Вы тут

Верыны казкі


Скінуць вагу. Вывучыць англійскую. Напісаць кнігу. Бегаць кожную раніцу. Навучыцца іграць на гітары. Асвоіць сляпы метад набору тэксту. Адкрыць бізнес...

Кожны раз, калі Іван Пірог, які вядзе блог пра псіхалогію, ставіў перад сабой новую мэту, то дзяліўся гэтай навіной з сябрамі, бацькамі і калегамі па працы. Казаў ім, што збіраецца зрабіць тое ці іншае. Або паведамляў, што ўжо пачаў гэта рабіць.


«Дарэчы, я збіраюся напісаць раман», «Мы з сябрамі ствараем камп'ютарную гульню», «У найбліжэйшы час збіраюся заняцца сваім бізнесам». Калі я аб'яўляў пра свае намеры, то ў 95 % выпадкаў не даводзіў пачатае да канца. Мэта пераставала быць жаданай або шлях да яе аказваўся доўгім і не прыносіў радасці. Пры гэтым я заўважыў, што часцей за ўсё дасягаў мэт, пра якія нікому не расказваў». У пацвярджэнне свайго назірання Іван прывёў эксперыменты нямецкага прафесара псіхалогіі Пітэра Гольвітцэра, які вывучае дадзены феномен ужо больш за 15 гадоў. Ён даказаў, што мэты, пра якія ты кажаш іншым, не здзяйсняюцца.

Я згодна з блогерам і з нямецкім прафесарам. Але толькі часткова. Часам мары спраўджваюцца толькі таму, што іншыя людзі даведваюцца пра іх.

Веры Сібіравай 88 гадоў. Яна жыве на радзіме Мулявіна, у Екацярынбургу. Піша добрыя казкі. І марыць выдаць вялікую кнігу з каляровымі ілюстрацыямі сваёй дачкі, якая памерла ад раку. Нават назву прыдумала — «Бяздоннае возера».

Пенсія ў Веры Васілеўны невялікая. Таму, каб ажыццявіць сваю мару, яна амаль кожны дзень (і нават у моцныя маразы!) стаіць па некалькі гадзін каля крам, спрабуючы прадаць свой першы зборнік казак. За гэтым заняткам яе і прыкмецілі журналісты. Зрабілі невялічкі сюжэт на тэлебачанні.

Так я даведалася, што ў сярэдзіне 90-х Вера Сібірава выпусціла свой першы зборнік накладам у дзве тысячы асобнікаў. З чорна-белымі малюнкамі сваёй дачкі. Святлана працавала інжынерам, але захаплялася маляваннем і з задавальненнем рабіла ілюстрацыі да матчыных казак. Першая Верына кніжка выдадзеная на звычайнай газетнай паперы, бо друкавала яе бабуля за кошт сваёй пенсіі. Хацела прадаць, але не атрымалася: пайшоў з жыцця муж, і жанчына надоўга закінула задуму. Год таму ў Веры Васілеўны памерла яшчэ і дачка. Цяпер бабуля адна клапоціцца пра ўнучку.

Пасля сюжэтаў і публікацый у сацсетках і СМІ пра Веру даведаўся ўвесь свет, на журналістаў абрынуўся шквал званкоў ад тых, хто хоча дапамагчы. Калі Вера Васілеўна чарговы раз прыйшла прадаваць свае кнігі, на месцы яе ўжо чакала велізарная чарга ахвотных іх купіць. А нядаўна адна з пакупніц падарыла бабулі пішучую машынку, каб яна больш не пісала свае казкі ад рукі. І што самае галоўнае: многія выдавецтвы прапанавалі казачніцы супрацоўніцтва. Яна выбрала друкарню, якая знаходзіцца ў родным горадзе. Зараз вялікая кніга бабуліных казак з каляровымі ілюстрацыямі яе дачкі ўжо ў рабоце! Дарэчы, першую кніжку Веры Сібіравай, з якой усё пачалося, цяпер можна набыць анлайн як у друкаваным, так і ў электронным выглядзе з любога месца свету.

Цікавае супадзенне. У той момант, калі я ўжо збіралася здаваць гэтую калонку, мне напісала аднакурсніца. Маўляў, ёй у рукі трапілі вельмі цікавыя апавяданні, якія піша бабуля на беларускай мове. «Мне іх даслала яе ўнучка. Можа быць, яны зацікавяць «Сямейную газету»?» Пачытаць тыя апавяданні я яшчэ не паспела. Жыву ў прадчуванні...

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».