Вы тут

Калі банк можа адмовіць у крэдыце?


Пра асаблівасці крэдытавання пенсіянераў і ўладальнікаў асабістых падсобных гаспадарак.

Дзесьці месяц таму адзін мой знаёмы вырашыў купіць сабе нятанную машыну. Звярнуўся ў банк па грошы. А яму там адмовілі, таму што даходы ў яго ёсць, але яны не пацверджаны дакументальна. У іншым беларускім банку крэдыт усё ж такі далі, праўда, запатрабавалі багатага паручыцеля...

Па каментарый сітуацыі мы звярнуліся ў Асацыяцыю беларускіх банкаў. Ад іх мы атрымалі падрабязны адказ на гэтае пытанне і не толькі.


Даходу на паперы няма — і грошай няма

Аказваецца, згодна з заканадаўствам нашымі банкамі распрацаваны і зацверджаны лакальныя нарматыўныя прававыя акты, у якіх прадугледжваюцца абавязковыя ўмовы і парадак выдзялення грашовых сродкаў і іх вяртання. Там жа прапісаны працэдура прыняцця рашэння аб выдзяленні грашовых сродкаў, парадак вызначэння праваздольнасці і ацэнкі крэдытаздольнасці патэнцыйнага крэдытаатрымальніка, а таксама пералік прадстаўляемых ім дакументаў для атрымання крэдыту да заключэння крэдытнага дагавора.

Пры гэтым замацаваныя нормы накіраваны на забеспячэнне прымальнага для банка ўзроўню крэдытнай рызыкі. Па крэдытных прадуктах для фізічных асоб адным з устаноўленых большасцю банкаў крытэрыяў прымальнасці з'яўляецца наяўнасць у заяўніка (паручыцеля) пастаяннай крыніцы даходу на тэрыторыі краіны.

Пры адсутнасці ў заяўніка такой крыніцы, нават калі ён і атрымлівае даходы з-за межаў дзяржавы, у банкаў адсутнічае магчымасць праверкі інфармацыі аб статусе працоўных адносін і аб афіцыйным працаўладкаванні заяўніка. Акрамя таго, спецыялістам банка ў гэтым выпадку немагчыма праверыць звесткі, указаныя ў дакуменце аб даходах заяўніка, атрымаць інфармацыю пра падаўжэнне кантракта, а таксама характарыстыку кліента. Фінансавы інстытут не зможа праверыць юрыдычны статус арганізацыі — работадаўцы: ці з'яўляецца арганізацыя дзеючай (не на стадыі ліквідацыі), ці няма фінансавых цяжкасцяў і іншых магчымых негатыўных фактараў, што могуць паўплываць на плацежаздольнасць прэтэндэнта на крэдыт.

Акрамя гэтага пры невыкананні абавязацельстваў па вяртанні крэдыту даўжніком, які не мае даходаў на радзіме, могуць узнікнуць цяжкасці пры ажыццяўленні выканання рашэнняў судоў (натарыусаў) Беларусі на тэрыторыях замежных дзяржаў.

Усё на плечы паручыцеля?

У выпадку, калі кліент не мае пастаяннай крыніцы даходу тут, але мае яе за межамі краіны, магчымым варыянтам для атрымання ім крэдыту ў айчынным банку можа стаць падача паручыцельства плацежаздольнага грамадзяніна. Гэты паручыцель павінен пастаянна пражываць у Беларусі і мець пастаянную крыніцу даходу па асноўным месцы працы на тэрыторыі краіны. Акрамя таго, прававыя акты асобных банкаў прадугледжваюць разгляд заявак на атрыманне крэдыту кліентамі, якія атрымліваюць прыбытак ад працоўнай дзейнасці ад арганізацый, зарэгістраваных па-за межамі краіны.

У гэтым выпадку крэдыт дадуць пры ўмове падачы даведкі аб даходах, а таксама копіі дакумента, які пацвярджае працаўладкаванне фізічнай асобы (працоўны дагавор, кантракт або працоўная кніжка). У выпадку афармлення гэтых дакументаў на замежнай мове патрабуецца суправаджальны дакумент, які змяшчае натарыяльны пераклад.

Яшчэ адзін варыянт — афармленне карты растэрміноўкі, пры якой да пэўнай сумы падаваць дакумент, які пацвярджае атрыманне даходу, не патрабуецца.

Вялікую суму пад пенсію не дадуць

Асацыяцыя беларускіх банкаў сумесна з банкамі разгледзела электронныя звароты грамадзян, якія паступілі на адрас Нацыянальнага банка. А былі гэта скаргі на дзеянні банкаў у сувязі з іх адмовай улічваць пры ацэнцы крэдытаздольнасці заяўніка асобныя віды даходаў (дапамогі, пенсіі, страхавыя выплаты), а таксама сродкі, якія паступаюць у межах дагавораў падраду (платнага аказання паслуг).

У адпаведнасці з заканадаўствам банкі маюць права самастойна вызначаць прымальныя для іх рызыкі, у прыватнасці, пералік крыніц даходаў фізічных асоб, якія ўлічваюцца пры разліку крэдытаздольнасці. Пералічаныя вышэй віды даходаў разглядаюцца большасцю банкаў толькі ў якасці дадатковых крыніц. Чаму?

На думку банкаў, форма найму па дагаворы падраду не гарантуе пастаянства працаўладкавання. Работа, якая ажыццяўляецца ў рамках дагавораў падраду (платнага аказання паслуг), як правіла, носіць часовы характар. Для банкаў жа адзін з найважнейшых крытэрыяў пры ацэнцы крэдытаздольнасці — рэгулярнасць паступлення даходаў у крэдытаатрымальніка на працягу ўсяго перыяду выкарыстання крэдыту.

У дачыненні да ўліку пры ацэнцы крэдытаздольнасці розных відаў дапамог, пенсій, страхавых выплат банкамі выказана меркаванне, што гэтыя сродкі маюць мэтавае прызначэнне і іх уключэнне ў разлік плацежаздольнасці заяўніка на атрыманне крэдыту, а ў далейшым выкарыстанне ў якасці крыніцы пагашэння запазычанасці па крэдыце можа прывесці да пагаршэння якасці жыцця кліента.

Як правіла, падыходы, якія прымяняюцца банкамі да ацэнкі крэдытаздольнасці, накіраваны на недапушчэнне празмернай крэдытнай нагрузкі на крэдытаатрымальніка. Даходаў заяўніка павінна быць дастаткова не толькі для пагашэння доўгу па крэдыце і выплаты працэнтаў за яго выкарыстанне, але і для забеспячэння іншых выдаткаў на суму не менш за бюджэт пражытачнага мінімуму для працаздольнага насельніцтва.

Прыватная гаспадарка — даходы сезоннага характару

Акрамя таго, Асацыяцыя беларускіх банкаў сумесна з банкамі разгледзела пытанні, звязаныя з адмовай у выдачы крэдыту грамадзянам — уладальнікам асабістых падсобных гаспадарак без падачы даведкі аб даходах.

На думку банкаў, наяўнасць у заяўніка пастаяннай крыніцы даходу ў выглядзе рэгулярных выплат, а не факт наяўнасці даведкі аб даходах, з'яўляецца асноўным крытэрыем пры прыняцці рашэння аб магчымасці выдзялення крэдыту кліенту.

Варта адзначыць, што змяненне банкаўскага заканадаўства, у выніку якога банкі атрымалі магчымасць выдаваць асобныя віды крэдытаў на спажывецкія мэты без падачы заяўнікамі даведак аб даходах, не мяняе ў корані падыходы банкаў да ацэнкі крэдытаздольнасці. Усё роўна заяўнік павінен мець крыніцы даходаў, якія прызнаюцца ў адпаведнасці з лакальнымі нарматыўнымі прававымі актамі банка, прымальнымі як якасна, так і колькасна.

Паступленне даходаў пры вядзенні прыватнай падсобнай гаспадаркі, як правіла, носіць сезонны характар і спалучана з рызыкай негатыўнага ўплыву прыродных фактараў — дождж ці засуха могуць пашкодзіць ураджай, з якога чалавек меркаваў атрымаць той самы даход. У сувязі з гэтым банкі лічаць, што ўлік даходу, які атрымліваецца фізічнай асобай пры вядзенні асабістай дапаможнай гаспадаркі, у якасці асноўнай крыніцы пры ацэнцы крэдытаздольнасці заяўніка павышае ўзровень крэдытнай рызыкі. Разам з тым даходы ад вядзення прыватнай падсобнай гаспадаркі могуць разглядацца ў якасці дадатковых пры наяўнасці ў заяўніка іншага пастаяннага даходу.

Зрэшты, перш чым звяртацца па крэдыт, варта мець на ўвазе, што выдзяленне крэдыту канкрэтнаму заяўніку з'яўляецца правам банка, а не абавязкам.

Сяргей КУРКАЧ

Загаловак у газеце: А крэдыт могуць і не даць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?