Вы тут

У Беларусь прыляцелі жаўрукі


Напрыканцы першага тыдня сакавіка ў Гродзенскім раёне сябры АПБ бачылі першых палявых жаўрукоў.

Палявыя жаўрукі заўсёды прылятаюць рана, яны першыя прадвеснікі вясны. Бывае, ужо ў лютым мы заўважаем гэтых птушачак, як было ў папярэднія два гады. Сёлета вясна ў нас позняя. У пачатку сакавіка — маразы і снег. Але палявыя жаўрукі ўсё адно не марудзілі, а вярнуліся на Радзіму як найхутчэй. Чаму яны так спяшаюцца?


— Першымі з выраю вяртаюцца самцы палявых жаўрукоў, — тлумачыць дырэктар грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ) Аляксандр Вінчэўскі. — Яны хочуць паспець заняць найлепшыя месцы для гнездавання. Раней за ўсіх прылятаюць самыя моцныя, у якіх найбольш шанцаў займець патомства. Хутка мы пачуем у небе іх песні.

Дарэчы, маразоў яны не баяцца і корм сабе знаходзяць: жывяцца насеннем, стрэсеным на дол і снег. Рагатыя жаўрукі і жаўрукі-смецюхі нават адзначаліся ў нас на зімоўцы. Сярод іншых незвычайных відаў, якія заставаліся ў нас на зіму, можна адзначыць канаплянак, сняжурак, шэрых і белалобых гусей ды гуменнікаў.

Калі прылятаюць іншыя?

Вось пяць птушак — вястунняў вясны, якіх адносна лёгка пазнаць: белы бусел, вясковая ластаўка, чорны свіргуль, звычайная зязюля і шчурка-пчалаедка.

Недзе ў другім тыдні сакавіка вяртаюцца ў краіну першыя буслы, у першай палове красавіка — вясковыя ластаўкі і зязюлі, у маі — свіргулі і шчуркі-пчалаедкі. Навошта сустракаць птушак?

— Назіраць птушак, якія толькі-толькі вяртаюцца да нас з далёкіх краёў, — прыемна і захапляльна, выдатная магчымасць адчуць прыродныя змены, адзначыць надыход сапраўднай вясны. Усе гэтыя птушкі «Жывой вясны» шырока распаўсюджаныя, акрамя шчуркі-пчалаедкі. Пабачыць яе будзе сапраўднай удачай. Паведамляйце нам, калі іх убачыце, — запрашае кіраўнік аддзела развіцця АПБ, каардынатар кампаніі «Жывая вясна» па Беларусі Карына Салавей.

А яшчэ ў межах кампаніі адбудуцца конкурсы фотаздымкаў і слоганаў (падрабязней глядзіце на рtushkі.оrg), пройдуць птушыныя экскурсіі, прэзентацыі, святы і гульні ў школах.

Даведка: Кампанія «Жывая вясна» пачалася ў 2006 годзе як еўрапейскі праект. Потым далучылася і Сярэдняя Азія. З 2010 года «Жывая вясна» пайшла ў Афрыку: з верасня жыхары гэтага кантынента назіраюць, як абраныя пяць відаў птушак ляцяць на зімоўку ў іх краіны. Летась у больш чым 700 падзеях кампаніі паўдзельнічала больш за 150 000 чалавек у краінах Еўропы, Цэнтральнай Азіі і Афрыкі. Дзякуючы актыўнаму ўдзелу аматараў і прафесіяналаў наша краіна апынулася на 3-м месцы сярод 55 краін-удзельніц.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.