Вы тут

Выйшаў нарыс «Рыгор Барадулін: Паэт беларускай правінцыі»


У выдавецтве «Харвест» працягваецца рэалізацыя кніжнага праекта «100 выдатных дзеячаў беларускай культуры». Навінка — дакументальны нарыс Андрэя Мельнікава «Рыгор Барадулін: Паэт беларускай правінцыі».


Лаканічны фармат аповеда, уважлівы разгляд усіх перыядаў жыцця і творчасці народнага паэта Беларусі Рыгора Іванавіча Барадуліна, трапныя характарыстыкі ў адносінах да найболей знакамітых і буйных твораў — усё гэта робіць кнігу досыць насычанай. А. Мельнікаў спрабуе правесці агледзіны не толькі жыцця, творчасці літаратара, але і прыўзняцца ў асэнсаванні яго, Рыгора Барадуліна, месца ў беларускай літаратуры, беларускім грамадскім і культурным жыцці. З кнігі можна даведацца пра стасункі паэта з нацыянальна-дэмакратычным рухам у канцы 1980 — у пачатку 1990-х, а таксама пра спробы вылучэння Рыгора Барадуліна на Нобелеўскую прэмію па літаратуры.

І ўсё ж шмат болей увагі ўдзяляе А. Мельнікаў повязі паэта з родным краем, родным домам, акрэслівае вытокі зацікаўлення літаратара роднай беларускай мовай. Падрабязна пералічвае настаўнікаў, якія самім ладам жыцця, самім вопытам свайго настаўніцтва былі прыкладам, давалі ўрокі і роднага слова, і павагі і любові да роднага. З цікавасцю чытаюцца старонкі, прысвечаныя самым блізкім людзям — маці і бацьку паэта.

Нарыс пра Рыгора Барадуліна — адна з дзясяткаў кніжачак папулярнай «харвестаўскай» серыі. Некалі яшчэ выдавецтвы «Полымя» і «Навука і тэхніка» выдавалі кнігі ў серыях пад агульнай назвай «Нашы славутыя землякі». Цяпер зрэдчас гэты «брэнд» падтрымлівае выдавецтва «Тэхналогія». А ў прынцыпе літаратуры, прысвечанай персаналіям айчыннай гісторыі, катастрафічна не хапае. Літаратуры масавай, разлічанай на шырокае кола чытачоў. Так што праект выдавецтва «Харвест» з яснай і зразумелай назвай «100 выдатных дзеячаў беларускай культуры», заснаваны ў 2012 годзе, заслугоўвае павагі і шырокай прапаганды.

Сяргей ШЫЧКО

Загаловак у газеце: Паэт беларускай правінцыі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».