Вы тут

Чаму ў ХХІ стагоддзі робяць стаўку на крытычнае мысленне?


Еўрапейская камісія ўсур'ёз заклапочана распаўсюджваннем дэзынфармацыі ў інтэрнэце. На думку экспертаў, тэрмін «фэйкавыя навіны» ўжо не ахоплівае ўсе аспекты медыйнай прасторы, да таго ж дэзынфармацыя можа ўключаць кантэнт, дзе хлусня змешваецца з праўдзівымі фактамі. Рабочая група Еўракамісіі рэкамендавала развіваць ва ўсіх краінах медыяадукацыю і ствараць інструменты, якія б дазволілі адрозніваць праўдзівую інфармацыю ад ілжывай. Дакумент па барацьбе з дэзынфармацыяй абяцаюць апублікаваць гэтай вясной.

А ці могуць лічыць сябе медыяадукаванымі беларусы? Тры гады таму педагогі-энтузіясты пачалі ўкараняць медыяадукацыю ў школьнае выкладанне: стварылі дыстанцыйны курс падтрымкі настаўнікаў, напісалі дапаможнікі. Сёння ў краіне дзейнічаюць 27 інавацыйных пляцовак па фарміраванні медыяадукаванасці і медыякультуры, зацверджаныя Міністэрствам адукацыі. А зусім нядаўна на базе Акадэміі паслядыпломнай адукацыі прайшоў двухдзённы фестываль педагагічных ідэй «Медыяадукацыя ў сучаснай школе: вопыт, праблемы і перспектывы».


Су­час­ным на­стаў­ні­кам і вы­клад­чы­кам па­тра­бу­ец­ца сур'­ёз­ная пад­трым­ка ў пла­не раз­віц­ця іх улас­най ме­дый­най аду­ка­ва­нас­ці.

Не браць усё на веру

«Якім адным словам, на вашу думку, можна ахарактарызаваць вучня, які часта задае настаўніку пытанні?» — звярнуўся да дарослай аўдыторыі прафесар кафедры педагогікі і менеджменту адукацыі АПА, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Мікалай ЗАПРУДСКІ. І пачуў у адказ: «Чамучка», «Цікаўны», «Актыўны», «Дапытлівы!»

— Шчыра кажучы, мне хацелася пачуць ад вас — «той, хто крытычна думае», бо гэта азначае, што ён нічога не бярэ на веру, усё падвяргае сумненню. А ў медыяадукацыйнай практыцы самае галоўнае — крытычнае мысленне і ўменне задаваць пытанні,— падкрэсліў Мікалай Запрудскі. — Праблемамі развіцця медыякампетэнцый сёння заклапочаны ва ўсім свеце, але ў большасці краін, як, між іншым, і ў нас, асобнага прадмета «медыяадукацыя» ў школе няма. Гэтыя веды інтэгруюцца ў іншыя дысцыпліны. Як зрабіць так, каб дзеці і прадмет добра ведалі, а паралельна яшчэ і медыяадукоўваліся? Прычым на ўсё адводзіцца 45 хвілін урока... Я лічу, што гэта своеасаблівы выклік для настаўніка.

Пакуль што не ўсе педагогі ўмеюць фарміраваць крытычнае мысленне вучняў ці хоць бы імкнуцца да гэтага, не ўсе маюць навыкі дэкадавання медыятэкстаў, не ўсе валодаюць адпаведнымі методыкамі. Хапае і настаўнікаў, якія даволі вузка разумеюць медыяадукацыю, абмяжоўваючыся, напрыклад, толькі дэманстрацыяй відэаролікаў на сваіх занятках.

На педагагічных спецыяльнасцях мала ўвагі ўдзяляецца фарміраванню медыяадукаванасці будучых педагогаў. Адсутнічае канцэпцыя медыяадукацыі, прынятая на розных узроўнях, і стандарт па медыяадукацыі. Але ў нас ужо ёсць падставы ганарыцца зробленым, ёсць шмат прафесійных і адказных педагогаў, і — самае галоўнае — ёсць разуменне таго, што медыяадукацыя надзвычай актуальная!

Умею ці толькі так думаю?

— На жаль, але нават у вышэйшай школе пакуль распаўсюджана думка, што медыяадукацыяй павіны займацца журналісты, а не педагогі. Маўляў, а пры чым тут выкладчыкі? — расказаў загадчык вучэбна-метадычнай лабараторыі інавацый у адукацыі БДУ Дзмітрый ГУБАРЭВІЧ. — У нашай краіне не праводзілася сур'ёзных даследаванняў, дзякуючы якім мы ведалі б рэальную сітуацыю з медыяадукаванасцю і паводзінамі моладзі ў медыяпрасторы, таму вымушаны абапірацца на вынікі расійскіх, польскіх, амерыканскіх даследаванняў і спрабаваць спраецыраваць іх на нашу рэчаіснасць.

Летась Цэнтрам праблем развіцця адукацыі БДУ праводзілася апытанне ўніверсітэцкіх выкладчыкаў і студэнтаў, па выніках якога высветлілася некалькі цікавых тэндэнцый. З амаль трох сотняў апытаных студэнтаў (пераважна другога і трэцяга курсаў) у адказ на прапанову ацаніць уласны ўзровень медыяадукаванасці прыблізна 20 % заявілі, што яны ведаюць і ўмець усё! І калі толькі 3 % выкладчыкаў ВНУ выказаліся за тое, каб медыяадукацыя ніяк не развівалася ў рамках універсітэцкай адукацыі, то сярод студэнтаў катэгарычна супраць медыяадукацыі выказаліся больш як 13 %. Гэта значыць, што ў маладых людзей няма ніякіх запытаў на ўменне працаваць з інфармацыяй. Але ці ўмеюць яны гэта рабіць? Тут патрабуецца сур'ёзная даследчая праца па вызначэнні месца і ролі медыяадукацыі ва ўстановах агульнай сярэдняй і вышэйшай адукацыі.

Дзмітрый Губарэвіч упэўнены, што сучасным настаўнікам і выкладчыкам патрабуецца вельмі сур'ёзная падтрымка ў плане развіцця іх уласнай медыйнай адукаванасці,  таксама неабходна прапанаваць выкладчыкам метадычныя інструменты, якія дапамогуць ім развіваць медыяадукаванасць у іх студэнтах. Напрыклад, існуе алгарытм на аналіз інфармацыйнага паведамлення, які вучыць яго правяраць, высвятляць пазіцыю аўтара, яго дасведчанасць у змесце, аргументаванасць пазіцыі, выяўляць тое, пра што аўтар «свядома прамаўчаў», або высветліць, ці адбываецца маніпуляванне фактамі. Гэты алгарытм можа быць карысны як настаўнікам, выкладчыкам, так і вучням, студэнтам.

Таксама трэба адзначыць, што ўпершыню за апошнія гады на рынку быў заўважаны рост попыту на друкаваную прадукцыю. Цікавая тэндэнцыя, якая яшчэ патрабуе асэнсавання.

— З гэтым можна пагаджацца ці не пагаджацца, але ёсць меркаванне, што друкаванае слова нараджае вобраз, а візуальнасць — ужо завершаны вобраз, таму адукацыйны эфект друкаванага слова куды больш значны, — падкрэслівае Дзмітрый Губарэвіч. — Як асабіста я бачу будучыню медыяадукацыі ў вышэйшай школе? Па-першае, сярэдняя школа і вышэйшая павінны працаваць у адной звязцы, а выкладчыкі — развіваць тое, што было закладзена ў нашых студэнтаў у школе.

Падчас праведзенага апытання прыкладна трэцяя частка выкладчыкаў з агульнай колькасці заявілі, што медыяадукаванасць не з'яўляецца актуальнай задачай для сучаснай ўніверсітэцкай адукацыі, а астатнія галасы падзяліліся. Прыкладна палова апытаных сказалі, што медыяадукацыя павінна быць элементам у кожным навучальным курсе, інтэгравацца ў яе. А другая палова выказала меркаванне, што медыяадукацыя павінна быць асобным прадметам, таму што ёсць шэраг пытанняў, якія не ўпісваюцца ў змест прадметаў, якія яны выкладаюць. Я таксама думаю, што не ў кожную ўніверсітэцкую дысцыпліну можна інтэграваць медыяадукацыйны аспект, у школе для гэтага значна больш манеўраў. А вось увесці медыяадукацыю за кошт пашырэння для студэнтаў курсаў па выбары можна. Але яшчэ раз падкрэслю, што патрабуюцца даследаванні, якія адлюстроўвалі б беларускую спецыфіку ў развіцці медыяадукаванасці.

Чым раней, тым лепш

Сак­рэ­та­мі ства­рэн­ня ме­ды­яп­ра­дук­таў па­дзя­лі­ла­ся на сва­ім май­стар-кла­се  на­стаў­нік анг­лій­скай мо­вы Ня­свіж­скай гім­на­зіі На­тал­ля Кат­чан­ка.

Украіна ўсвядоміла неабходнасць развіцця медыяадукаванасці намнога раней: праўда, і там ініцыятыва нарадзілася не ў міністэрскіх сценах, а з боку грамадскіх арганізацый. Медыяадукацыя распачыналася ў суседзяў сіламі Акадэміі ўкраінскай прэсы, арганізацыі «ДэтэктарМедыя», ініцыятывы «СтопФэйк» і асобных энтузіястаў. У 2010 годзе была зацверджана Канцэпцыя суправаджэння медыяадукацыі ў школе, а на наступны год ва ўсеўкраінскі эксперымент па медыяадукацыі былі ўцягнутыя ўжо 200 школ.

— Гэта вельмі шмат, улічваючы, што спачатку трэба было падрыхтаваць педагогаў, каб ужо тыя вучылі дзяцей, — тлумачыць загадчыца кафедры методыкі навучання мовам і літаратуры Харкаўскай акадэміі неперарыўнай адукацыі, медыяпедагог, доктар педагагічных навук Галіна ДЗЕГЦЯРОВА. — Акцэнт быў зроблены на дзесяцікласнікаў, якія хутка мусілі выйсці са школы, распачаць дарослае жыццё, стварыць уласныя сем'і. Трэба было навучыць іх абараняць сябе і сваіх дзяцей ад дэструктыўнага ўплыву медыя, паказаць, як з дапамогай медыя можна рэалізаваць сябе і развіць свае творчыя здольнасці.

Па выніках гэтага эксперымента ў 2016 годзе псіхолагамі была распрацавана рамачная праграма, у якой прапісалі, як уплывае медыяадукацыя на вучняў, з якога ўзросту трэба пачынаць вучыць працаваць з навінамі ў СМІ, што павінна ўмець дзіця ў кожным узросце і гэтак далей. Летась у жніўні афіцыйна быў падпісаны загад Міністэрства адукацыі і навукі Украіны, і распачаўся ўсеўкраінскі эксперымент «Стандартызацыя скразной сацыяльна-псіхалагічнай мадэлі масавага ўкаранення медыяадукацыі ў айчынную педагагічную практыку».

Як паказала праведзенае Кіеўскім міжнародным інстытутам сацыялогіі апытанне, 45 % яго ўдзельнікаў лічаць, што курс медыяадукаванасці мусіць быць у школе. Яшчэ 40 % — што гэтым павінна займацца вышэйшая школа.

— Я ўпэўнена, што медыяадукацыі павінны навучаць не толькі будучых педагогаў, а студэнтаў усіх ВНУ, таму што медыяадукаваным павінен быць кожны чалавек, — падкрэслівае Галіна Дзегцярова. — Між іншым, 30 % удзельнікаў апытання ўпэўнены, што павінны арганізоўвацца таксама асветніцкія кампаніі для дарослых, бо многія з іх памылкова лічаць сябе адукаванымі ў гэтай тэме. І толькі 12 % адмаўляюць важнасць медыяадукацыі, кажуць, што ім гэтыя веды непатрэбныя.

На сённяшні дзень медыяадукацыйныя кампетэнцыі прапісаныя ва Украіне на ўзроўні дзяржаўных дакументаў, у тым ліку і ў Канцэпцыі новай украінскай школы, якая ўключае 10 ключавых кампетэнцый. Адна з іх — інфармацыйна-лічбавая, якая мае на ўвазе ўпэўненае і адначасова крытычнае прымяненне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій для стварэння, пошуку, апрацоўкі і абмену інфармацыяй... Літаральна месяц таму быў зацверджаны дзяржаўны стандарт пачатковай адукацыі, які прадугледжвае фарміраванне ў навучэнцаў умення аналізаваць, інтэрпрэтаваць, крытычна ацэньваць інфармацыю ў медыятэкстах і выкарыстоўваць яе, ствараць простыя медыяпрадукты. Пакуль што распрацаваны праграмы для першага і другога класаў. Так, першакласнік павінен успрымаць простыя медыяпрадукты, прымаць удзел у абмеркаванні зместу і формаў медыятэкстаў, выказваць свае думкі і адчуванні. У другім класе вучні павінны разумець, для каго і для чаго быў створаны канкрэтны медыятэкст, тлумачыць вербальныя і невербальныя элементы медыяпрадукту, ствараць простыя медыяпрадукты — фота, калажы, коміксы, улёткі.

Украінскія педагогі пайшлі яшчэ далей — распрацавалі ўжо мадэль медыяпрасторы для дашкольнай установы — дзяцей ва ўзросце ад 4 да 6 гадоў.

Факты і інтэрпрэтацыя

У 2018 годзе беларускія школьнікі ўпершыню прымуць удзел у Міжнароднай праграме па ацэнцы адукацыйных дасягненняў навучэнцаў (РІSА). Гэта адно з самых аўтарытэтных даследаванняў у свеце, якое ацэньвае эфектыўнасць дзеючай сістэмы адукацыі. Кожны раз акцэнты ў даследаванні змяшчаюцца. І калі падчас апошняга маніторынгу ўвага ўдзялялася прыродазнаўча-навуковай адукаванасці, то ў цыкле 2018 года найперш будзе правярацца чытацкая кампетэнцыя. Раней яна звязвалася ў нас пераважна з філалагічнымі навыкамі — уменнем чытаць і інтэрпрэтаваць тэкст, знаходзіць сродкі мастацкай выразнасці і гэтак далей. Але сёння пад ёй разумеецца іншае. Чытацкая кампетэнцыя з'яўляецца базавай, таму што тэксты суправаджаюць нас усюды: электроннае пісьмо, рэклама, інфармацыя на маркіроўцы прадукту, памятка для спажыўца, дагавор з банкам, кантракт — усё гэта тэксты.

— Пошук і выкарыстанне інфармацыі пастаянна прысутнічаюць у нашым жыцці, — тлумачыць намеснік старшыні Таварыства беларускай школы, рэдактар інтэрнэт-партала nаstаunіk.іnfо Тамара МАЦКЕВІЧ. — У даследаванні РІSА выкарыстоўваюцца графікі, дыяграмы, малюнкі, карты, таму што ўменне працаваць з імі лічыцца вельмі важным. І заданні прывязаны да канкрэтных жыццёвых сітуацый. Вучняў могуць папрасіць выбраць самую надзейную крыніцу інфармацыі аб праблеме, прапанаваць ацаніць, ці заснавана апісаная з'ява на фактычных даных, абагульніць і растлумачыць праблему ці сітуацыю, вызначыць у СМІ спосабы перадачы негатыўных стэрэатыпаў ці прыклады паспешных абагульненняў.

15-гадовыя падлеткі павінны ўмець ідэнтыфікаваць розныя зацікаўленыя бакі ў справе, вызначыць, якія выразы ў размове дэманструюць няведанне міжкультурнай камунікацыі, пералічыць магчымыя наступствы прапанаванага рашэння праблемы.

Ад іх патрабуецца як веданне фармальных індыкатараў ацэньвання інтэрнэт-рэсурсаў (уменне ўстанавіць аўтарства, дату публікацыі, URL-адрас, прысутнасць ацэначных меркаванняў, пісьменнасць), так і ўменне адрозніваць факты ад інтэрпрэтацыі, бачыць мэты і матывы аўтара, парушэнне логікі, ведаць тэхнікі маніпуляцыі («схаваную рэкламу», «гульню на эмоцыях» і іншыя).

Тамара Мацкевіч падкрэслівае, што сярод чытацкіх уменняў, узровень якіх правяраецца падчас РІSА, на першым месцы стаіць уменне знайсці інфармацыю, крытычна яе ацаніць і — самае важнае — скласці сваё меркаванне...

Надзея НІКАЛАЕВА

Загаловак у газеце: Праўдзівая... хлусня

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».