Вы тут

Дзе ж тое шчасце падзелася?


У аўторак у свеце адзначаўся Міжнародны дзень шчасця. Звычайна з нагоды пішуць напярэдадні падзеі. Але хто сказаў, што нельга напісаць пасля? Тым больш, што сёлета спаўняецца пяць гадоў, як ААН пастанавіла адзначаць той самы дзень шчасця. Ініцыятарам новага свята выступіла каралеўства Бутан. Гэта такая маленькая горная краіна паміж Індыяй і Кітаем. Там у дамах няма тэлевізараў, на палях вырошчваюць толькі экалагічную прадукцыю. А ва ўрадзе ёсць міністэрства шчасця. І падчас перапісу насельніцтва кожны адказвае на пытанне, ці шчаслівы ён.


Аказваецца, шчасце можна ўвесці ў ранг дзяржаўнай палітыкі і абавязаць людзей законам ці дырэктывай быць шчаслівымі. Нехта скажа: добра ім, будыстам, сядзі на беразе ракі і чакай, пакуль праплыве труп твайго ворага. Мы ж так, каб і хацелі, не пападзём. Нам трэба спачатку стварыць сабе цяжкасці, потым гераічнымі намаганнямі іх пераадольваць, пры гэтым папсаваць нервы сабе і навакольным, пабудаваць не проста праблемы на роўным месцы, абкапаць іх глыбокім ровам і абнесці сцяной, каб было не падступіцца!

У сяброўкі новы начальнік. Праз тыдзень яго работы высветлілася, што ніхто нічога не ўмее, праз месяц стала зусім хоць плач. І галоўнае, што тая непрыкметная кантора, як працавала гадоў 30 альбо 40, так і будзе працаваць далей, а каб яе часам і закрылі, ніхто асабліва не засмуціўся б. Але начальства робіць выгляд, што вяршыць лёсы свету, а людзі вымушаны кожны дзень знаходзіцца ў стане стрэсу. Яна, сяброўка, прыходзіць дахаты штодня і валіцца на канапу. Нешта рабіць, куды ісці проста няма сіл. Вымушаная яе апатыя адбіваецца на маральнай абстаноўцы ў сям'і. Дома таксама здараюцца сваркі, высвятленні адносін накшталт: чаму не ўсміхаешся, чаму на вячэру праз дзень пельмені і інш. У выніку сын-падлетак усё часцей сыходзіць з дому вечарамі. Яна пачынае сябе грызці, што жыве не так. О, гэта наша знакамітае самаедства! Ноччу не высыпаецца, ранкам — на работу, ад якой не чакаеш нічога добрага — замкнёнае кола. І разарваць яго не ў кожнага хапае моцы. Ды калі б ёй нехта адважыўся задаць пытанне пра шчасце, уяўляю, якім бы позіркам узнагародзіла. І выдала б цэлы трактат, наконт таго, чаму мы, беларусы, кожны год здаём некалькі пазіцый у так званым сусветным рэйтынгу шчасця.

Той самы рэйтынг і публікуюць напярэдадні Міжнароднага дня шчасця. Там вельмі складаная сістэма разлікаў па выніках сацыялагічных даследаванняў. Сёлета мы на 67-м месцы, а год таму былі на 61-м. І што цікава, з даследавання вынікае: не ўсё вырашаюць грошы. Ці лепш сказаць, не заўсёды адчуванне камфорту і душэўнага дабрабыту прапарцыянальна рахунку ў банку. Ёсць многа іншых нюансаў.

Пра гэта мне нядаўна расказала і гаспадыня сабачкі ў зялёнай камізэльцы. Пацешны маленечкі сабачка, якога зімой апранаюць на прагулку, згубіўся, а я яго знайшла... Але ўсё па парадку. Даўно звяртала ўвагу на гэту сям'ю, што нядаўна пасялілася ў нас на першым паверсе. Сям'я з двух чалавек: маці і дачка гадоў дзесяці. Яны крыху адрозніваюцца ад іншых жыльцоў пад'езда. Пераехалі сюды гады два, заўсёды з усмешкай, заўсёды вітаюцца, дзверы патрымаюць, — што маці, што дачка. Жанчына маладая, самадастатковая, кватэру купіла, рамонт зрабіла, на машыне возіць дачку ў школу. Прыгожая і вясёлая, чаму ж адна? — так і зрывалася пытанне з языка. Дык вось, калі я выпадкова дапамагла знайсці ім сабачку, які ўцёк ад малой гаспадыні і заблукаў у двары суседняга дома, яны былі вельмі шчаслівыя. Так шчыра запрашалі зайсці... За чаем разгаварыліся з Ірынай. Яна расказала, што была замужам. Жылі, мабыць, як усе, звычайна. Цяжкасці пачаліся, калі муж атрымаў прэстыжную работу і адпаведны даход. «Раней мы прымалі гасцей, хадзілі з сябрамі ў паходы, спявалі каля вогнішча. Марынку пакідалі маме, іншы раз бралі з сабой. Вечарамі ў доме было спакойна і ўтульна. Калі яго кар'ера пайшла ўгару, мы адразу ўзялі крэдыт, сталі будаваць новую двухузроўневую кватэру, ён памяняў машыну на дарагую. Грошай стала не хапаць, ён вінаваціў мяне ў залішніх тратах, пачаліся першыя непаразуменні. Я не заўважыла, як змяніўся склад сяброў. Выявілася, што каб адпавядаць кампаніі, трэба мець не толькі кватэру, але і прыстойнае лецішча для пікнікоў. Я выступіла супраць. Муж перастаў заўважаць сям'ю, потым усё часцей затрымліваўся на рабоце. «Добразычліўцы» сталі скідваць мне здымкі. Я зразумела, што жыццё пайшло пад адхон, вырашыла сысці. Мы падзялілі маёмасць. Маёй долі хапіла на гэту кватэру ў старым доме. Я працую, мы жывём сціпла, але ў нас усё ёсць. Я чалавек пазітыўны, не магу існаваць у атмасферы нервознасці, падазронасці, выдуманых праблем. А багацце, дабрабыт? Лепей менш ды лепш», — сказала яна і зноў засмяялася. Трэба думаць, паніжэнне прыступкі ў рэйтынгу шчасця — гэта дакладна не пра яе.

...Каляжанка вярнулася з паліклінікі і расказвае: «Жах, што робіцца, адна чарга да доктара тых, хто з талонамі, другая — тых, хто з бальнічным, трэцяя — тых, каго накіравалі з кабінета даўрачэбнага агляду, чацвёртая — з другіх участкаў, чые дактары захварэлі». Так што, калі вы не ў той чарзе, і калі вас не прывезлі ў бальніцу па хуткай, не варта з усіх сіл караскацца на ніжэйшую прыступку памянёнага рэйтынгу. Разумныя ж людзі казалі, што шчасце — гэта яшчэ і адсутнасць няшчасцяў.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».