Вы тут

Алена Іванаўна (19.05.1476 — 20.01.1513)


Жыццё гэтай жанчыны было прынесена ў ахвяру палітычным інтарэсам блізкіх ёй людзей — бацькі і мужа. Кожны праз яе дамагаўся свайго, а ў выніку зламалі яе жыццё. Хоць, канешне, высокае паходжанне ўжо прадвызначала лёс Алены Іванаўны, якім яна не магла распараджацца. І тым больш прыстойна выглядаюць паводзіны Алены Іванаўны, якая захавала сваю чалавечую і жаночую годнасць. Яе лёс, сапраўды, светлая старонка ў змрочнай гісторыі варожасці і войнаў паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Вялікім Княствам Маскоўскім.


Алена была дачкой маскоўскага ўладара Івана ІІІ і пляменніцы апошняга візантыйскага імператара Канстанціна ХІІ Палеалога, Сафіі. Бацька Сафіі, малодшы брат імператара Фама, знайшоў прытулак пры двары папы рымскага Паўла ІІ. У надзеі пашырыць свае ўплывы папа сасватаў Сафію за вялікага князя маскоўскага Івана ІІІ. З гэтага шлюбу і нарадзілася ў 1476 г. Алена. Выхаваная ў строгім шанаванні бацькоў і адданасці праваслаўнай веры, яна была б добрай жонкай якому-небудзь удзельнаму князю, як яе сёстры, і, пэўна, пачувала б сябе шчаслівай у сямейным жыцці. Аднак гістарычныя падзеі рашуча павярнулі яе лёс. Да Алены Іванаўны пасватаўся сам вялікі князь літоўскі Аляксандр Казіміравіч.

Гэта быў палітычны акт з мэтай паразумецца з Іванам ІІІ. Не маючы дастаткова сіл супрацьстаяць Маскве, урад ВКЛ (паны-рада) адно з выйсцяў бачыў у саюзе з маскоўскім уладаром праз шлюб яго дачкі з вялікім князем літоўскім. Магчымасць такога шлюбнага альянсу неафіцыйна абмяркоўвалася даўно, і толькі ў 1494 годзе Іван ІІІ даў згоду на яго, аднак пры ўмове не прымушаць Алену да прыняцця каталіцтва. І Аляксандр вымушаны быў прыняць гэтую ўмову.

І вось 13 студзеня 1495 г. Алена Іванаўна пакінула Маскву, каб ужо ніколі не вярнуцца ў родны горад. Бацька падрабязна і строга настаўляў дачку, як сябе паводзіць у чужой краіне: галоўнае — не падавацца ціску і ўгаворам каталікоў перайсці ў іх веру. Пакідаючы родны дом, Алена гучна плакала, нібыта прадчувала бяду.

У Літве Алену сустракалі ўрачыста і радасна. Людзі шчыра верылі ў тое, што шлюб Аляксандра і Алены прынясе мір паміж Літвой і Масковіяй. Паводле сведчанняў сучаснікаў, Алена вызначалася не толькі добрым і лагодным характарам, але і чароўнай прыгажосцю, што падкупляла сэрцы кожнага, хто яе бачыў. Вянчанне 34-гадовага Аляксандра з 19-гадовай Аленай адбылося 15 лютага 1495 г. у віленскім касцёле Св. Станіслава. Разам з біскупам урачысты цырыманіял выконваў і праваслаўны святар, які прыехаў з Аленай з Масквы. З самага пачатку веравызнанне стала паміж мужам і жонкай.

Тым не менш Алена падтрымлівала мужа ў яго дзеяннях і палітычных рашэннях, суправаджала яго ў паездках па краіне, пазней дапамагала яму стаць польскім каралём і нават паабяцала свекрыві, каралеве Альжбэце, служыць ёй з «поўнай радасцю і пакорлівасцю». Невядома, ці прынёс Алене гэты шлюб простае жаночае шчасце, бо ўсё ж яна не нарадзіла дзяцей. А непрыемнасцяў ёй хапала, бо на яе насядалі каталікі з прапановамі прыняць каталіцтва, пазней палякі адмовяцца прызнаваць яе польскай каралевай і каранаваць. Як мог, Аляксандр абараняў жонку і заявіў каталіцкім святарам, каб яны не ўмешваліся ў ягонае сямейнае жыццё. Сваю любоў да жонкі ён паказваў не толькі абаронай яе веравызнання ці багатымі падарункамі, але і праявамі простага чалавечага клопату. Так, ведаючы яе любоў да музыкі, Аляксандр запрасіў у Вільню з Кракава слыннага капельмайстра Генрыха Фінека.

Не спыніў гэты шлюб войнаў з Масковіяй. Іван ІІІ на падставе таго, што Аляксандр не выконвае дамовы (нібыта прымушае Алену да лаціны), развязаў чарговую вайну з ВКЛ. Алену лічылі віноўніцай гэтай вайны. А яна ездзіла ў непрыхільны да яе Кракаў, каб выцягнуць адтуль мужа для абароны краю. Яна, паддаючыся просьбам польскіх саноўнікаў, угаварыла Аляксандра памірыцца з Іванам ІІІ і ўратаваць польскія землі ад спусташальных набегаў маскоўскіх саюзнікаў — крымскіх татар. Урэшце, у лісце да бацькі горача прасіла спыніць вайну. «Калі, гасудар бацюшка, Бог табе не паклаў на сэрца мяне, дачку сваю, мілаваць, дык навошта мяне з зямлі сваёй выпусціў і за такога брата свайго выдаваў? Злітуйся, вазьмі па-старому любоў і сяброўства з братам і зяцем сваім».

Колькі болю гучала ў яе словах, якія не кранулі бацькоўскае сэрца. Між тым Алена выконвала бацькоўскі наказ і цвёрда трымалася праваслаўя.

Са сваіх багатых маёнткаў (Княжыцы, Смаляны, Браслаў, Лёчыцы і інш.) і Магілёўскага староства Алена падтрымлівала праваслаўную царкву ў ВКЛ. Вядомыя яе шчодрыя падарункі віленскаму сабору Прачыстай Багародзіцы (які яна аднавіла) і Пакроўскай царкве, менскаму Узнясенскаму манастыру і Саборнай царкве, кіеўскаму манастыру Св. Мікалая, Супральскаму манастыру і іншым. З імем Алены Іванаўны звязана і з'яўленне ў Менску цудадзейнага абраза Менскай Божай Маці. Гэты абраз, паводле маскоўскага дакумента 1597 г., «надала славное и святое памяти королевое Олена». Яна ж прывезла ў Літву цудадзейныя абразы Віленскай, Каложскай, Бельскай адзігітрый і перадала мясцовым цэрквам.

Іншым стала жыццё Алены пасля смерці мужа ў 1506 годзе. Аляксандр завяшчаў апеку над ёй свайму брату Жыгімонту Казіміравічу, якому перадаў вялікае княжэнне. Падтрымка Алены прыйшлася дарэчы Жыгімонту, калі рэальна існавала пагроза захопу ўлады князем Міхаілам Глінскім. У падзяку Жыгімонт аддаў Алене Іванаўне Бельск, Сураж і Бранск. Багатая маладая ўдава, відавочна, сумавала ў чужой краіне, без сям'і, без родных, без сяброў. Яна часта пакідала свой дом у Ніжнім замку ў Вільні і наведвала свае маёнткі, асабліва Браслаў, дзе заснавала жаночы манастыр і царкву Св. Варвары. Падазравалі, што Алена хоча вярнуцца ў Маскву. Якраз яе багацце і стала фатальнай перашкодай для вяртання. Асноўную частку свайго скарбу коштам 400 000 дукатаў (гэта васьмігадовы даход польскіх каралёў) Алена захоўвала ў віленскім кляштары францысканцаў. Баючыся, што гэтае багацце Алена вывезе ў Маскву, ёй не выдавалі яго, а ваявода віленскі Мікалай Радзівіл забараніў ехаць у Бранск, дзе яе чакалі маскоўскія атрады. Хоць Жыгімонт і адмяніў загад ваяводы, але выезд у Бранск сарваўся.

Загадкавай была смерць Алены Іванаўны. Яна ў 1513 годзе патаемна дамовілася са сваім братам, вялікім князем маскоўскім Васілём Іванавічам, вярнуцца ў Маскву. Для гэтага яна збіралася выехаць у Браслаў, куды павінны былі падысці маскоўскія атрады. Ёй ужо непатрэбны быў і скарб, яна проста хацела вярнуцца на радзіму. Аднак на загад Радзівіла Алену сілай адвезлі ў маёнтак, дзе яна раптоўна памерла. Падазрэнне ў яе смерці лягло на Мікалая Радзівіла, па заказе якога нібыта яе атруцілі. Смерць Алены не засмуціла Жыгімонта: «Гэтым дзяржаве нашай нямала паменшыла клопату». Хоць шчыра смуткавалі па сваёй добрай гаспадыні праваслаўныя вернікі ў Вялікім Княстве Літоўскім.

Калі і хацелася б знайсці нейкія заганы ў Алены Іванаўны, дык гэта цяжка зрабіць. Яе светлы вобраз бачыцца як постаць святой, якая адпакутвала і за сваю веру, і за людзей, якім яна спрыяла сваёй добрай і чыстай душой.

Вітаўт ЧАРОПКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».