Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» расказваем пра старт новага сезона ў беларускім футболе, выступленні нашых спартсменаў на Параалімпіядзе-2018 і гульні беларускіх тэнісістак на турніры ў ЗША.


1. Святлана Саханенка перамагла ў лыжнай гонцы на 15 км вольным стылем на Параалімпійскіх гульнях сярод спартсменак у катэгорыі В2 для атлетаў з парушэннямі зроку. На фінішы беларуска паказала вынік 49 хв. 11,7 сек. Для Святланы гэта ўжо другі медаль на гэтых Параалімпійскіх гульнях у Пхёнчхане. Раней яна заваявала «бронзу» ў біятлоне, стаўшы трэцяй у спрынце на 6 км.

Другі сярэбраны медаль на Параалімпійскіх гульнях заваяваў беларус Юрый Голуб у лыжнай гонцы на 20 км у катэгорыі В3 для спартсменаў з парушэннямі зроку. Раней ён стаў другім у біятлоне ў спрынце на 7,5 км. У актыве беларускіх параалімпійцаў на зімовых Параалімпійскіх гульнях у Пхёнчхане ўжо 6 медалёў (1 залаты, 3 сярэбраныя, 2 бронзавыя), беларуская каманда займае дзявятае месца ў медальным заліку.


2. Беларускі баксёр Кірыл Рэліх перамог у паядынку за званне чэмпіёна свету па версіі Сусветнай баксёрскай асацыяцыі (WBА). Матч за тытул з кубінцам Рансесам Бартэлемі ў першай паўсярэдняй вазе да 63,5 кг адбыўся ў Сан-Антоніа.

Суддзі ў 12-раўндавым баі аддалі перавагу беларусу, які выйграў па ачках. У 2016-м Кірыл Рэліх ужо прымаў удзел у баі за тытул чэмпіёна, але тады саступіў брытанцу Рыкі Бернсу.


3. Тры ўзнагароды заваявалі беларускія атлеты на Кубку Еўропы па лёгкаатлетычных кіданнях у Партугаліі. Найбольш значнага поспеху дабілася беларуска Алёна Дубіцкая, якая ў штурханні ядра з вынікам 18 м 47 см заняла другое месца. Пераможцай стала вядомая венгерская спартсменка Аніта Мартан — 19 м 12 см.

Сярэбраны медаль у кіданні дыска сярод атлетаў да 23 гадоў (маладзёжная катэгорыя) заваяваў беларус Віктар Трус, які ўжо ў першай спробе адправіў снарад на 58 м 66 см.

Трэцюю ўзнагароду ў скарбонку беларускай каманды прынесла Ганна Тарасюк. У кіданні кап'я сярод спартсменак да 23 гадоў яна заняла другое месца — 56 м 48 см.


4. Футбалісты брэсцкага «Дынама» ўпершыню сталі ўладальнікамі Суперкубка Беларусі, на полі ФК «Мінск» яны перамаглі барысаўскі БАТЭ — 2:1. На 14-й хвіліне аўстрыйскі легіянер дынамаўцаў Сандра Готал упэўнена рэалізаваў пенальці — 1:0. Падапечныя Алега Дулуба кінуліся адыгрывацца, аднак брастаўчане ўсё роўна імкнуліся дзейнічаць першым нумарам. Вынікам іх гульнявой перавагі стаў другі гол, які на 30-й хвіліне забіў Максім Вітус.

У другой палове сустрэчы каманда Радаслава Латала дзейнічала строга па ліку, аддаўшы ініцыятыву БАТЭ. Барысаўчане правялі шмат атак, але толькі ў самай канцоўцы, на 4-й кампенсаванай хвіліне, здолелі скараціць разрыў у ліку пасля ўдару Мікалая Сігневіча — 2:1.

Да гэтага ўладальнікамі Суперкубка Беларусі сем разоў станавіліся футбалісты БАТЭ (2010, 2011, 2013—2017), адзін раз трафей заваяваў «Гомель», які абыграў у 2012 годзе тых жа барысаўчан.


5. Вікторыя Азаранка прайграла ў другім крузе адзіночнага разраду тэніснага турніру ў амерыканскім Індыян-Уэлсе. Свой другі паядынак яна правяла няўдала, саступіўшы амерыканцы Слоан Стывенс — 1:6, 5:7. Раней яшчэ адна беларуская тэнісістка Арына Сабаленка прайграла ў 1/16 фіналу чэшцы Маркеце Вандроўшавай — 2:6, 2:6. Аляксандра Сасновіч у паядынку 3-га круга сустрэнецца з прадстаўніцай Даніі Каралін Вазняцкі. У мужчынскім парным разрадзе Максім Мірны і амерыканец Раян Харысан завяршылі выступленне, прайграўшы ў першым раўндзе галандска-румынскаму тандэму Жан-Жульен Роер / Хорыя Тэкау — 6:7 (5:7), 4:6.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: Гульні мужных

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.