Вы тут

Уладзімір Пернікаў. Жыццёвінкі


Юрка — будучы настаўнік

У гэту вёску, што раскінулася паўкругам на высокім беразе Сожа, Юрку прывезлі з горада на цэлыя летнія канікулы яго бацькі-інжынеры. Яны хацелі, каб ён тут, на свежым паветры, на малачку-тваражку сіл набіраўся і жыццё спазнаваў. Бо спадзяваліся, што пасля школы ён вывучыцца на настаўніка, якому, мабыць, давядзецца працаваць, калі хочаш, на сяле. Таму няхай змалку прывыкае да ўсяго. А гэта, як выявілася пасля, было для яго цэлай праблемай.

Узяць, напрыклад, самае простае. Калі карова Зорка пасля вяртання з пашы на двары ў цёткі Манькі (сястры Юркавага бацькі) зарыкае громка — маўляў, даіць пара! — дык трынаццацігадовы хлапец вушы затыкае і дрыжыць ад страху: ці не пойдзе яна на яго ў атаку? А калі гусак тут жа, на двары, злосна засіпіць ды ўчэпіцца ў яго штаніну (а такое было неаднойчы) дык ён так верашчаў, што можна было падумаць: яго рэжуць.

Гэтыя і іншыя слабінкі ў паводзінах Юркі добра вывучылі яго стрыечны брат Мішка (сын цёткі Манькі) са сваім дружбаком Лёнькам. Яны, аторвы, рознымі шляхамі стараліся вытравіць з яго тыя слабінкі, выхаваць адвагу. Паймаюць на лузе вужаку, пакладуць яго сабе ў картуз ці кішэню і ходзяць, скаляць зубы. Паўтарыць «эксперымент» Юрку запрашаюць. Таго ж ліхаманіць ад убачанага. Ні ў дугу не хоча пасмялець. Наступная спроба прыдаць Юрку храбрасці ў Мішкі і Лёнькі заключалася ў тым, каб ноччу залезці з ім у калгасны сад. Прапанова Юрку спадабалася. Хлопцы набралі яблык пад самую завязку і толькі злезлі з дрэва, як метраў за дваццаць раскацісты стрэл грымнуў. Мішка з Лёнькам, высыпаўшы яблыкі з запазухі, куляй паляцелі з саду, а Юрка на карачках з цяжкім грузам папоўз прэч. Да цёткі Манькі прыплёўся ён у мокрых штанах, якія давялося самому мыць.

Пасля гэтага Юрка сказаў: ні на якія падобныя штучкі яго ніхто не ўгаворыць. Хіба толькі на рыбалку ён схадзіць згодзіцца. Сябрукі на ўра прапанову яго прынялі. Падумалі: калі сам ініцыятыву праяўляць стаў, значыць, намаганні іхнія не марныя, плён даюць. Сваім чалавекам у вёсцы Юрка становіцца. І, узброіўшы яго таптухай, да Нямышша павялі. Азярынка гэта такая. Балацянка. Невялічкая, у скразным акаймленні лазняку. Уся ў расцы. Карасёў там чырвона-залацістых спрадвеку процьма. З лапаць кожны. Нібы сонцам ззяюць, калі выцягнеш з вады.

Лёнька застаўся на беражку, а Мішка і Юрка рыбачыць пайшлі. Карасі ішлі цугам. Не лапці, праўда, а ўсё роўна, ладныя. З далонь. І ўсё ішло добра, пакуль вада не ўскаламуцілася і ў таптуху пачвары нейкія трапляць сталі. Вузкія, сантыметраў па дваццаць, з агіднай галавой, з чатырма ножкамі-лапамі і доўгім, не рыбіным, хвастом.

Юрка натапырыўся: брыдота нейкая. Уся чорна-жоўтая. Змяюка, няйначай. Яшчэ ўкусіць. А Мішка рагоча: «Трытон гэта. Вазьмі рукой яго, не бойся». Слухаць брата далей Юрка не стаў. На ўсякі пажарны выпадак шмаргануў з балацянкі, садраў з сябе штаны, сушыць іх пачаў. А на нагах, зірнуў, чатыры чорныя тлустыя «вяроўчынкі». «П'яўкі конскія, — сказаў Лёнька. — Кроў дурную высмоктваюць», — растлумачыў далей. Юрка па траве качацца пачаў, каб выслабаніцца ад крывасмокаў. Ды без толку. Лёнька ж самы апрабаваны варыянт прымяніў. Калі са свайго ўласнага «чайнічка» на тыя юркавы п'яўкі салянаватай «вадзічкай» лінуў, дык тыя ўраз і адпалі.

У тое лета шмат новага і карыснага спазнаў у вёсцы гараджанін Юрка. Тое ж было і ў наступныя, да самага заканчэння школы, летнія канікулы. Сам адчуў: смялейшым ва ўсім стаў, больш дасведчаным. І ў гэтым, па праве лічыў ён, была вялікая заслуга Мішкі і Лёнькі.

Праз некалькі гадоў Юрый Канстанцінавіч пачаў працаваць настаўнікам біялогіі ў той вясковай школе, у якой і быў прызначаны дырэктарам. А Міхаіл Пятровіч і Леанід Паўлавіч сталі лётчыкамі грамадзянскай авіяцыі.

Зараз усе яны на заслужаным адпачынку.


Здраднікам літасці не было

З Уладзімірам Апанасавічам Шкабарыным мне даводзіцца сустракацца нярэдка. Яшчэ б! Суседзі. То ўбачу яго на вуліцы, то ў краме, то на Цэнтральным рынку, а то і да сябе ён запросіць. Так, для размовы. А ведаю я яго, як і ён мяне, з сямідзясятых гадоў мінулага стагоддзя, калі ў абласной газеце «Гомельская праўда» быў надрукаваны мой нарыс пра наватара вытворчасці Шкабарына, токара-расточніка Гомельскага станкабудаўнічага завода імя Кірава, калі яму ўручылі працоўны ордэн.

Тым разам Уладзімір Апанасавіч сціпла прамаўчаў, што згаданы ордэн — не першая яго дзяржаўная ўзнагарода. Шмат гадоў таму ва ўрачыстай абстаноўцы яму ўручылі медаль «Партызану Вялікай Айчыннай вайны» ІІ ступені. Падпольшчыку і народнаму мсціўцу Валодзю на той час споўнілася ўсяго 16 гадоў.

А гэтай зімой Уладзіміру Апанасавічу пераваліла ўжо за дзевяноста. Перагортваючы ў думках старонкі свайго нялёгкага жыцця, ён нічога не ўпускае з учэпістай памяці. Калі б і хацеў пра штосьці забыць, кажа, дык не атрымліваецца, бо забыць нельга. Напрыклад, як бацька Апанас Гурынавіч, адзін з кіраўнікоў Аршанскага падполля, прыцягнуў яго да змагання з ворагам. Як быў ён сувязным закінутай на самалёце з тылу разведвальнай групы Канстанціна Дудчанкі. Як апынуўся пасля расстрэлу бацькі, а потым і маці Васілісы Цітаўны, у партызанскім атрадзе, які пасля ўвайшоў у брыгаду легендарнага Канстанціна Заслонава. Як удзельнічаў ва ўсіх баявых аперацыях. Як шмат разоў трапляў у такія небяспечныя пераплёты, што, здавалася, не выкруцішся з іх.

Аб усім гэтым і іншым ветэран вайны і працы, калі яго запрашаюць у школы, ліцэі і каледжы, і расказвае моладзі. Ён глыбока перакананы ў тым, што юнаму пакаленню не проста важна, а вельмі важна паслухаць тых, хто дзеля іхняга шчасця, дзеля мірнага неба з годнасцю прайшоў праз усе вогненныя віхуры.

Аднойчы Уладзіміра Апанасавіча спыталі, а ці былі сярод партызанаў здраднікі? Усякае было, сказаў ён. І прывёў такія прыклады.

...Ноччу па шалашах, у якіх спалі партызаны, нехта адкрыў страляніну. Атрад быў падняты па трывозе, пачалася пераклічка. На месцы не аказалася двух мужыкоў. А праз месяц за больш як дваццаць кіламетраў ад дыслакацыі атрада ў лясной глушы была выяўлена замаскіраваная зямлянка. Яе выкапалі тыя ўцекачы-здраднікі, якія рабавалі насельніцтва суседніх вёсак.

Да іх праз каторы час быў укаранёны выхаванец дзетдома, разведчык атрада. Калі тыя двое адправіліся ў вёску па самагон, ён арганізаваў засаду партызан. Здраднікаў узялі «цёпленькімі».

— Вядома ж, юдаў спасцігла суровая кара, — працягваў далей Уладзімір Апанасавіч і расказаў наступную гісторыю.

У іхнім атрадзе быў партызан па імені Кузя. У самым пачатку вайны ён трапіў у палон да немцаў і даў згоду ўвайсці ў каманду генерала-здрадніка Уласава. Пазней рота Караткова, у якой апынуўся тады Кузя, перайшла на бок партызан. А тут неўзабаве новыя войскі ўласаўцаў узялі ў акружэнне той атрад. Выйсце было толькі такое — разбіцца на групы і паасобку выходзіць з яго. А перад гэтым адна з груп зайшла ў пасёлак, дзе засталося ацалелымі ўсяго тры хаты. Перакусілі там, а кулямётчык кажа: яго памочнік Кузя некуды знік. Па следзе вызначылі: той да ўласаўцаў напрамак узяў.

— Нам потым вось што расказала гаспадыня хаты, у якой жыў камандзір уласаўскага батальёна, — апавядаў Уладзімір Апанасавіч. — Прыйшоў да яго Кузя і кажа: «Прыміце мяне назад. Ведаю, дзе партызаны закапалі бочку з сухарамі». — А той — у адказ: «Табе было дрэнна ў нямецкім палоне. Дрэнна і ў арміі Уласава. І ў партызан таксама дрэнна? Расстраляць!».

Што і было зроблена...

— Дзеці, любіце сваю Радзіму. Аберагайце яе ад усіх бед, — такімі словамі Уладзімір Апанасавіч звычайна заканчвае свае сустрэчы з моладдзю...


А яшчэ быў выпадак

— Хто сказаў, што ваўкі нікога і нічога не баяцца? Што страху аніколечкі не маюць? — дзядзька Іван абвёў мужыкоў позіркам, як бы запрашаючы іх да размовы, і зацягнуўся піпкай.

Быў канец лета. Надвячорак выхаднога дня. Самы раз адпачыць тут, на абалонні, седзячы на лавачках і любуючыся захадам сонца. Ахвотнікаў паспрачацца з Данілавічам ці падтрымаць яго чамусьці не было. Таму ён звярнуўся да майго бацькі:

— Ты ж ведаеш, Грышка, якім баязліўцам аказаўся той ваўчына, а маўчыш. Ці не так?

— Так, Данілавіч, так, — кіўнуў галавой мой Андрэевіч.

— Дык не цягні ты ката за хвост, — падаў голас Лёнька Бэер, — расказвай.

Дзядзька Іван прытушыў цыгарку і пачаў свой аповед. А я, падлетак, натапырыўшы вушы, сачыў за ім: ці не ўкляпае ён у гэту гісторыю якую-небудзь заліпуху? Бо ведаў яе да драбніц. І, нават, бачыў гэтага мёртвага звяругу ў дзядзькі на двары, бо нашы хаты мясціліся побач. Забягаючы наперад, скажу, што ад праўды сусед не збочыў ні на крок.

— У тую восень адбою ад ваўкоў не было. Прыбягалі яны з засажэўскіх лясоў і пачыналі свой бандытызм з нашай крайняй вуліцы. Усіх сабак перадушылі і майго Шарыка таксама, — уздыхнуў Іван Данілавіч, — да хлявоў дабірацца пачалі. Аднойчы раніцай гляджу, а ад нашай козкі засталіся толькі ножкі ды рожкі. Абследаваў я двор і выявіў падкоп воўчы. Задумаўся, як авечку, што ў суседнім засеку стаіць, ад разбойніка гэтага ўратаваць. Бо прыйдзе, ведаю, прыйдзе зноў.

Каля сцен хлеўчука Іван Данілавіч нагрувасціў дроў, бярвёнаў, цэглу паклаў. Свабодным пакінуў толькі тое месца, дзе быў засыпаны зямлёй падкоп. І разам з сынамі Іванам і Лёшкам па начах ваўка чакаць пачаў. І той праз некалькі дзён з'явіўся.

Ноч была ціхая, без ветрыку. Праз акно (па наваколлі святло месяц з неба разліваў) мужыкі пільна цікавалі за зверам. Вось ён разграбае зямлю, і, прадчуваючы лёгкую здабычу, так заюшыўся, што страціў усякую асцярожнасць. І калі амаль напалавіну ўжо залез пад хлевушок, дзядзька даў знак сынам: наперад!

Прыхапіўшы з сабой вілы, яны накінулі на звяругу кажух і гуртам наваліліся на яго. Шэры, каб вызваліцца з палону, адчайна замалаціў-зашкроб лапамі па поўсці кажуха, ды ўсё дарэмна. Прайшло колькі хвілін, і драпежнік заціх.

— Бобік здох, — канстатаваў дзядзька Іван. — Сэрца лопнула. Ад страху.

Калі мужыкі адкінулі ўбок кажух, на іх шыбанула такім смуродам, што ў Алёшкі ўсё нутро перавярнула ад ванітаў.

...Тую смярдзючую апранаху адшкрабалі і адмывалі ад дзярма цэлы тыдзень. І ўсю астатнюю восень сушылі пад павеццю на скразнячку. А зімой сплавілі кажушок якомусьці валацугу.


Серафіма, Серафіма...

Сяргей Пятровіч трымаў курс на Цэнтральны рынак. У яго жонкі Ірыны Васілеўны сёння дзень нараджэння, і — закон жыцця: без букета кветак тут ніяк не абысціся. Дарагі па кошце падарунак ён набыў загадзя, а вось з кветкамі — не прамахнуцца б, бо на паліцах і ў кошыках гэтага тавару такая процьма, што вочы ў яго па іх разбегліся. Прыдзірліва прыглядаўся да колераў-красак і прыкідваў, якая з іх найбольш будзе пасаваць да залацістых валасоў Ірыначкі. А прадаўшчыцы так спрытна расхвальвалі гэту прыгажосць, што Сяргей Пятровіч нават крыху разгубіўся: якія выбраць?

Напэўна, яшчэ б гадзіну сноўдаўся ён па рынку, калі б не заўважыў свайго знаёмага — Петруся Зэліка. Падыйшоў да яго, прывітаўся. Той з пахмурнелым тварам заказваў чатыры ружы.

— Каму? — сцішана спытаў.

— Серафіме. На пахаванне іду.

— Якой Серафіме? — насцярожыўся Сяргей Пятровіч.

— Бундар, — маркотна прамовіў той. — Ты яе не ведаеш.

Навіна гэта даўбнёй ударыла па галаве Харашунова. Нібы ў ступе, балюча затаўкліся думкі: Серафіма памерла... На той свет адчальвае... Яго аднакласніца... Яго першае каханне... У нейкім здранцвенні ён купіў два букеты руж — для Ірыны і Серафімы — змясціў іх у пакет і, узяўшы ў другую руку сумку з прадуктамі, паплёўся да шматпавярховіка Серафімы.

Па дарозе ажывалі і тут жа, як праз імжу, туманіліся іхнія вясковыя спатканні, што цягнуліся да самага світанку; спачатку нясмелыя, а пасля адчайна гарачыя абдымкі і пацалункі; яго провады ў армію, калі яна дала слова чакаць ды так і не стрымала яго, а выйшла замуж; дзве-тры выпадковыя сустрэчы тут, у горадзе, калі пастаялі крыху, пагаманілі, ды паціху, з яўным шкадаваннем, развіталіся. І вось усё скончана. Няма Серафімы...

З тым жа ранейшым тлумам у галаве Сяргей Пятровіч, сцішыўшы хаду, падышоў да святлафора. І адчуў, што нехта лёгенька дакрануўся да яго пляча. Азірнуўся і ледзь не бразнуўся на асфальт. Божачка мой! Серафіма!!! Жывая! Жывенькая! З іскрыстым позіркам вачэй. Са светлай усмешкай.

Харашунова заклініла. Ні слова не мог вымавіць. Не верыў убачанаму. Прамільгнула: ці не сон гэта? Не, не сон. Агоўтаўся нарэшце, праз сілу выціснуў з сябе нешта заікастае:

— Д-д-да ц-ц-ц-цябе... — і незнарок кінуў позірк на пакет, адкуль выглядвалі ружы.

Яна адчула яго разгубленасць, заўважыла той позірк і па-свойму зразумела ўсё гэта. Падступіла яшчэ бліжэй, прыхінулася да яго і прамовіла:

— Дзякуй за кветкі. Рада, што не забыў мяне, што памятаеш. Я таксама не забыла, памятаю. Усё-ўсё памятаю... Хадзем да нас, пазнаёмлю са сваім Алегам.

Усё ў тым жа здранцвенні-стрэсе Сяргей Пятровіч назваў прычыну, па якой не можа прыняць яе прапанову і ўручыў радаснай Серафіме букет.

Калі ён заявіўся дадому, да застолля заставалася яшчэ чатыры гадзіны. Ірына наводзіла апошні марафет у цырульні, цешча завіхалася на кухні, а цесць, крутнуўшыся каля вазы, куды зяць выставіў кветкі, і, налічыўшы іх чатыры, недаўменна спытаў, што гэта значыць? І тут у галаву Пятровіча цюкнула: што ён нарабіў! Скандал будзе, калі жонка з'явіцца! Але выйсце прыйшло нечакана.

— Тата, — супакоіў яго, — адна ружа каля пад'езда зламалася. Дрэнны знак гэта. Дык я выкінуў яе. Зараз на рынак злётаю.

Адкуль неўзабаве і прынёс букет з сямі прыгажэнных руж. А тыя чатыры размеркаваў з улікам рэкамендацый цесця наступным макарам: тры — цешчы і адну — Анютцы, сястрычцы Ірыны.

Святкаванне дня народзінаў прайшло на самым высокім узроўні.

...Назаўтра ён сустрэўся з Пятром Зэлікам, каб набіць яму морду, бо Серафіма Бондар жывая-жывенькая. І вось што пачуў у адказ: «Схадзі да ўрача і прачысці вушы. Я казаў, што памерла Серафіма Бундар, жонка майго напарніка па рабоце. А што ты пачуў — не ведаю...»

Уладзімір ПЕРНІКАЎ

Загаловак у газеце: Нічога не забываецца

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.