Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» падводзім вынікі Параалімпіяды-2018 і расказваем пра чарговыя этапы Кубка свету па біятлоне і канькабежным спорце.


1. У Пхёнчхане завяршыліся зімовыя Параалімпійскія гульні, у нядзелю на Алімпійскім стадыёне адбылася цырымонія закрыцця. Пасля маляўнічага шоу і парада атлетаў прайшла перадача сцяга Гульняў наступнай сталіцы Параалімпіяды. Мэр Пхёнчхана ўручыў сцяг прэзідэнту Міжнароднага параалімпійскага камітэта Эндру Парсансу, які, у сваю чаргу, перадаў яго мэру Пекіна (сталіца Кітая стане наступнай краінай-гаспадыняй зімовых Алімпійскіх і Параалімпійскіх гульняў).

На ХІІ зімовай Параалімпіядзе зборная Беларусі заваявала 12 узнагарод (чатыры залатыя, чатыры сярэбраныя і чатыры бронзавыя). Мінулыя Гульні сталі самымі паспяховымі для беларускіх атлетаў. Шэф беларускай місіі на Параалімпійскіх гульнях, генеральны сакратар Параалімпійскага камітэта Беларусі Мікалай Шудзейка адзначыў, што на такую колькасць медалёў ніхто не разлічваў. «Нашы спартсмены парадавалі. Перад зімовымі Гульнямі зборная Беларусі абнавілася, з'явіліся маладыя параалімпійцы, здольныя канкураваць з лідарамі ў лыжных гонках і біятлоне. Прызнаюся, мы не разлічвалі на 12 медалёў, канкурэнцыя сярод атлетаў у свеце высокая. У першую чаргу спадзяваліся на лыжныя гонкі, а ў біятлоне беларусы прыемна здзівілі. Юра Голуб і Святлана Саханенка не так даўно займаюцца гэтым відам спорту, але праявілі сябе з найлепшага боку. Несумненна, зімовыя Гульні ў Пхёнчхане сталі самымі паспяховымі для беларускіх параалімпійцаў».


2. Дар'я Домрачава выйграла гонку праследавання на восьмым этапе Кубка свету па біятлоне ў нарвежскім Халменколене. Падчас праходжання дыстанцыі яна дапусціла два промахі, але паказала добры ход на лыжні, што дапамагло беларусцы стаць найлепшай. Нагадаем, раней на гэтым этапе Домрачава была другой у спрынце.

У гонцы праследавання прыняла ўдзел яшчэ адна беларуская біятланістка Надзея Скардзіна, якая заняла 12-е месца.

У агульным заліку Кубка свету Дар'я Домрачава займае трэцяе месца. Заключны дзявяты этап пройдзе з 22 да 25 сакавіка.


3. Фінальны этап Кубка свету па канькабежным спорце завяршыўся напярэдадні ў Мінску. Нарвежскі канькабежац Ховард Ларэнтцэн заняў першае месца ў агульным заліку Кубка свету сезона — 2017/2018, у жанчын перамогу атрымала Міха Такагі з Японіі.

Беларуска Марына Зуева дзякуючы паспяховаму выступленню на дамашнім этапе Кубка свету (заняла другое месца ў бегу на дыстанцыі 3000 м і набрала 180 ачкоў) паднялася на 25-е месца агульнага заліку.

Нагадаем, на этапе Кубка свету ў Мінску прыняло ўдзел больш за 80 спартсменаў з 16 краін, сярод якіх дзеючыя пераможцы і прызёры чэмпіянату свету і Алімпіяды 2018 года. Адзначым, што канькабежны стадыён «Мінск-Арэны» з 21 да 25 сакавіка прыме ІV чэмпіянат свету па гэтым відзе спорту сярод студэнтаў.


4. Гандбалісты мінскага СКА двойчы абыгралі латвійскі «Добеле» і выйшлі ў «Фінал чатырох» Балтыйскай лігі. Акрамя армейцаў барацьбу за ўзнагароды павядзе пераможца двух папярэдніх турніраў фінскі «Рыіхімякі», украінскі ЗТР з Запарожжа і эстонская «Пыльва». «Фінал чатырох» пройдзе 14—15 красавіка, месца правядзення вызначыцца пазней (упершыню ім можа стаць і Мінск).

Нагадаем, СКА тройчы запар станавіўся пераможцам «Балтыйскай лігі» (2013, 2014, 2015), у мінулым сезоне армейцы занялі 3-е месца.


5. Сталі вядомы ўсе паўфіналісты розыгрышу Кубка Беларусі па футболе. Імі сталі барысаўскі БАТЭ, брэсцкае «Дынама», магілёўскі «Днепр» і гродзенскі «Нёман».


6. Чатыры беларускія тэнісісткі прымуць удзел у турніры катэгорыі «Прэм'ер» у амерыканскім Маямі з прызавым фондам 7,9 млн долараў. У асноўнай сетцы Вікторыя Азаранка сустрэнецца з амерыканкай Кэтрын Бэліс, Арына Сабаленка згуляе з яшчэ адной амерыканскай тэнісісткай — Мэдысан Брэнгл, Аляксандра Сасновіч будзе сапернічаць з чэшкай Крысцінай Плішкавай. Вера Лапко пачне сваё выступленне з кваліфікацыі.

Матчы асноўнага этапу пачнуцца 21 сакавіка, а пераможца вызначыцца 1 красавіка.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: Рэкордны Пхёнчхан

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.