Вы тут

Тыднёвы агляд падзей у Палаце прадстаўнікоў


Дэпутаты разам з супрацоўнікамі Адміністрацыі Парка высокіх тэхналогій абмеркавалі перспектывы развіцця лічбавай эканомікі ў сувязі з падрыхтоўкай да разгляду Дэкрэта № 8. Намеснік дырэктара па прававых пытаннях Адміністрацыі ПВТ Іван Жызнеўскі расказаў, што летась аб'ём вытворчасці праграмнага забеспячэння і ІТ-паслуг перавысіў $1 млрд. Пры гэтым каля 1 млрд людзей у больш чым 150 краінах карыстаюцца мабільнымі праграмамі, створанымі ў ПВТ. Асноўныя напрамкі дэкрэта накіраваны ў тым ліку на працяг спецыяльнага прававога рэжыму Парка да 2049 года і на новыя віды дзейнасці рэзідэнтаў. Гэта і кіберспорт, і блокчэйн, і штучны інтэлект.  «Сіліконавая даліна Усходняй Еўропы», як Беларусь пачалі называць з канца мінулага года, можа стаць рэгіянальным лідарам па некаторых напрамках. Іван Жызнеўскі расказвае, што на днях было зарэгістравана 46 новых рэзідэнтаў ПВТ. Пры гэтым за ўвесь 2017 год — 33. Гэта пэўны індыкатар таго, што наша краіна становіцца ўсё больш цікавым цэнтрам для развіцця ІТ-індустрыі.


На пачатку тыдня Пастаянная камісія Палаты прадстаўнікоў па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы абмеркавала змяненні законаў, якія датычацца донарства крыві і яе кампанентаў. У пасяджэнні рабочай групы, акрамя дэпутатаў, прынялі ўдзел спецыялісты Міністэрства аховы здароўя і Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Беларусі. Разам яны абмеркавалі пытанні ўмоў і парадку выканання донарскай функцыі, рэалізацыі, увозу ў краіну і вывазу крыві і яе кампанентаў. Асобным пытаннем стаяла вызначэнне правоў, абавязкаў і гарантый донараў. Работа па падрыхтоўцы законапраекта будзе працягнута.


На гэтым тыдні ў Баку прайшла міжнародная канферэнцыя «Роля парламентарыяў у актывізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і культурных сувязяў уздоўж Шаўковага шляху». Намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Баляслаў Пірштук выступіў на ёй па тэме развіцця ўзаемавыгаднага эканамічнага супрацоўніцтва і гандлёвых сувязяў. Ён адзначыў, што ініцыятыва стварыць групу падтрымкі Шаўковага шляху ў Парламенцкай асамблеі АБСЕ ў рамках летняй сесіі ў Мінску была своечасовай: яна дала дадатковы інструмент для ўзаемадзеяння ў такіх важных напрамках, як умацаванне суверэнітэту, бяспека і эканамічнае развіццё.


Акрамя таго, Баляслаў Пірштук правёў у Азербайджане шэраг двухбаковых сустрэч. Са старшынёй Парламенцкай асамблеі АБСЕ Георгіем Цэрэтэлі і генеральным сакратаром ПА АБСЕ Раберта Мантэлам бакі абмеркавалі ўзаемадзеянне беларускага парламента і Парламенцкай асамблеі АБСЕ. Беларуска-азербайджанскія адносіны сталі тэмай для перагавораў з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Беларусі ў Азербайджане Генадзем Ахрамовічам. У гэтыя ж дні намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў таксама сустрэўся з дэлегацыямі Аўстрыі, Азербайджана, Сербіі, Таджыкістана, Швейцарыі і міністрам замежных спраў Манголіі.

Надзея АНІСОВІЧ

Загаловак у газеце: Шаўковы шлях і ІТ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».