Вы тут

Юрый Дземідовіч: Я зусім малады — у мяне ўсё наперадзе


Дзевяць гадоў таму ён выйшаў на сцэну дзіцячага «Еўрабачання» ў Кіеве з песняй «Чароўны трусік», стаўшы адной з галоўных «зорак» конкурсу. І няхай з баламі і месцам Беларусі не пашанцавала, але словы «Еtіs Аtіs Аnіmаtіs» ведаў тады практычна кожны.

Зараз Юрыю Дземідовічу 21 год. З маленькага хлопчыка ён ператварыўся ў прыгожага маладога чалавека з шырокай усмешкай. Але куды ён знік з беларускай сцэны? Пра вучобу ў Маскве, сваіх куміраў і як ён ставіцца да таго, што яго часам па-ранейшаму называюць «чароўным трусікам», Юра расказаў «Чырвонцы. Чырвонай змене».


— Раскажы, дзе ты цяпер? Чым займаешся?

— Зараз я ў Маскве. Вучуся на трэцім курсе дырыжорскага аддзялення Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі імя П. І. Чайкоўскага. Таксама займаюся акадэмічным вакалам: шмат спяваю, выступаю на конкурсах. У Мінску з'яўляюся рэдка, але метка (смяецца). Дзесьці раз у паўгода.

— Чаму вырашыў вучыцца ў Расіі, а не ў Беларусі?

— Усё проста: хацелася паспрабаваць нешта новае. Па-першае, Масква — гэта вялікі і цікавы горад, па-другое, тут зусім іншы музычны ўзровень. Я маю на ўвазе магчымасць рэалізавацца, падыходы ў выкладанні. Планка значна вышэйшая, чым у Беларусі.

Памятаю, неяк пасля «Еўрабачання» ў мяне бралі інтэрв'ю, і на пытанне «Кім хочаш стаць, калі вырасцеш?» я ўпэўнена адказаў: «Хачу скончыць Маскоўскую дзяржаўную кансерваторыю імя П. І. Чайкоўскага». Мара здзяйсняецца!

— Ці было страшна з'язджаць з дому, пачынаць усё з нуля ўдалечыні ад сям'і і сяброў?

— Я ўспрымаў гэта як прыгоду. Усё здавалася цікавым, нязведаным... Спачатку, калі быў толькі на першым курсе, бацькі часта прыязджалі да мяне, але потым я асвоіўся.

— Калі вяртаешся ў Мінск, што робіш перш за ўсё?

— Еду да бацькоў. Сустракаюся са сваякамі. Распавядаю пра сваё жыццё, вучобу. Вядома, мы камунікуем кожны дзень: і па sms, і з дапамогай інтэрнэту, але гэта ўсё не тое. Жывыя стасункі значна больш душэўныя і прыемныя.

Яшчэ я заходжу да сваіх педагогаў у Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі. Ім заўсёды цікава, якімі метадамі ў навучанні студэнтаў карыстаюцца іх маскоўскія калегі. Таксама сустракаюся з сябрамі-музыкантамі. Наогул, маё кола стасункаў як у Маскве, так і ў Мінску — музычнае.

— Калі ўспомніць 2009 год і твой удзел у конкурсе: ці марыў перамагчы?

— Магу сказаць дакладна: у галаве не было такой мэты, пра перамогу не думаў. Хацелася проста годна прадставіць сваю краіну, зрабіўшы ўсё, што ад мяне залежыць.

— Як ставішся да таго, што песню «Чароўны трусік», з якой ты выступаў, амаль абвінавацілі ў тым, што гэта нейкі акультны рытуал, а словы «Еtіs Аtіs Аnіmаtіs» — таемнае пасланне?

— Ведаеце, было столькі версій і здагадак вакол гэтай песні... Хтосьці бачыў у ёй адсылку да «Алісы ў краіне цудаў», хтосьці — рэлігійны падтэкст. Але я гатовы паўтарыць зноў, што «Еtіs Аtіs Аnіmаtіs» — усяго толькі наіўная прастадушная гульня слоў. Пентаграм і акультызму ў песні не было дакладна (смяецца).

— Ці бывае так, што цябе называюць «Чароўным трусікам»?

— Ведаеце, я ўжо змірыўся з тым, што ў жыцці ўсё роўна буду ім. Нават у кансерваторыі — здавалася б, дарослыя людзі — а ўсё адно, бывае, называюць мяне то трусікам, то зайчыкам.

— Што табе даў удзел у дзіцячым «Еўрабачанні»?

— Па-першае, вялікі вопыт. Перажыўшы гэта, мне здаецца, ты крыху інакш пачынаеш глядзець на конкурсы падобнага кшталту. Сцэнічна гэта вельмі цікава. І я кожнаму жадаю такое выпрабаванне прайсці.

— А калі зараз табе прапануюць паўдзельнічаць у дарослым «Еўрабачанні», пагодзішся?

— Усяму свой час пад сонцам (смяецца). Але... Калі я паеду, гэта, вядома, не будзе для мяне спантанным рашэннем: патрэбны жаданне і плённая падрыхтоўка. Калі ўсё будзе, чаму не?

— Дзе зараз можна пачуць твае выступленні?

— Я праводжу свой час пераважна ў Маскве, там і выступаю. Вось нядаўна быў у Італіі з канцэртам. Спадзяюся, у хуткім часе буду выступаць і ў Беларусі. Але ж я яшчэ зусім малады — у мяне ўсё наперадзе!

— Які музычны кірунак зараз табе бліжэй за ўсё? У адным з інтэрв'ю перад «Еўрабачаннем» ты гаварыў, што любіш і рок, і оперу... Ці змяніліся твае густы за гэты час?

— Я вучуся акадэмічнаму вакалу, менавіта таму мне вельмі блізкая падача такога сусветна вядомага спевака, як Андрэа Бачэлі. Гэта акадэмічнае выкананне, але для шырокай публікі: на вялікіх канцэртах і пляцоўках.

Акадэмічная музыка насамрэч зусім не сумная, як некаторыя лічаць, у ёй шмат цікавага. Самае важнае — правільна яе падаць. Ёсць вельмі вядомы дырыжор Тэадор Курэнтзіс, дзякуючы якому па ўсім свеце акадэмічная музыка цяпер становіцца неверагодна папулярнай, набывае новае гучанне. Паверце, творы Іагана Баха і музыка эпохі Рэнесансу могуць гучаць сучасна і цікава. У доказ гэтаму той факт, што білеты на такія канцэрты раскупляюцца за лічаныя гадзіны! Прыемна, што на такія мерапрыемствы прыходзяць не толькі падрыхтаваныя людзі, якія разбіраюцца ў класічнай музыцы, але і тыя, хто ў звычайным жыцці слухаюць «папсу». І яны выходзяць з залы пад неверагодным уражаннем. Гэта цудоўна!

— Чым захапляешся акрамя музыкі?

— Раней былі шахматы, вялікі і настольны тэніс... Цяпер я таксама люблю спорт: футбол — гэта маё вялікае захапленне з дзяцінства. Разам з хлопцамі з кансерваторыі любім у Маскве пагуляць у футбол у вольны час. «Хварэю» я, дарэчы, за «Барселону», не прапускаю ніводнага іх матча.

Яшчэ займаюся бальнымі танцамі. Калі паступаў у кансерваторыю, думаў, што гэта зусім не маё, што баль — нешта не мужчынскае. А калі ўпершыню трапіў на падобнае мерапрыемства (мяне доўга ўгаворвалі і прывялі ледзь не сілай), зразумеў, што гэта неверагодна цікава, таму што танец непадзельны з музыкай. Вось так мяне і зацягнула...

— Ці пішаш музыку сам?

— Так, пішу, але даю яе слухаць толькі вельмі абмежаванаму колу людзей. У інтэрнаце кансерваторыі я жыву з хлопцам з Арменіі, неяк мы спрабавалі пісаць разам. Але ўсё роўна: пакуль гэта толькі для сябе, хоць у далейшым, магчыма, хацелася б выйсці на больш шырокае кола слухачоў.

— Ёсць ужо нейкія планы на будучыню? Што будзеш рабіць пасля кансерваторыі?

— Мне ўжо прапаноўвалі застацца ў Маскве і паспрабаваць паступіць у аспірантуру. Ёсць варыянт паехаць і павучыцца дзесьці яшчэ — напрыклад, у той жа Італіі, мову і культуру якой я вельмі люблю. Час пакажа.

— Ты спяваеш сольна ці з хорам?

— І сольна, і з хорам, і ў ансамблі. Але, канешне, у будучым я выберу менавіта сольнае выкананне.

— Мабыць, сябруеш з кімсьці з тых, хто ўдзельнічаў у дзіцячым «Еўрабачанні» да цябе альбо пасля?

— Кантактую з Лёшам Жыгалковічам, з Ромам Волазневым (ён не ездзіў на сам конкурс, але ўдзельнічаў у нацыянальным адборы), з Кірылам Ермаковым — ён, дарэчы, зараз піша музыку, часам бачу Волю Сацюк.

— Да каго ты заўсёды звяртаешся па параду? Хто падтрымлівае цябе ў складаны момант?

— Канешне, у першую чаргу, гэта мае бацькі. Яшчэ я звяртаюся да найлепшых сяброў. І да Бога.

Ганна БАГІНО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».