Вы тут

Аперацыі на каленным суставе цяпер робяць у Гомелі


Цяпер тут праводзяць аперацыі з дапамогай новага артраскапічнага комплексу. Відэа ў фармаце UHD 4К, магутная святлодыёдная крыніца святла і сістэма кіравання выявамі даюць магчымасці лепш разгледзець пашкоджанні костак і адразу ж іх «адрэстаўраваць». Пакуль што гэта адзіны апарат такога класа ў нашай краіне, гаворыць загадчык траўматолага-артапедычнага аддзялення Юрый Кос:


— Штогод на Гомельшчыне выконваецца каля 500 артраскапій. Пашырэнне тэхнічнага арсенала дазволіць праводзіць у два разы больш аперацый, павялічыць эфектыўнасць лячэння. Перадавыя тэхналогіі скарачаюць час аперацыі на трэць. Важна, што невялікая траўматычнасць тканак дазволіць пацыенту хутчэй вярнуцца да звычайнага жыцця.

Журналістаў у аперацыйную запрашаюць, каб яны на свае вочы пераканаліся, якім чынам 4D эфект апарата дапамагае вырашыць праблему пацыента. Антон, які пашкодзіў калена пяць месяцаў таму, тым часам сам з цікавасцю пазірае вакол і дае інтэрв'ю, знаходзячыся на аперацыйным стале. Да гэтага яму зрабілі спінальную анестэзію — ён не адчувае сваю нагу, якая ўжо падрыхтавана да ўмяшання хірургічных інструментаў.

Антон — спартсмен. Вольная барацьба для 18-гадовага хлопца — сэнс жыцця. Ён вучыцца ў Гомельскім дзяржаўным вучылішчы алімпійскага рэзерву і будучыню звязвае толькі са спортам. Таму недарэчная бытавая траўма, якая выклікае пастаянныя болі і блакады ў каленным суставе, — сапраўдная перашкода для далейшага руху ў спорце высокіх дасягненняў. Малады чалавек спадзяецца, што новыя спартыўныя перамогі ўсё ж будуць. Між тым кансерватыўнае лячэнне, праведзенае напярэдадні, станоўчых вынікаў не прынесла. Наступны этап — аперацыя. За яе ходам спартсмен наглядае сваімі вачыма на вялізным маніторы.

Урачы робяць зусім невялікія надрэзы на калене і ўводзяць інструмент. Ён незаўважна прасоўваецца ў тканкі і, здаецца, павольна плыве ў вадкасці. Камера, а значыць, і вока хірурга бачыць павялічаную карцінку сустава знутры — выява на экране. Між тым галоўная фішка для прафесіяналаў — менавіта ў прасунутых магчымасцях гэтага комплексу. Загадчык траўматолага-артапедычнага аддзялення Гомельскай абласной клінічнай бальніцы, галоўны траўматолаг Гомельскай вобласці Юрый Кос гаворыць, што новая сістэма абсталявана магутнай святлодыёднай крыніцай святла з працяглым тэрмінам службы, плюс комплекс рабочага інструментарыя, мноства патрэбных опцый і рознага праграмнага забеспячэння:

— Усё гэта дазваляе проста падчас аперацыі ўдакладняць дыягназ — бо мы ў рэжыме анлайн бачым праблемы сустава і адразу ж карэктуем хірургічнае ўмяшанне. Гэта сапраўды новы якасны крок у параўнанні з тым абсталяваннем, на якім мы да гэтага працавалі папярэднія адзінаццаць гадоў.

Дарэчы, дыягназ, пастаўлены юнаку напярэдадні ўрачамі з дапамогай ультрагукавога даследавання і магнітна-рэзананснай тамаграфіі, — пашкоджанне меніска — не пацвярджаецца. Складаныя тэрміны, зразумелыя медыкам, для журналістаў Юрый Казіміравіч растлумачвае проста:

— Мы бачым, што храсток тут разлахмачаны. А вось і той адломак храстка, які маладому чалавеку сапраўды перашкаджаў нармальна хадзіць і тым больш змагацца з сапернікамі на дыване. Мы выдалім адарваную частку храстка, якая блакіруе калена. Затым пашкоджаную частку «адшліфуем». Гэта значыць, правядзём хондрапластыку. Фактычна абсталяванне дазваляе нам падчас аперацыі ўдакладняць дыягназ і прыняць адзінае правільнае рашэнне.

На экране адарваны кавалачак храстковай тканкі выглядае як белы каменьчык. Насамрэч на тонкім інструменце хірурга — ледзь заўважны, у некалькі міліметраў абломачак. Менавіта ён і быў той прычынай, чаму нага ў Антона страчвала часам нармальныя функцыі. Пятнаццаць хвілін — і калегі Юрыя Коса пачынаюць зашываць дзве маленькія дзірачкі на калене хворага.

Сярод пацыентаў галоўным чынам мужчыны ад 18 да 40 гадоў. Урачы кажуць, што новае абсталяванне дазволіць праводзіць удвая больш аператыўных умяшанняў. Да таго ж павялічыцца эфектыўнасць лячэння і значна скароціцца час правядзення аперацыі. Дарэчы, на артраскапічны комплекс было выдаткавана каля $240 тысяч cа сродкаў абласнога бюджэту.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Кульгаць не прыйдзецца

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.