Вы тут

Як адрозніць паліноз ад прастуды


І пазбегнуць непрыемных сезонных праяў.

Разам з першым вясновым сонцам да некаторых з нас прыходзяць і не вельмі прыемныя адчуванні, так званая сезонная алергія, або паліноз.


Яго прычына — у цвіценні раслін. Хтосьці вінаваціць тапаліны пух, хтосьці пылок кветак, але так ці інакш — насмарк, закладзены нос, слёзы з вачэй і іншыя прыкметы недамагання сур'ёзна псуюць настрой і не самым лепшым чынам уплываюць на працаздольнасць і самаадчуванне. Як у поўным узбраенні сустрэць вясну і мінімізаваць праяўленні алергіі?

— Сезонная алергія строга супадае з батанічнымі фазамі, — кажа дацэнт кафедры геранталогіі і герыятрыі з курсам алергалогіі і прафілактыкі БелМАПА, галоўны пазаштатны алерголаг Міністэрства аховы здароўя Таццяна БАРАНОЎСКАЯ. — Першая фаза — гэта канец сакавіка — пачатак красавіка. Другі пік прыходзіцца на красаванне злакаў, трэці наступае ў канцы лета, калі цвітуць палыновыя травы і пустазелле. Хтосьці пакутуе ад цвіцення толькі ўвесну, хтосьці — на працягу ўсяго лета, аж да першых маразоў.

На жаль, не ўсе могуць адрозніць алергічныя праяўленні ад банальнай прастуды і часта спісваюць на апошнюю непрыемныя сімптомы. Ці проста не звяртаюць ніякай увагі на насмарк. На самай справе першы крок да распазнання алергіі трэба зрабіць самому і задумацца: калі прастуда прыходзіць у адзін і той жа час, вясной ці летам, магчыма, так маскіруецца штосьці іншае з падобнымі сімптомамі. Калі недамаганне з'яўляецца раптоўна, без яўнай прычыны, узмацняецца падчас выхаду на вуліцу і асабліва выезду на прыроду, вяртаецца з пэўнай перыядычнасцю, доўга не праходзіць, нягледзячы на супрацьвіруснае лячэнне, хутчэй за ўсё, гэта алергія. І тут важна звярнуцца да алерголага. Ён і толькі ён павінен накіраваць вас на неабходныя абследаванні.

— Мы часта назіраем, што пацыентаў больш турбуе, з-за чаго развілася хвароба, а не як ад яе пазбавіцца, — кажа Таццяна Бараноўская. — Зараз шмат медыцынскіх цэнтраў на платнай аснове прапаноўваюць розныя тэсты. Але сапраўдная каштоўнасць такой дыягностыкі куды ніжэйшая. Сёння вы можаце атрымаць адзін адказ, заўтра — іншы. Кожны арганізм у розны час рэагуе па-свойму, і не ўсялякая рэакцыя азначае наяўнасць хваробы. Таму найперш трэба самім быць уважлівымі да свайго арганізма.

Калі ж вы дакладна ведаеце, што алергія прыходзіць да вас разам з першымі прыкметамі вясны, лепш падрыхтавацца. Гэта захворванне носіць хранічны характар, і пазбавіцца ад яго цалкам не ўдасца. Але ўрачы ўсё ж раяць быць уважлівымі і пры першых прыкметах хваробы пачаць прыём антыгістамінных прэпаратаў. Яны прыглушаюць сімптомы алергіі і валодаюць седатыўным эфектам.

— Калі лячэнне прызначана, важна захоўваць яго рэгулярнасць, — падкрэслівае Таццяна Бараноўская. — Кожны перажыты эпізод выклікае ў арганізме сапраўдную буру, якая можа мець цяжкія наступствы, а хвароба будзе толькі ўзмацняцца. Цярпець нават банальны насмарк не трэба. Пры больш сур'ёзных праявах можна выкарыстоўваць гарманальныя спрэі для носа, інгаляцыі, але толькі ў тым выпадку, калі іх прызначыў урач. Правільна прызначанае лячэнне будзе стрымліваць развіццё хваробы.

Існуе і спецыфічная імунатэрапія. Яе сутнасць заключаецца ў тым, што пасля дыягностыкі і выяўлення алергіі пацыенту прызначаюць дазіраваны прыём тых рэчываў, якія яе правакуюць. Дозы паступова павялічваюць. І вось пасля поўнага курса вакцынацыі, сустракаючыся з алергенам у звычайным жыцці, арганізм на яго папросту не рэагуе. Звычайна працягласць такой тэрапіі складае ад трох да пяці гадоў. А перыяд рэмісіі доўжыцца да васьмі гадоў.

— Раней такую вакцынацыю выконвалі толькі падскурна і не ў сезон цвіцення, — расказвае загадчык алергічнага аддзялення 4-й дзіцячай клінічнай бальніцы, галоўны няштатны дзіцячы алерголаг Міністэрства аховы здароўя Дзмітрый Буза. — Цяпер з'явілася альтэрнатыва ў выглядзе таблетак і кропель, а вакцына можа прызначацца не толькі да пачатку сезону цвіцення, але і падчас яго. У адрозненне ад сімптаматычнага метаду лячэння, які толькі пазбаўляе ад знешніх праяў алергіі, алерген-спецыфічная імунатэрапія дазваляе перабудаваць работу імуннай сістэмы. Паводле статыстыкі, эфектыўнасць такога метаду складае каля 80 %. Гэта і паляпшэнне якасці жыцця, і алергія не пераходзіць у больш цяжкія формы.

Праўда, прызначыць алергавакцынацыю можа толькі спецыяліст, ацаніўшы неабходнасць яе прымянення, паколькі гэты метад мае шэраг супрацьпаказанняў. І праводзіцца яна толькі здароваму чалавеку. У перыяд абвастрэння алергіі ці падчас прастуды такі метад лячэння выкарыстоўваць нельга.

А вось некалькі правілаў, прытрымлівацца якіх абавязкова павінны тыя, хто мае алергію. Па-першае, часцей умывацца. Па-другое, часта мяняць адзенне, бо на ім асядаюць алергены, якія, адпаведна, падтрымліваюць праяўленне сімптомаў. Можна выкарыстоўваць хатнія фільтры, якія ачышчаюць паветра ад мікрачасцінак пылку. Насіць акуляры, якія прыкрываюць слізістую вачэй.

Як адзначыў Дзмітрый Буза, прафілактыку алергічных захворванняў у дзяцей трэба праводзіць яшчэ з перыяду цяжарнасці маці. Спецыялісты павінны высвятляць, ці пакутуюць на алергіі блізкія дзіцяці, а цяжарная жанчына займацца прафілактыкай — выключыць курэнне, у тым ліку і пасіўнае, кантакт з пылам, шэрсцю хатніх жывёл, прадукты ў вялікай колькасці, якія могуць выклікаць алергію.

Найбольш распаўсюджаным алергічным захворваннем з'яўляецца алергічны рыніт. На яго пакутуе 15—20 % насельніцтва. Яго сімптомы мы адчуваем, напрыклад, падчас прыборкі, але вельмі нямногія звяртаюцца да ўрача. У дзіцячым узросце з алергічным рынітам на ўліку ў медыкаў знаходзіцца 1-2 % малых. Больш грознае алергічнае захворванне — бранхіяльная астма, і дзяцей з любымі формамі такой хваробы абавязкова бяруць на ўлік. У Мінску каля 1,5 % дзяцей маюць гэта дыягназ, у рэспубліцы — каля 1 %. У нашых суседзяў, дарэчы, гэтыя лічбы большыя — каля 5-10 %.

Яшчэ адно алергічнае захворванне — атапічны дэрматыт, найчасцей сустракаецца ў дзяцей. Яго агульная распаўсюджанасць невялікая — усяго 1,5-2 %. А вось у дзяцей у першыя тры гады жыцця яно сустракаецца ў 30—40 %. І тут ўрачы раяць бацькам не настойліва шукаць алерген, а наладзіць правільны догляд скуры. Часцей за ўсё, з узростам атапічны дэрматыт знікае.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Вясна ідзе, а з ёю — алергія

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».