Вы тут

Паводка можа закрануць 101 населены пункт Гомельскай вобласці


Выключэннем стануць рэкі басейна Прыпяці і Дняпра. Старшыня абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Сушчэвіч паведаміў, што ў паўднёва-ўсходнім рэгіёне краіны актывізавана работа па папярэджванні магчымага негатыўнага ўплыву некаторых аб'ектаў на наваколле.


— Камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя займаецца сістэмным маніторынгам стану водаахоўных і водагаспадарчых аб'ектаў. Цяпер праводзіцца комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на тое, каб не дапусціць пападання ў рэкі ўгнаенняў, ядахімікатаў, сцёкаў з ачышчальных збудаванняў, фермаў, месцаў пахавання адходаў... У полі зроку не толькі водаахоўныя зоны. Такая работа праводзіцца паўсюдна. Дарэчы, у Гомельскай вобласці дзейнічае гарачая лінія (тэлефон 8 (0232) 23-24-89), на якую можна паведаміць пра факты ці пра патэнцыйную пагрозу забруджвання водных аб'ектаў, пашкоджанні гідратэхнічных збудаванняў, парушэнні ў водаахоўных зонах.

Між тым аналіз гідраметэаралагічных умоў у басейнах рэк рэгіёна і зроблены Белгідраметам разлік максімальных узроўняў вады ў перыяд паводкі паказваюць, што на большасці рэк вобласці паводка будзе блізкай да сярэдніх шматгадовых значэнняў. А на рэках басейна Прыпяці і ў ніжнім цячэнні Дняпра максімальныя ўзроўні вады перавысяць сярэднія шматгадовыя значэнні. Па прагнозах, на асобных участках рэк у басейнах Дняпра, Сожа і Прыпяці будуць перавышаны небяспечна высокія ўзроўні, пры якіх раней адзначалася затапленне прыбярэжных тэрыторый.

Запасы вады ў снежнай паласе па басейнах рэк размеркаваліся наступным чынам: на Дняпры — ад 46 мм да 112 мм, што больш за норму на 10—40 %. На Бярэзіне — ад 56 мм да 96 мм, перавышэнне нормы складае 30—50 %. На Сожы — ад 46 мм да 151 мм — на 50—70 % вышэй за норму. Зараз на большасці рэк назіраецца ледастаў з палонкамі, некаторыя прытокі Прыпяці цалкам ачысціліся ад лёду. Глыбіня прамярзання глебы на тэрыторыі Гомельскай вобласці складае ад 4 см да 20 см.

— Па прагнозах, у вобласці верагодныя падтапленні ў 16 раёнах, паводка можа закрануць 101 населены пункт, 29 садовых таварыстваў, — адзначыў начальнік аддзела арганізацыйнага забеспячэння Дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый і грамадзянскай абароны абласнога ўпраўлення МНС Уладзімір Грыцанок. — На Гомельшчыне для эвакуацыі людзей на выпадак паводкі вызначаны амаль 90 месцаў размяшчэння. У першую чаргу гэта гасцініцы. Акрамя таго, дадатковы рэзерв ложкаў для адзінокіх, састарэлых людзей, іншых катэгорый грамадзян створаны і ва ўстановах аховы здароўя.

Напрыклад, у Петрыкаве змогуць дадаткова прыняць 80 чалавек, у Жыткавічах — каля 300. Яшчэ каля 150 ложка-месцаў уведзена ва ўстановах сацыяльнай абароны. Супрацоўнікі органаў унутраных спраў будуць кругласутачна несці службу ў месцах часовага адсялення людзей і ў месцах падтаплення, каб забяспечыць ахову грамадскага парадку, асабістую бяспеку грамадзян, а таксама прадухіліць крадзяжы, — падкрэслівае намеснік начальніка УУС Гомельскага аблвыканкама Анатоль Васільеў.

— На дарожных участках, дзе могуць быць падтапленні, дарожнымі службамі, Дзяржаўтаінспекцыяй распрацаваны схемы змены арганізацыі руху. Усяго на тэрыторыі вобласці 37 такіх участкаў.

Гандлёвымі прадпрыемствамі ў зону патэнцыйнага падтаплення забяспечаны датэрміновы завоз сацыяльна значных груп тавараў. Да таго ж на базе падраздзяленняў МНС створаны чатыры зборныя атрады для правядзення першачарговых аварыйна-выратавальных работ у перыяд паводкі. Сфарміраваны рэзерв паліва.

Дарэчы, зараз становішча, звязанае з вясновай паводкай, спакойнае. Пакуль яна не ўнесла сур'ёзных карэктыў у пытанні жыццезабеспячэння. На Гомельшчыне застаецца падтопленым адзін участак аўтамабільнай дарогі Лучыцы—Хвойня каля вёскі Хвойня ў Петрыкаўскім раёне.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?