Вы тут

Чысты абрус


«Лепш за ўсіх» — гэта не пра ўсіх

З усіх дзяжурных і звычайных віншаванняў і пажаданняў на 8 Сакавіка (вясны ў душы, квітнець, быць маладой і каханай і г. д. і да т. п.), чутых у розных варыяцыях штогод, а ад таго, здаецца, не вельмі шчырых, на якія без эмоцый проста адказваеш дзяжурнае «дзякуй», мне сёлета пашанцавала атрымаць адно арыгінальнае. Чатырохгадовы Кастусёк, сын пляменніцы, стаміўшыся паўтараць усім шматлікім бабкам-цёткам пажаданні здароўя, шчасця, кахання і г. д., якім навучыла яго маці, мне па тэлефоне выдаў: «Жадаю, каб у цябе была новая прыгожая мэбля, а на стале ў кухні ляжаў такі абрус, які ніколі не пэцкаецца!» Мы з яго маці пасля доўга рагаталі, дзівіліся, якая ў малога практычна нацэленая фантазія, спрабавалі разгадаць, адкуль што ўзялося (я нават старалася ўспомніць: можа, тое дзіця і праўда бачыла ў мяне на стале запэцканы абрус?). Настрой ад гэткага неспадзяванага віншавання быў увесь вечар гарэзліва-жартаўлівым, нібы сама крыху здзяцінела. А пасля падумалася пра тое, што ўжо, напэўна, праз год, ну можа, праз два мы ад гэтага хлопчыка наўрад ці пачуем штосьці падобнае. Падросшы, ён ужо будзе дакладна выконваць правілы, і гаварыць толькі тое, што прынята ў той ці іншай сітуацыі...


Вось цікава: у які момант чалавек раз і назаўсёды страчвае сваю шчырасць і непасрэднасць, закладзеную ў ім пры нараджэнні? Калі ён пачынае разумець, што гаварыць тое, што думаеш, не заўсёды добра і можна? Дзе тая адпраўная кропка, калі пачынаеш станавіцца паўнапраўным членам грамадства — тыпова дзейнічаць, тыпова думаць, тыпова разважаць? Маючы ўсе шанцы, калі Бог не надзяліў эпатажнай смеласцю або адмысловым талентам, стаць правільным і сумным, як сілікатная цагліна?

Здавалася б, менавіта сёння ад гэтай тыповасці нашы дзеці застрахаваныя як ніколі. Асабліва ў вялікіх гарадах столькі школ ранняга развіцця, столькі гурткоў, студый, якія прымаюць вучняў ледзь не з пялюшак. Яны наперабой абяцаюць выявіць у вашага дзіцяці здольнасці з самага ранняга ўзросту і развіць іх. Здавалася б, што можа быць лепш. І клапатлівыя бацькі, турбуючыся пра будучыню, вядуць ледзь не немаўлят у студыю, на кастынгі, на курсы. Якія зусім не бясплатныя. Ці не гэта прычына, што прымаюць туды амаль усіх? І тут яны становяцца рабамі прыдуманых стэрэатыпаў хутчэй, чым у любым іншым месцы. Бо ты не можаш быць неталенавітым, непаспяховым, неразумным. Ты павінен адпавядаць. Дзіўна назіраць, як дзяўчынка гадоў пяці стараецца ісці па вуліцы, як мадэль па подыуме, а хлопчык дашкольнага ўзросту, едучы ў метро, трымае ў руках кніжку на замежнай мове (усё б нічога, пакуль не ўбачыш выраз яго твару)...

Але ж не ўсім быць мадэлямі і дыпламатамі, не ўсім быць самымі лепшымі. Так не бывае. Толькі як растлумачыць гэта яшчэ зусім малым чалавекам, калі іх бацькоў (а бацькі пасля — іх) заточвалі менавіта на гэта? І праграма «Лепш за ўсіх!», якую рэтранслююць з расійскага канала, — не самая лепшая для выхавання нармальных дзяцей. Нагледзеўшыся на вундэркіндаў, сабраных з шостай часткі сушы, яшчэ больш і нашых мам-татаў кінуцца шукаць у сваіх дзетак адмысловыя таленты. Калі ж не атрымаецца — ёсць вялікая верагоднасць займець пакаленне запраграмаваных няўдачнікаў, якія пацярпелі фіяска ў раннім дзяцінстве і якія больш не маюць жадання адчуць штосьці падобнае.

І такіх ужо шмат. Знаёмая працуе выкладчыкам інфарматыкі ў сталічнай гімназіі. Расказвала нядаўна пра адзін цікавы парадокс, які назірае апошнія некалькі гадоў. За тую задачу, якую дзесяць гадоў назад сямікласнік з цяжкасцю, але рашыў бы ці хоць бы паспрабаваў гэта зрабіць, большасць сямікласнікаў сённяшніх нават не возьмуцца. І гэта пры тым, што гэтыя сённяшнія сямікласнікі сядзяць за камп'ютарам у разы больш, чым іх умоўныя папярэднікі, а размова ідзе, падкрэслю, пра задачу па інфарматыцы. І справа тут не ў тым, што нашы дзеці падурнелі. «Яны сталі вельмі баяцца памыліцца. Яны баяцца спрабаваць, ім трэба, каб адразу было дакладна і правільна», — тлумачыць паводзіны сваіх сённяшніх вучняў настаўніца з трыццацігадовым стажам.

Наш Кастусь пакуль не ходзіць ні ў якія развіваючыя гурткі і студыі, бо бацькі вырашылі, што ў іх самае звычайнае дзіця, і аддалі яго ў самы звычайны садок. Гуляе з машынкамі і трансформерамі, штодня прыдумляе новыя прыгоды для любімага хамяка, катаецца з гары на санках. Здзіўляе бацькоў сваімі пытаннямі і высновамі, жадае цётцы на 8 Сакавіка чыстага абруса на стале...

А і праўда, з чаго б раптам ён пачаў фантазіраваць пра гэты абрус? Можа, з яго вырасце хімік, які прыдумае нейкую новую тканіну? А можа, стане добрым ткачом ці таленавітым кухарам? Пакуль гэта няважна. Хай спачатку вырасце добрым чалавекам, які не баіцца жыць.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.