Вы тут

«Не толькі дзеці павінны ганарыцца сваімі бацькамі...»


На свята ў гонар жанчын запрасілі матуль сёлетніх алімпійскіх чэмпіёнак.

З больш як 160 тысяч членаў Беларускага саюза жанчын дзясяткі кемлівых і выдатных прыгажунь — творцаў, навукоўцаў, дактароў, узорных маці — спаборнічалі сёлета за права атрымаць ганаровае званне «Жанчына года — 2017». 42 пераможцы юбілейнага, дзясятага рэспубліканскага конкурсу і сотні гасцей збяруцца ў суботу ў сталіцы на сапраўднае і заслужанае свята.


Беларускі саюз жанчын заўжды займаўся праблемамі мацярынства і дзяцінства, таму намінацыя «За выхаванне дзяцей і моладзі» прысутнічае штогод. Сёлета, праўда, яна называецца па-іншаму — «Мацярынская слава». У ёй больш актыўна сталі ўшаноўваць не толькі родных матуль, а і тых, хто стаў замяшчальнай маці, апекуном, выхавальнікам, усынавіцелем дзетак.

— Сёлета адной з умоў вылучэння на ўзнагароджанне ў гэтай катэгорыі была наяўнасць у намінанткі дваіх-траіх дзетак. Прычым такіх, якія праявілі сябе: сталі пераможцамі міжнародных конкурсаў ці алімпіяд, маюць уласнае годнае імя або праславілі маці на ўсю краіну, як гэта зрабіў касманаўт Алег Навіцкі, — адзначыла Антаніна МОРАВА, сустаршыня БСЖ. Не толькі дзеці павінны ганарыцца сваімі бацькамі, але і бацькі сваімі дзецьмі. А каб ганарыцца, трэба іх правільна выхаваць, навучыць сябе паводзіць. Гэта і ёсць мацярынская слава.

Крытэрыі адбору найлепшых прадстаўніц прыгожай паловы сёлета сталі больш сур'ёзныя і дасканалыя і ў іншых намінацыях конкурсу.

— Намінацыі на працягу ўсяго часу ў той ці іншай ступені мяняюцца ў залежнасці ад таго, якім аб'яўлены год на Беларусі. Летась у краіне быў Год навукі, таму адной з цэнтральных стала «Жанчына ў навуцы», — расказала Антаніна Морава. — Сёлета мы таксама пакінулі яе, а да вылучэння лаўрэатаў падышлі вельмі сур'ёзна. Жанчыны-намінанткі павінны былі зрабіць у 2017-м значныя для краіны распрацоўкі.

Новая намінацыя гэтага года — «Ратуючы жыцці». Раней яна гучала як «За міласэрнасць», і сюды вылучаліся ў асноўным жанчыны з Чырвонага крыжа. Сёлета тут удзельнічалі ў асноўным дактары, хоць кіраўніцтва саюза спадзявалася, што да конкурсу далучацца і жанчыны-ратавальнікі з Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Прэзідыум БСЖ мае права дадаткова прапаноўваць да ўзнагароджання асобу, якая асабліва вызначылася. Сёлета, як мяркуецца, «за вернасць БСЖ» будзе ўзнагароджана старшыня Гомельскай абласной арганізацыі саюза Галіна Пашэд.

Сярод іншых сюрпрызаў, якія абяцаюць гасцям, — святочны канцэрт і спецыяльна запрошаныя маці сёлетніх алімпійскіх чэмпіёнак Беларусі, якім урачыста падзякуюць за поспехі іх таленавітых дзяцей.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».