Вы тут

Чаму настаўнікі любяць Льва Талстога больш, чым сваіх вучняў


Як пабудаваць эфектыўную сістэму адукацыі? У чым асноўная праблема сучаснай школы? Ці можна вучыць дзяцей для задавальнення, а не для атрымання адзнакі? Наколькі апраўдана вывучаць асобныя прадметы, калі ў жыцці патрабуюцца агульныя міжпрадметныя ўменні і навыкі? Ці мае настаўнік права на пымылку? У чым увогуле заключаецца місія сучаснага педагога? Гэтыя і многія іншыя пытанні аказаліся ў цэнтры ўвагі першага міжнароднага адукацыйнага форуму "ПраШколу:ТакМожна!". Яго спікерамі сталі эксперты і практыкі ў сферы школьнай адукацыі з пяці краін: Беларусі, Эстоніі, Расіі, Швецыі і Украіны. Цікавасць да мерапрыемства з боку педагогаў і бацькоўскай грамадскасці аказалася настолькі высокай, што зала не змагла змясціць усіх ахвотных, таму арганізатары прадугледзелі анлайн-трансляцыю на партале Ребенок.BY


Фота: shkola-novosel.ru

Аўтаномія настаўнікаў

— Мы не можам здзяйсняць у школе цуды, але рабіць яе лепшай штодня ў нашых сілах, — упэўнена Лайнэ Белавас, заснавальнік і дырэктар Nоаrооtsі Gumnааsіum, адной з самых вядомых устаноў адукацыі ў Эстоніі (узначальвае яе ўжо 30 гадоў), ментар кіраўнікоў у сферы адукацыі. — Кажуць, што эстонцы не вельмі рэлігійныя людзі, але мы верым у нашу адукацыю!

Трэба заўважыць, што па выніках апошняга даследавання, праведзенага ў рамках Міжнароднай праграмы па ацэнцы адукацыйных дасягненняў вучняў (РІSА), Эстонія ўвайшла ў тройку лідараў у свеце, а ў Еўропе яна займае першую пазіцыю. Пры гэтым у школах ніхто асобна да тэсціравання РІSА не рыхтуецца. Ідзе звычайны штодзённы навучальны працэс. "Адукацыя — гэта не толькі тэсты, а РІSА — не самае галоўнае", — падкрэслівае дырэктар гімназіі.

Дарэчы, эстонскія вучні паказалі самы высокі вынік у Еўропе па вырашэнні праблем у групах і апынуліся на шостым месцы ў сусветным рэйтынгу РІSА па гэтым паказчыку. "Навошта прыходзіць у школу, каб у адзіночку вырашаць задачы, гэта можна зрабіць і дома, — разважае Лайнэ Белавас. — А на ўроках абавязкова павінна прысутнічаць сумесная работа, адпрацоўка ўмення вырашаць нейкую праблему ў камандзе".

Калі ў Эстоніі дваццаць гадоў таму вырашылі зрабіць стаўку на адукацыю, то ў аснову рэфармавання сваёй школы паклалі вопыт фінаў. А сёння "вучні" ўжо нават пераўзышлі сваіх "настаўнікаў" — абышлі Фінляндыю ў міжнародным рэйтынгу паспяховасці 15-гадовых падлеткаў.

— Першае, што мы пазычылі ў фінскіх калег, гэта аўтаномія школ і свабода настаўнікаў, — канстатуе Лайнэ. — Міністэрства адукацыі давярае дырэктару, а дырэктар давярае настаўнікам. Педагогаў не кантралююць, а падтрымліваюць. План урока настаўнік піша для сябе: дырэктар ніколі не правярае яго наяўнасць ці адсутнасць. Галоўнае — каб урок прайшоў паспяхова. За трыццаць гадоў свайго дырэктарства я наведала толькі некалькі ўрокаў сваіх настаўнікаў. Кожны год мы праводзім у школе ананімнае апытанне, каб высветліць у вучняў, іх бацькоў і педагогаў усе "плюсы" і "мінусы": што ў нашай гімназіі добра, а над чым яшчэ трэба працаваць. А потым разам абмяркоўваем, што можна зрабіць.

Настаўнікі абапіраюцца на дзяржаўную вучэбную праграму, але самі вырашаюць, што, з дапамогай якіх метадаў і па якіх падручніках яны будуць выкладаць, карэктуюць праграму пад патрэбы сваіх вучняў і ўласнае бачанне прадмета, таму крэатыўнасць вельмі высокая. Ад настаўніка не патрабуюць планаў і справаздач: уся патрэбная інфармацыя змяшчаецца ў электронных дзённіках.

Лайнэ перакананая, што права на памылку ёсць ва ўсіх: у вучняў, настаўнікаў і дырэктара. Без памылак не атрымаецца ўкараняць новыя метады і спосабы работы, немагчыма эксперыментаваць.

Вучань можа спрачацца і не пагаджацца з настаўнікам, можа выказаць пажаданні па змесце прадмета, які вывучае, — і ён будзе пачуты. Вельмі важны момант — магчымасць выбару. Колькасць абавязковых курсаў для гімназістаў за апошнія гады зменшылася з 96 да 64. З асноўных прадметаў — мовы, матэматыка, фізіка, хімія, геаграфія, біялогія... Астатняе вучні і школы выбіраюць самі. Напрыклад, можна вывучаць рэлігію свету, псіхалогію, эканоміку, французскую, рускую мовы і іншыя дысцыпліны.

У апошні тыдзень навучальнага года гімназісты маюць магчымасць адправіцца ў іншую гімназію ў іншы рэгіён, каб праслухаць курс, які прапануецца там: выбар надзвычай шырокі — 80 курсаў. Адбываецца абмен гімназістамі. Трэба заўважыць, што гімназія — гэта старшая ступень агульнай сярэдняй адукацыі ў Эстоніі (10—12 класы).

Камфортнае асяроддзе для ўсіх

Канікулы цягам года размяркоўваюцца так, каб дзеці не паспявалі стаміцца: тыдзень — у кастрычніку, два тыдні — на Каляды, затым тыдзень у лютым і ў красавіку. Старэйшыя школьнікі заканчваюць вучобу ў сярэдзіне чэрвеня, малодшыя — у канцы мая і да 1 верасня ўсе адпачываюць.

У Nоаrооtsі Gumnааsіum дзейнічае некалькі простых, але важных правілаў: у школе павінна быць добра ўсім — і тым, хто вучыцца, і тым, хто там працуе. Вучань і настаўнік з'яўляюцца партнёрамі. "Нашы выхаванцы настолькі прызвычаіліся да бясплатнага Wі-Fі ў гімназіях і школах, што ўспрымаюць яго ўжо як свае грамадзянскія правы", — жартуе дырэктар.

Сярод забарон, якія распаўсюджваюцца на вучняў, — пропуск урокаў, ужыванне алкаголю і наркотыкаў. Нельга таксама знаходзіцца на вуліцы пасля 23 гадзін, хадзіць па школе ў вулічным абутку і быць няветлівым.

"А ці дзейнічаюць нейкія патрабаванні да вонкавага выгляду вучня і ці існуе дрэс-код для настаўнікаў?" — пацікавіліся беларускія педагогі. "Прыйсці ў брудным адзенні ў школу будзе няветліва, а ва ўсіх астатніх выпадках — якая розніца, якога колеру "дрэс-код"? Усе кіруюцца правіламі агульнай культуры", — адказала дырэктар.

І ўсё ж такі няўжо ў эстонскай школе зусім няма праблем?

— У адрозненне ад Фінляндыі, дзе статус настаўніка вельмі высокі, заробкі педагогаў перавышаюць сярэдні па краіне і ў прафесію ідуць найлепшыя выпускнікі, у нас сітуацыя іншая, — прызналася Лайнэ Белавас. — Сярэдні ўзрост настаўнікаў у Эстоніі — 48 гадоў. І якім будзе вынік эстонскіх школьнікаў на РІSА яшчэ праз дзесяць гадоў, я, шчыра кажучы, не ведаю. Але ўпэўнена, што галоўны складнік паспяховай школы — гэта настаўнік, які не толькі добра ведае сваю дысцыпліну, але і можа перадаць каштоўныя веды дзецям. Мы зараз думаем над тым, як максімальна звязаць школьныя прадметы з рэальным жыццём і матываваць дзяцей на вучобу.

Захраслі ў мінулым

— Матывацыя — складаная штука. Як працаваць, калі ў цябе не атрымліваецца? Што рабіць, калі не хочацца садзіцца за ўрокі? Як сабе дапамагчы? Гэта больш важныя пытанні, чым колькі будзе 2 + 2, — упэўнена вядомы расійскі псіхолаг і публіцыст, аўтар шматлікіх кніг, лаўрэат прэміі прэзідэнта Расійскай Федэрацыі ў галіне адукацыі Людміла ПЕТРАНОЎСКАЯ. — Дзеці павінны хацець вучыцца, але ўсе ўпэўнены, што гэта нешта нерэальнае. Чамусьці лічыцца, што матывацыя можа фарміравацца толькі праз пачуццё абавязку. Проста нейкая агульная змова хлусні. Настаўніца піша бацькам: "Дзіця не працуе на ўроку, прыміце меры!" Тыя прачыталі, але што яны павінны зрабіць? Ёсць ідэі? Асабліва мне падабаецца варыянт "пагутарыце з ім". Што б рабіла мама, калі б ёй не сказалі пра гэта? Падобная думка, напэўна, ніколі яе не наведвала, цяпер, на шчасце, ёй падказалі "выйсце", і зараз усё будзе добра. Гэта хлусня, калі ўсе робяць выгляд, што вырашаюць праблему. Маму выклікаюць у школу, просяць пагутарыць, яна кажа, што дзіця ківае, але нічога не змяняецца.

Праблема яшчэ і ў тым, што для таго, каб навучыць дзіця быць гаспадаром самому сабе, ставіць мэты, улічваць свае памылкі, працаваць над матывацыяй, настаўнік павінен умець рабіць гэта сам. А вось з гэтым бяда... Шведскія калегі расказваюць, што ў іх стаіць задача — сумясціць веды і дэмакратыю, а расійская школа спрабуе вырашыць іншую задачу — як зрабіць выгляд, што мы даём веды, прычым каб у дзяцей нават не зарадзілася думкі аб дэмакратыі. Складана, таму што дзеці толькі пра гэта і думаюць, яны хочуць свабоды, змяненняў, справядлівасці, у іх узнікаюць шматлікія пытанні.

Людміла Петраноўская заўважае, што мы жывём ужо не ў час навукова-тэхнічнай рэвалюцыі, а ў час навукова-тэхнічнага выбуху. І наша школа — гэта вялікі анахранізм у сучасным свеце. Нейкі выпадкова ацалелы мастадонт, які ходзіць па вуліцах і ўхіляецца ад Tеslа. Школа — тая, што ёсць цяпер, была створана для эпохі індустрыялізацыі, дзе поспех залежаў ад таго, наколькі зладжана будзе працаваць велізарная сістэма з вялікай колькасцю як металічных, так і чалавечых вінцікаў. Наколькі дакладна яны будуць выконваць прадпісаныя ім алгарытмы.

І тады школа бліскуча спраўлялася з гэтай задачай, яна добра рыхтавала навукова-тэхнічныя кадры для індустрыялізацыі, рабочых — для канвеера. Але свет змяніўся. І як ні дзіўна, у менш выгаднай сітуацыі аказаліся тыя краіны і сістэмы адукацыі, у якіх былі заслугі. Рэфармаваць сістэму адукацыі маленькай і кампактнай Эстоніі — складаная, але вырашальная задача. А вось зрабіць гэта ў Расіі ці Германіі няпроста. Заслужаныя педагогі кажуць: "Мы ўсё жыццё рабілі так, і ўсё ў нас атрымлівалася. Дык навошта цяпер па-іншаму?" І бацькі іх падтрымліваюць: "Зрабіце, як было раней. З нас людзей выхавалі, зрабіце тое ж і з нашымі дзецьмі!"

"Сасуды" для ведаў

— Задача стаіць глабальная. Хопіць выкарыстоўваць дзяцей для таго, каб укладваць у іх веды, трэба, нарэшце, пачаць іх вучыць, — канстатуе Людміла Петраноўская. — Як пабудавана індустрыяльная школа? Мы бяром масіў ведаў (Леў Талстой, інтэгралы, малекулы бензолу) і пераносім яго, перасаджваем у галовы наступнага пакалення. І якая роля ва ўсім гэтым адводзіцца дзіцяці? Яно ўсяго толькі сродак, "пасудзіна" для таго, каб наш Леў Талстой не выветрыўся. Ёсць такія настаўнікі, якія вельмі любяць літаратуру і Льва Талстога, яны ўсё пра яго ведаюць і разумеюць. Праблема ў тым, што яны любяць Льва Талстога больш, чым дзяцей. І крыўдзяцца на вучняў за тое, што тыя не любяць яго гэтаксама, як яны.

Дзеці адчуваюць, што не яны галоўныя, што школа не для іх, яны толькі сродак. А дзіця хоча, каб з ім размаўлялі, каб настаўнік хадзіў у школу для яго, каб пагаварыць з ім пра яго, каб дзіця магло рэалізаваць свой патэнцыял. Яму нецікава быць сродкам для добрых паказчыкаў школы пры здачы экзаменаў.

— Канцэпцыя індустрыяльнай школы — вучыць усіх і ўсяму аднолькава — не ў інтарэсах дзіцяці. Мы набіваем галовы вучняў нейкім хаосам і не даём прайсці свой шлях, адчуць, на што адгукаецца іх сэрца, у чым заключаецца іх місія. Таму што ўсё патанае ў велізарнай колькасці неасэнсаванага і незразумелага. Калі казаць пра змест, пра sосіаl skіlls (развіццё сацыяльных навыкаў), то з гэтым таксама бяда, — падкрэслівае псіхолаг. — У нас уся адукацыя пабудавана вертыкальна, ніякая дзейнасць у камандзе не прадугледжаная. Калі дзеці пачынаюць перашэптвацца, то адразу ж гучыць: "Не глядзі, не гавары, не спісвай". Якая праца ў камандзе? Толькі калі гэта імітацыя на адкрытым уроку перад камісіяй, дзе мы паказваем элементы гульні. У рэальнасці дзецям не дазволена працаваць разам над чымсьці сур'ёзным. Усё ўзаемадзеянне адбываецца толькі вертыкальна — праз настаўніка.

Жывы арганізм

Школа пастаянна параўноўвае дзяцей з нейкім стандартам. Памятаеце, у парках раней была забава: выразалі з фанеры сілуэт дзяўчыны і прапаноўвалі параўнаць, чыя фігура найлепш супадзе. Так і з дзіцем, якому настаўнік кажа: "Тут ты недацягнуў, тут у цябе не атрымалася..." І ўсе памылкі трактуюцца адназначна як яго віна, а не як магчымасць для развіцця, што істотна стрымлівае рост. Калі чалавек не памыляецца, значыць, ён робіць тое, што ўжо ўмее. Значыць, ён у гэты момант не вучыцца. Стаўленне да памылкі — адна з вялікіх праблем нашай школы. Чамусьці лічыцца, што найлепшы спосаб прымусіць дзіця вучыцца — зрабіць так, каб яно пачало ад страху заікацца. Але ні дзіця, ні нават дарослы чалавек не могуць навучацца ў стане стрэсу. Гэта фізіялогія...

Сёння трэба адыходзіць ад стандартызацыі, ад таго, што ўсе дзеці павінны "роўненька сядзець за партамі". Гэта поўны пераварот у галовах і велізарныя матэрыяльныя рэсурсы, неабходныя для ўвасаблення такой сістэмы ў рэчаіснасць. Але тыя краіны, якія ўкладуць сродкі ў падобнае навучанне, будуць далёка наперадзе. Кожнае дзесяцігоддзе разрыў паміж рэфармаванымі і нерэфармаванымі сістэмамі адукацыі будзе расці. А пакуль замест рэформы мы назіраем рабізну з нейкіх фармальных і хаатычных змяненняў, самым разумным было б, каб чыноўнікі прыбралі рукі ад школ і далі магчымасць ім самім развівацца. Школа — гэта жывы арганізм, які самастойна зможа адаптавацца пад патрэбы вучняў і часу...

Людміла Петраноўская канстатуе, што работа педагога сёння недастаткова ўсведамляецца як гуманітарная дзейнасць, не бярэцца пад увагу, што дзеці — таксама людзі. Ва ўніверсітэтах студэнты вывучаюць біяграфіі славутых педагогаў, але ім не расказваюць, што рабіць, калі вучань залез пад парту і там кукарэкае.

— Знайсці свайго настаўніка — вялікая ўдача. Калі вам пашанцавала, то трымайцеся за яго мёртвай хваткай, беражыце, абараняйце ад адміністрацыі, бо такія педагогі заўсёды знаходзяцца пад пастаянным ціскам, — параіла Людміла Петраноўская бацькам. — Ён пастаянна павінен адчуваць вашу падтрымку.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».