Вы тут

Садок «Жоўтая жырафа» плануе прыняць 150 выхаванцаў


Двухузроўневыя групы, скаладромы і вінтавая горка-труба — далёка не ўсе «фішкі» ўнікальнага дзіцячага садка, які з'явіўся ў Новай Баравой пад Мінскам. Над праектам сучаснай дашкольнай установы ламалі галаву не толькі яго забудоўшчыкі, да дыскусій далучаліся архітэктары, псіхолагі, выхавальнікі, бацькі. Некаторыя ідэі падказалі і дзеці. Напрыклад,  дзякуючы малым у групах з'явіліся спецыяльныя нішы, дзе можна адасобіцца, пагуляць у хованкі альбо задзейнічаць іх у іншых гульнях. І хочацца верыць, што многія задумы, якія былі тут рэалізаваныя, у будучыні пачнуць улічваць і распрацоўшчыкі іншых праектаў дзіцячых устаноў.


«Жоўтая жырафа» — менавіта такую назву мае садок — зможа прыняць 150 выхаванцаў. І сустракаць іх на ўваходзе будзе менавіта сяміметровая фігура гэтай аблавухай жывёліны. Але падчас тэст-прэзентацыі ўстановы першае, на што звярнулі ўвагу маленькія «эксперты», — гэта горка, якая дазваляе спускацца з другога паверха, і скаладром, дэталі для якога дапамагалі падбіраць прафесійныя альпіністы.

У юных мастакоў будзе і свая мастацкая галерэя, прычым з падсветкай. Звычайна дзіцячыя работы вісяць унутры групы, а ў «Жоўтай жырафе» — усе калідоры прыстасаваныя для таго, каб там размяшчалася своеасаблівая экспазіцыя.

Старэйшых дзяцей чакае сюрпрыз — асобны гульнявы комплекс з сеткамі-батутамі — абсалютна бяспечнымі, як запэўніваюць забудоўшчыкі. Шнур, з якога сплецена сетка, можа вытрымліваць да 400 кілаграмаў. Трэба сказаць, што гэта першы і пакуль адзіны ў Беларусі садок з двухузроўневымі групамі, але ўжо сёння будуецца яшчэ адна дашкольная ўстанова, дзе будзе выкарыстаны такі падыход для стварэння дадатковай гульнявой плошчы.

Юны экскурсавод, які адрэкамендаваўся Раманам Віктаравічам, правёў першых гасцей садка па ўсіх памяшканнях. Мы зазірнулі ў прасторную спартыўную залу, медыцынскі блок (дзе ёсць у тым ліку ізалятар з асобным выхадам) і, зразумела, на кухню. Тут даведаліся, што для разнастайных прадуктаў, якія дастаўляюцца ў садок, працуюць свае халадзільнікі. Тое ж і з прыгатаваннем: у адным пакоі кухары чаруюць з агароднінай, у другім — разбіраюць рыбу і мяса, у трэцім — гатуюцца гарачыя стравы. І на сучасным абсталяванні можна ствараць для маленькіх гурманаў ежу не горшую, чым у рэстаранах. Гатовая, яна будзе паступаць у спецыяльныя кантэйнеры, якія дазволяць захоўваць яе цёплай. Ёсць тут і ліфт, які даставіць ежу на другі паверх.

«Гэты праект для нас незвычайны, адзін з самых складаных, творчых, у які было ўцягнута больш за ўсё людзей, — заўважае Святлана Шэўлік — дырэктар кампаніі «А-100 Дэвелапмент», якая працавала над праектам садка будучыні. — Зразумела, на тварах ва ўсіх, хто сюды заходзіць, можна ўбачыць здзіўленне: ніхто не мог уявіць, што падобны садок з'явіцца ў Беларусі. Але мы імкнуліся стварыць не проста прыгожую архітэктуру, для нас важна, каб кожны элемент выконваў нейкую функцыю».

І сапраўды, тут шмат дэталяў, якім выхаванцы змогуць знайсці разнастайнае прымяненне. Нават мэбля ў групах (дарэчы, такой вы больш нідзе не ўбачыце, бо яна стваралася па спецыяльным заказе менавіта для гэтай установы) дазваляе па-рознаму перакройваць прастору, рабіць заняткі непаўторнымі. З тых жа сталоў можна «скласці» вялікія ці малыя кругі. Драўляныя перагародкі, якімі падзелены гульнявая і спальная зоны ў групах, гэта яшчэ і зручныя сядзенні, пад якімі размешчаны персанальныя ячэйкі для кожнага малога. Нават падаконнікі зроблены так, каб на іх можна было сядзець. Уражваюць і вялікія панарамныя вокны, пакоі, напоўненыя святлом, і ствараецца ўражанне, што дзеткі, якія будуць тут бавіць час, ніколі не адчуюць сябе ў замкнёным памяшканні — вось яна, вуліца, як на далоні.

Для самых маленькіх, а яслі знаходзяцца на першых паверхах, прадугледжаны прамы выхад з групы на дзіцячыя пляцоўкі праз вялікія шкляныя дзверы, за якімі абсталяваны драўляныя тэрасы.

Між іншым, калі мы ўжо выбраліся на прагулку, як не звярнуць увагу на абсталяванне. Яно таксама ўнікальнае — упершыню ў Беларусь былі дастаўлены вялікія гульнявыя пляцоўкі ад вядучага еўрапейскага вытворцы дзіцячых комплексаў. Выкананыя з натуральных матэрыялаў, яны зноў жа шматфункцыянальныя — дзеці змогуць прыдумаць многа разнастайных гульняў. Тут вы ўбачыце альтанкі, качалкі, балансіры і нават спецыяльныя кветачніцы, у якіх малыя змогуць вырошчваць расліны. Пясочніцы зробленыя так, каб імі маглі карыстацца нават дзеці з інваліднасцю. А будучым кіроўцам прыйдзецца даспадобы пляцоўка для вывучэння правілаў дарожнага руху з уласнай міні-запраўкай. На тэрыторыі ёсць нават асобная пабудова для захоўвання веласіпедаў, самакатаў і санак, на якіх дзеткі прыбываюць у садок.

Фота БЕЛТА.

Ды і сам фасад будынка ўражвае — быццам нейкі чараўнік рассыпаў па ім рознакаляровыя гарошынкі.

Садок знаходзіцца ў цэнтры квартала — побач з цэнтральнай пешаходнай плошчай і фантанам, і, зразумела, забудоўшчыкі, каб зрабіць гэты знакавы аб'ект яшчэ больш яскравым, паклапаціліся пра дэкаратыўную начную падсветку.

Ужо ў хуткім часе садок перадаецца на баланс дзяржаве, якая і будзе фарміраваць групы. Але жыхарам Новай Баравой не трэба хвалявацца, што месцаў можа не хапіць. Увогуле тут плануецца пабудаваць восем дашкольных устаноў, а ў найбліжэйшы час будзе здадзены яшчэ адзін незвычайны садок, аформлены ў касмічнай тэматыцы. У 2019-м, абяцаюць, пачне працаваць і «школа будучыні».

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: Сакрэты жоўтай жырафы, або Садок у стылі «ваў»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».