У 2018 годзе аб'яўлены дваццаты конкурс на суісканне Прэміі Урада Рэспублікі Беларусь за дасягненні ў галіне якасці. Ён праводзіцца штогод. Аб гэтым паведамляе Дзяржаўны камітэт па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь.
Прэмію могуць атрымаць юрасобы незалежна ад формы ўласнасці. На конкурсе ацэньваюцца дасягненне значных вынікаў у галіне якасці і канкурэнтаздольнасці прадукцыі, укараненне інавацыйных тэхналогій і сучасных метадаў менеджменту, эфектыўнае і сацыяльна-адказнае вядзенне бізнесу і інш.
Прэмія асноўваецца на двух крытэрыях - магчымасцях і выніках. Першыя характарызуюць ролю лідара ў арганізацыі, стратэгію, партнёрства і рэсурсы, працэсы, прадукцыю і паслугі. Дасягненне вынікаў ацэньваецца з пункту гледжання задавальнення патрэбаў і чаканняў спажыўцоў, уласнага персаналу, знешніх зацікаўленых бакоў і асноўнай дзейнасці.
Узнагарода прысуджаецца арганізацыям з колькасцю працуючых да 250 чалавек, ад 250 да 1500 чалавек, а таксама звыш 1500 чалавек.
У конкурсе могуць удзельнічаць прадпрыемствы, якія займаюцца вытворчасцю нехарчовай бытавой, харчовай і сельскагаспадарчай прадукцыі, стварэннем прадукцыі вытворча-тэхнічнага прызначэння (акрамя ўзбраення і ваеннай тэхнікі). Акрамя таго, прэмію могуць атрымаць юрасобы, якія аказваюць паслугі і выконваюць пэўныя віды работ.
Пераможцаў вызначаць па выніках праверкі прадстаўленых матэрыялаў і шляхам правядзення экспертызы на месцах. Будзе праводзіцца ацэнка ў балах.
- Для пацверджання звання лаўрэата конкурсу арганізацыям неабходна прадэманстраваць паляпшэнне дзейнасці ў параўнанні з вынікамі, дасягнутымі пры папярэднім удзеле ў конкурсе, удзел у аналагічных конкурсах у галіне якасці ў СНД і Еўропе, меры па прапагандаванні дасягненняў у галіне якасці і эфектыўнага менеджменту і распаўсюджванні перадавога вопыту, - гаворыцца на сайце Дзяржстандарта.
Пераможцаў узнагародзяць на ўрачыстай цырымоніі. Лаўрэатам уручаць дыплом і сімвал Прэміі, а таксама дадуць права выкарыстоўваць выявы эмблемы прэміі пры маркіроўцы прадукцыі і на яе ўпакоўцы, у рэкламных мэтах і дакументацыі на працягу трох гадоў.
Звесткі аб пераможцах конкурсу размяшчаюцца на сайце Дзяржстандарта, а таксама ўключаюцца ў каталог, які выдаецца штогод і рассылаецца ў прадстаўніцтвы Рэспублікі Беларусь за мяжой.
Заяўкі і матэрыялы для ўдзелу ў конкурсе прымаюцца да 1 ліпеня 2018 года ў сакратарыят Камісіі, сфарміраваны пры Дзяржстандарце.
Неабходныя кансультацыі можна атрымаць у Беларускім дзяржаўным інстытуце стандартызацыі і сертыфікацыі па адрасе 220113, г. Мінск, вул. Мележа, 3 і па тэлефоне +375 17 269 69 64.
Дар'я СПЕВАК
Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.
Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».