Вы тут

Пётр Нікіценка: Дзе б ні быў, цягнула дадому


З акадэмікам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктарам эканамічных навук, прафесарам, экспертам Еўрапейскай эканамічнай камісіі ААН па інавацыйным развіцці, стваральнікам беларускай міжнароднай навуковай школы інавацыйнага і наасфернага ўстойлівага развіцця Пятром Нікіценкам пра ўзаемаадносіны чалавека і яго малой радзімы гутарыць наш карэспандэнт.


— Пётр Георгіевіч, на гэту тэму ўжо шмат сказана. І адказаў на пытанне — адкуль у беларусаў настальгія па бацькоўскім доме, родных мясцінах — таксама дастаткова. Ці не здаецца вам, што ў Год малой радзімы мы рызыкуем апынуцца ў палоне рамантычных успамінаў, бясконцых размоў пра юнацтва, першае каханне, рачулку за вёскай, яблыневы сад каля вясковай школы і г. д.?

— Такая рызыка ёсць. Тэматычная накіраванасць 2018 года міжволі падштурхоўвае да гэтага. Прызнаюся, перад сустрэчай з вамі я, нібы на машыне часу, перанёсся ў далёкія пасляваенныя гады. Як дзіця вайны, я разам са сваім народам прайшоў праз усе выпрабаванні і цяжкасці аднаўлення разбуранай ушчэнт Віцебшчыны. Мае ўспаміны не заўсёды рамантычныя: кінутыя салдацкія акопы ў агародзе, пах лебяды і крапівы ў ежы, палонныя немцы, якія адбудоўвалі Віцебск, прымітыўныя самаробныя цацкі, раскіданыя паўсюль гільзы патронаў... Але было і цікавае, і прыемнае ў тым юнацтве. Памятаю свой першы працоўны заробак 16-гадовага электразваршчыка, сяброў, суседзяў...

Я і сёння моцна адчуваю повязь з роднымі мясцінамі, часта бачу ў снах Заходнюю Дзвіну. Упэўнены, у большасці маіх суайчыннікаў часта ўзнікаюць падобныя цёплыя пачуцці. І гэта па-чалавечы зразумела. Аднак эмацыянальны аспект тэмы малой радзімы, рамантычныя ўспаміны аб ёй усё ж, на мой погляд, не павінны быць галоўным зместам правядзення Года, засланяць ад нас тыя непазбежныя працэсы, што адбываюцца на абсягах нашай і суседніх краін. І ў Год малой радзімы нам варта на гэта звяртаць увагу.

— Канкрэтызуйце, калі ласка, пра што ідзе гаворка.

— Рэаліі жыцця такія, што ў Беларусі працягваюцца непадуладныя нам працэсы ўрбанізацыі. Ад яе не схавацца, не абараніцца, яе не спыніць, як бы мы ні імкнуліся, ні сумавалі праз паступовае знікненне маленькіх маляўнічых вёсачак, якія для многіх гараджан з'яўляюцца малой радзімай. Аб'ектыўны працэс павышэння ролі гарадоў, павелічэння колькасці іх насельніцтва, узрастанне ўплыву гарадской культуры і так званых не заўсёды станоўчых гарадскіх адносін — фактар аб'ектыўны. Урбанізацыя, як сёння кажуць, трэнд развіцця грамадства, і мы міжволі рухаемся ў гэтым кірунку. Аднак гэта не значыць, што мы павінны стаць у позу пасіўнага назіральніка. Нашы рэсурсы варта скіраваць у цэлым на развіццё тэрыторый рэгіёнаў, каб забяспечыць годнае жыццё іх жыхароў. Дарэчы, пра гэта днямі заявіў кіраўнік дзяржавы ў час справаздачы ўрада, Нацыянальнага банка, аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама аб выніках працы эканомікі краіны за 2017 год і задачах па забеспячэнні далейшага ўстойлівага эканамічнага росту. А гэта велізарная праца, суцэльны комплекс пытанняў, у тым ліку і навукова-тэхналагічных, вырашэнне якіх зойме не адзін год.

Падтрымліваць жыхароў вёсачак трэба, як і рэдкіх перасяленцаў туды з горада, якіх, дарэчы, з часам становіцца ўсё больш. Але ў вялікім маштабе дэзурбанізацыя нам не пагражае, перспектыва ўсё ж за буйнымі аграгарадкамі, дзе лепш за ўсё спалучаюцца выгоды горада і перавагі жыцця на прыродзе.

— Цяжка з вамі не пагадзіцца, але далёка не ўсюды назіраецца ўдалае спалучэнне гарадскіх выгод і радасцяў сельскага жыцця. Нават знешне. На што трэба звярнуць увагу мясцовай уладзе падчас рэалізацыі задач Года малой радзімы? Як суадносіцца з гэтымі задачамі пачатая некалькі гадоў назад работа па навядзенні парадку на зямлі?

— Думаю, самым непасрэдным чынам. Нядаўна адбыліся выбары, у мясцовыя Саветы дэпутатаў прыйшло шмат новых энергічных прадстаўнікоў мясцовага насельніцтва. Гэта сіла, якую варта актывізаваць. У тым ліку і праз далейшае прыняцце законаў і заканадаўчых актаў па разняволенні дзелавой ініцыятывы, рэфармаванні грашова-падатковай сістэмы. Яе, дарэчы, трэба зрабіць не толькі адзінай для ўсіх удзельнікаў рынкавых адносін, але і змяніць сістэму размеркавання падаткаў — каб значную іх частку пакідаць на патрэбы развіцця тэрыторый. Карацей, каб людзі сталі сапраўднымі гаспадарамі сваёй зямлі з дастойнай заработнай платай і на сабе адчулі станоўчыя змены ў іх жыцці.

— Вядома, стварэнне новых працоўных месцаў, павышэнне зарплаты, ліквідацыя беспрацоўя — першачарговыя мэты дзейнасці мясцовай улады. Але паўсюдна ёсць шмат «дробных» пытанняў, якія перашкаджаюць нармальнаму жыццю людзей і чамусьці не вырашаюцца гадамі...

— Такіх фактаў, на жаль, больш чым дастаткова. Вырашэнне «дробных» праблем часам не патрабуе вялікіх арганізацыйных намаганняў і значных сродкаў — дастаткова іх ашчадна і мэтанакіравана выкарыстоўваць. Я ўвогуле параіў бы абноўленным раённым Саветам дэпутатаў неадкладна заняцца распрацоўкай уласнай стратэгіі развіцця мясцовай эканомікі і сацыяльнай сферы. А такіх разгорнутых планаў з падключэннем усіх формаў уласнасці, на жаль, не хапае. На што таксама звярнуў увагу Прэзідэнт у ходзе вышэйназванай справаздачы ўрада. Зразумела, Саветам у іх рабоце неабходна будзе пазбегнуць манілаўшчыны, цвяроза зыходзіць са сваіх магчымасцяў. Напрыклад, я лічу, што рэзервы самазанятасці насельніцтва невялікіх пасёлкаў і вёсак у нашых рэгіёнах далёка не вычарпаныя. Людзям часам трэба дапамагчы наладзіць рэнтабельную пэўную справу, падбадзёрыць, нешта падказаць.

Давайце паглядзім, а ці ў дастатковай ступені мясцовая ўлада садзейнічае развіццю малога прадпрымальніцтва, пашырэнню надомнай працы? Вось тут ёсць шанцы праявіць сябе кожнаму Савету. Чаму не разгледзець гэтае пытанне на чарговай сесіі райсавета, не распрацаваць канкрэтны і рэальны план дасягнення пастаўленых мэт?

Ад новых дэпутатаў людзі чакаюць канкрэтных спраў. Няхай гэта будзе ўдасканаленне дарожнай інфраструктуры, будаўніцтва спартыўных і дзіцячых пляцовак, стварэнне веласіпеднай дарожкі, добраўпарадкаванне старога парку, адкрыццё новага сквера, сумесны з жыхарамі шматпавярховых дамоў клопат аб чысціні і камфорце дваровых тэрыторый і г. д. Увогуле, надышоў час стварыць у краіне Фонд эканамічнай абароны насельніцтва на выпадак складаных абставін. Удзел дэпутатаў у яго рабоце мне бачыцца абавязковым.

— Вернемся да тэмы Года малой радзімы. Што для вас асабіста гэта азначае?

— Маё жыццё, лічу, склалася ўдала. Займаўся і займаюся любімай справай, чагосьці дасягнуў, наведаў усе кантыненты, шмат краін, купаўся, як гаворыцца, ва ўсіх акіянах. Але куды б ні закідваў мяне лёс, больш за два тыдні там не мог знаходзіцца. Прабачце за пафас, але Беларусь клікала дамоў. Настальгія па радзіме не пусты гук для мяне. Прыемна, што і мяне памятаюць у родных мясцінах, падтрымліваюць сувязі са мной.

— Якая, на ваш погляд, выхаваўчая значнасць такога Года?

— Яго галоўны сэнс заключаецца, на маю думку, у актывізацыі работы па патрыятычным выхаванні, фарміраванні светапогляду маладых людзей. У гэтай сувязі Год дае магчымасць азірнуцца, паспрабаваць па-новаму паглядзець на повязь пакаленняў, даць юнакам і дзяўчатам магчымасць адчуць сябе патрыётамі. Маладое пакаленне, якое прыходзіць да кіравання краінай ва ўсіх сферах, трэба недакучліва вучыць цаніць працу сваіх папярэднікаў, іх унёсак у развіццё эканомікі, сацыяльнай і іншых сфер. Тут важную ролю могуць і павінны адыграць мясцовыя краязнаўчыя музеі. Іх сціплую дзейнасць цяжка пераацаніць. Супрацоўнікі музеяў, якія звычайна падтрымліваюць сувязі са сваімі знакамітымі землякамі, захоўваюць у экспазіцыях выставачных залаў гістарычную памяць аб тутэйшых ураджэнцах... Сёння відавочна, што ў беларускім грамадстве ўсё больш усведамляюць першаснасць рэалізацыі нацыянальных інтарэсаў краіны — і менавіта праз развіццё ўсіх яе тэрыторый.

Гутарыў Леанід ЛАХМАНЕНКА

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».