізіць свой шкодны ўплыў на прыроду. Бо асноўная маса аднаразовага пластыкавага смецця, якую немагчыма перапрацаваць, — гэта ўпакоўкі і пакеты, якія мы выкарыстоўваем пры набыванні ежы.

Крама будзе працаваць у рэжыме анлайн-дастаўкі. Асартымент плануецца даволі шырокі — ад прадуктаў харчавання (крупы, прысмакі) да касметыкі і бытавой хіміі. Перавагу пры закупцы тавараў будуць аддаваць мясцовым вытворцам з добрай якасцю прадукцыі. А два працэнты з кожнага чэка будуць ісці на падтрымку экалагічных праектаў у Беларусі.

— Мы праводзілі даследаванне сярод патэнцыйных пакупнікоў. Пыталіся пра асартымент, які людзям хацелася б бачыць, зручнасць тары і дастаўкі, камфорт ад такіх пакупак анлайн. Дазналіся, што попыт ёсць, і немалы, што не можа не цешыць. Людзі гатовыя купляць базавую касметыку (шампуні, кандыцыянеры, вадкае мыла) на разліў, а таксама вельмі чакаюць адкрыцця падобнай афлайн-крамы, — дзеліцца Юлія Лісіца.

Чаму гэта важна? Штогод на тэрыторыі Мінска і яго ваколіц хаваецца больш за 250 тысяч тон толькі пластыкавых адходаў — не сартаваных і не перапрацаваных. Смецце, якое мы выкідваем сёння, будзе забруджваць зямлю і ваду горада яшчэ ад 100 да 500 гадоў.

Цяпер крама шукае пастаўшчыкоў, каб прадставіць у асартыменце мінімум 10 відаў круп і макароны, ад пяці відаў прысмакаў. «Спробы знайсці пастаўшчыкоў пакуль няўдалыя, — прызнаецца Юлія Лісіца. — Напрыклад, буйным гульцам нецікава рабіць адгрузкі да 200 кілаграмаў у месяц, а сярэднія і дробныя працуюць у асноўным з фасаваным таварам. Але застаецца шмат вытворцаў і аптовых баз, з якімі мы яшчэ не паспелі звязацца. Нядаўна наша ініцыятыва прайшла ў чвэрцьфінал конкурсу сацыяльных праектаў Sосіаl Wееkеnd, таму спадзяемся, што падчас навучання ды кансультацый з экспертамі нам удасца не толькі рашыць гэтую няпростую задачу з пастаўшчыкамі, але і атрымаць больш кампетэнцый у вядзенні сацыяльнага бізнесу».

У тэму

Цяпер папулярная канцэпцыя Zеrо Wаstе — «нуль адходаў». Яна мае на ўвазе не толькі другаснае выкарыстанне рэчаў і іх перапрацоўку, але і папярэджванне ўтварэння адходаў. Чаму? Па-першае, у Беларусі магчыма перапрацаваць толькі 30—40 працэнтаў смецця. Па-другое, на гэта затрачваецца энергія, што таксама не экалагічна.

65 працэнтаў нашых пакупак імпульсіўныя. Нас прымушае набываць маркетынг (не проста так раздаюць зніжкавыя карты і ладзяць распродажы), жаданне пераймаць кагосьці, нашы звычкі, эмацыянальны стан. Як скараціць спажыванне?

— Хадзіце ў краму толькі з добрым настроем, — раіць супрацоўніца Цэнтра экалагічных рашэнняў Марыя СУМА. — Расплачвайцеся наяўнымі грашыма, а не карткай: іх псіхалагічна складаней траціць. Бярыце кошык замест цялежкі, каб адчуваць рэальную вагу пакупак. Складайце спіс і плануйце бюджэт на тыдзень. Яшчэ карысна прымяняць метад «час—грошы»: падлічыце, колькі вам давялося працаваць, каб набыць сабе нейкую рэч.

Каб зменшыць колькасць адходаў, адмоўцеся перш-наперш ад аднаразовага пластыку і бясплатнай раздаткі (буклеты, лістоўкі). Выкарыстоўвайце ўласную бутэльку для вады, пакеты замяніце торбай з тканіны. Замест аднаразовых батарэек бярыце акумулятары. Аматары кавы навынас могуць насіць свой тэрмакубак. Здавайце рэчы ў рамонт: пры вытворчасці складанай тэхнікі ўтвараецца шмат адходаў.

Марыя Сума прыводзіць цікавую арыфметыку: адзін ручнік можа замяніць 1200 рулонаў папяровых ручнікоў, а сітца для гарбаты — 500 чайных пакецікаў.

А як у іх?

У Еўропе крамы, дзе прадукты прадаюцца без упакоўкі, даўно працуюць. У Лондане, напрыклад, з 2006 года. Там можна купіць усё тое ж, што і ў звычайным супермаркеце, — малако, мяса, хлеб, спецыі, напоі.

У Францыі, асобных рэгіёнах Бельгіі (у прыватнасці, у яе сталіцы), Марока, Эфіопіі, Кеніі, некаторых штатах ЗША забаронены аднаразовыя поліэтыленавыя пакеты.

Сярод іншых ініцыятыў па скарачэнні адходаў — пральні для падгузкаў, fооd bаnk («банк харчавання», калі крамы аддаюць прадукты дабрачынным арганізацыям, а тыя — грамадзянам, што маюць у гэтым патрэбу), кірмашы, дзе людзі дзеляцца сваімі рэчамі. У Амстэрдаме ёсць праект «модная бібліятэка», якая працуе па прынцыпе пракату ўбораў: набываеш абанемент за 25 еўра ў месяц — і можаш мяняць адзенне.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

 

Загаловак у газеце: Ніякага цэлафану і пластыку

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.