Вы тут

Знойдзена найстарэйшае пасланне ў бутэльцы


На пляжы Заходняй Аўстраліі была знойдзена бутэлька з лістом, датаваным 1886 годам. Як стала зразумела з яго, бутэлька была скінутая больш за стагоддзе таму з карабля ў Індыйскім акіяне, прыкладна за 950 кіламетраў ад месца знаходкі, перадае SсіеnсеАlеrt.


Ліст у бутэльцы знайшла мясцовая жыхарка Тоня Ілман у пачатку гэтага года, за 50 метраў ад берагавой лініі. Дзіўна, што хоць у бутэльцы не было корка, яна сама ў цэлым і яе змесціва былі ў даволі добрым стане. Ліст, як высветлілася, быў часткай эксперыментаў, якія праводзіліся нямецкімі даследчыкамі з 1864 да 1933 года, для вывучэння акіянічных плыняў. У гэты час з нямецкіх караблёў скідаліся тысячы падобных бутэлек, кожная з якіх утрымлівала ліст, які паведамляў дату, дакладныя каардынаты карабля (у момант адпраўкі ліста), яго назву, порт рэгістрацыі і маршрут, па якім ішло судна. Пры гэтым на адваротным баку ліста знаходзіўся анкетны бланк, у якім той, хто знайшоў бутэльку, паказаў бы, калі і дзе яна была выяўлена, а затым накіраваў бы ў германскую марскую абсерваторыю ў Гамбургу ці ў найбліжэйшае нямецкае консульства. Як вынікае са знойдзенага ліста, ён быў адпраўлены 12 чэрвеня 1886 года з карабля пад назвай «Паўла», які ішоў з Кардыфа на Мадагаскар.

Сям'я Ілманаў аднесла бутэльку з лістом у Музей Заходняй Аўстраліі. Спецыялісты пацвердзілі, што ў пасланні напісана дакладная дата: сапраўды, карабель «Паўла» ішоў па адпаведным маршруце ў 1886 годзе. Хоць у рамках эксперымента з нямецкіх караблёў скідаліся тысячы такіх бутэлек, знойдзенае пасланне стала ўсяго толькі 663-м знойдзеным з іх на цяперашні момант.

Згодна з Кнігай рэкордаў Гінеса, папярэдняе самае старое пасланне ў бутэльцы блукала па хвалях 108 гадоў і 138 дзён (дарэчы, яно было часткай падобнага эксперымента, які праводзіўся Вялікабрытаніяй). Знаходка Тоні Ілман правяла ў моры на 24 гады больш, але не змагла пабіць неафіцыйны рэкорд, які належыць пасланню японскага марахода Цюнасуке Мацуяма, які пацярпеў караблекрушэнне ў 1784 годзе. Аповед пра яго лёс, выразаны на какосавай пальме, дасягнуў Японіі толькі ў 1935 годзе, гэта значыць праз 151 год.

Іван КУПАРВАС

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.