Вы тут

Што прапануе сучасны беларускі аграэкатурызм?


Усяго гадоў дзесяць таму які мы маглі прапанаваць адпачынак на вёсцы, асабліва ў халодны час? Усадзіць і абабраць, прабачце, абагрэць, у лепшым выпадку, арганізаваць рыбалку, паляванне.

Канешне, можна было б і далей сядзець і галасіць: «А ў нас нічагусенькі няма, а хто да нас паедзе?» Але знайшліся апантаныя і крэатыўныя людзі, якія здолелі зрабіць сапраўдны пераварот у агратурызме. З'явіліся не толькі сядзібы, на базе якіх створаны музеі, ладзяцца разнастайныя фестывалі, конкурсы, квэсты, майстар-класы. Функцыянуюць цэлыя турыстычныя маршруты, насычаныя падзеямі і ідэямі, над якімі чаравалі гаспадары сядзіб, рамеснікі, музейшчыкі і нават школьнікі. І падчас падарожжа па так званых зялёных маршрутах вы сустрэнеце ў тым ліку варыянты для адпачынку, якіх не прапануюць больш нідзе ў свеце. Прычым «індустрыя ўражанняў» на вёсцы развіваецца з кожным годам. Турыста ўжо можна перадаваць як эстафетную палачку. І на кожнай кропцы, дзе затрымаецца, ён можа разлічваць і на гасцінны прыём, і на пазнавальна-забаўляльныя праграмы.


Гатуем сваё!

Сёння мала эксплуатаваць тэму гісторыка-культурнай спадчыны — на адных экскурсіях турыста доўга ў пэўным рэгіёне не затрымаеш. Але можна прыдумляць розныя формы, як тую ж гісторыю і традыцыі падаць. Так, у Зэльве ладзіцца Ганненскі кірмаш з тэатралізаванымі выступленнямі, конкурсамі, гуляннямі. Між іншым, пару стагоддзяў таму гэтыя мясціны былі вельмі папулярныя ў заморскіх купцоў, сюды на конны кірмаш з'язджаліся з усёй Еўропы. Таму ў гарадскім пасёлку нават з'явіўся музей, прысвечаны згаданай тэме.

У раёне ладзіліся зялёныя гулянкі (экафестывалі), а сярод апошніх распрацовак для турыстаў — цэлая праграма «Свежаніна ў Міхася», дзе гасцям раскажуць і пакажуць, як разбіраць свінчо, рабіць з яго розныя смачныя стравы. Між іншым, менавіта кулінарнымі традыцыямі, у першую чаргу, можа пахваліцца раён. У аграгарадках — кожны месяц праводзяцца святы «клубніц», «малака», «калодзежа». Але асабліва трэба адзначыць конкурс «Гатуем сваё», калі журы са страў, прапанаваных мясцовымі гаспадынямі, абрала топ-9, сярод якіх курыца ў гарбузе, бульбяныя камы з грыбамі, галышы па-беларуску, каўдык, пызы па-галынкаўску. Яны будуць занесеныя на гастранамічную карту раёна, і плануецца, што адзін раз на месяц будуць падавацца ў раённых рэстаранах, аграсядзібах.

Да справы па зборы інфармацыі пра традыцыйную спадчыну прычыніліся і мясцовыя школьнікі. У экспедыцыях хлопцы і дзяўчаты з Князеўскай школы высвятлялі, як праходзілі старыя абрады, фатаграфавалі ўнікальныя аб'екты, што захаваліся ў раёне, запісвалі старадаўнія рэцэпты. У выніку з'явіліся кулінарныя брашуркі, краязнаўчы каляндар, адметна аформленая фотавыстава. Папаўняўся экспанатамі школьны музей. Невыпадкова Князеўская школа стала адной з тых самых кропак турыстычнага маршруту «Зэльвенскі дыяруш», дзе гатовы прыняць турыстаў, прычым, пры папярэдняй дамоўленасці, вы зможаце тут нават пакаштаваць стравы, прыгатаваныя па рэцэптах, сабраных у экспедыцыях.

У аграсядзібе «Сад маёй мары» госці змогуць паўдзельнічаць у міні-квэстах і майстар-класах па прыгатаванні «зэльвенскіх смузі». Гаспадар «Старой весі» запрашае на экскурсіі на пчаліную пасеку, у музей насякомых, падзеліцца, як лавіць начных матылёў на святло. А разам з супрацоўнікамі Дома рамёстваў можна навучыцца рабіць адмысловыя сувеніры.

Можна яшчэ доўга пералічваць цікавінкі, якімі напоўнены маршрут «Зэльвенскі дыяруш», але лепш прыязджайце сюды адпачываць — сапраўды будзеце ўражаны, як незвычайна можна правесці час нават у самым маленькім раёне Гродзеншчыны. А каб зручней было арыентавацца на маршруце, для вас падрыхтавалі пашпарт турыста, у якім сабрана інфармацыя пра найбольш цікавыя аб'екты Зэльвеншчыны.

Валожыншчына прапануе...

Гістарычныя факты, на якіх можна закруціць сюжэты экскурсій, фестываляў, фэстаў знойдуцца ў кожным раёне, — упэўнены ўдзельнікі круглага стала, арганізаванага грамадскай арганізацыяй «Адпачынак у вёсцы». Але яны заўважылі, што, нават калі не кранаць тэму гісторыка-культурнай спадчыны, заўсёды можна прыдумаць, чым заняць турыстаў. Яскравы прыклад таму — зялёны маршрут «Валожынскія гасцінцы».

Так, адзін з першых вяровачных гарадкоў з'явіўся менавіта тут. Ідэю малпалэнда ўпадабалі адразу не толькі турысты, але і прадстаўнікі розных устаноў, аграсядзіб па ўсёй Беларусі.

Самая буйная (300 кіламетраў) маркіраваная сетка веламаршрутаў зноў жа пачала дзейнічаць на Валожыншчыне. Інфармацыю пра яе можна знайсці на розных сайтах, а таксама гэтыя веламаршруты нанесены на карту.

Актыўна развіваецца тут і конны турызм, прычым пры жаданні цікавыя падарожжы на конях вам могуць арганізаваць як на адзін дзень, так і на чатыры-пяць.

Агульны прыватны флот Валожынскага раёна — адзін з самых моцных у краіне. І калі гадоў з дзесяць таму толькі адзінкі сплаўляліся па рэках раёна, цяпер водных турыстаў у летні час тут тысячы. Уладальнікі нематорных лёгкіх лодак дамаўляюцца паміж сабой аб цэнах, таксама гаспадары аграсядзіб кааперуюцца ў пытаннях арганізацыі адпачынку і пражывання турыстаў. І сёння Валожыншчына здольная прыняць турыстаў з любымі запатрабаваннямі — можна спыняцца хоць у кемпінгу, хоць у салідных апартаментах.

Таксама тут плануюць развіваць лыжны турызм, скандынаўскую хаду, якая сёння вельмі папулярная ў свеце...

І гэта мы не згадалі пра разнастайныя фестывалі на адкрытым паветры, анімацыйныя праграмы, батлейку, кірмашы і майстар-класы (сярод апошніх заняткі па вырабе музычных інструментаў, выпечцы хлеба, гравіроўцы на шкле).

І зялёныя маршруты працягваюць развівацца, нягледзячы на тое, што яны ўжо ўражваюць сваім «зместам». Людзі, якія сёння ўцягнутыя ў агратурызм, кожны год ламаюць галаву над тым, чым бы яшчэ насыціць адпачынак у вёсцы. А ці не ў гэтым сакрэт поспеху?

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: Курыца ў гарбузе, зялёныя гулянкі ды водныя сплавы

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.