Вы тут

Якія памылкі робяць бацькі ў выхаванні падлеткаў


Выхаванне падлетка — складаная задача, і большасць бацькоў з году ў год сутыкаецца з вялікімі цяжкасцямі. Колькасць падлеткавых самагубстваў значна вырасла і стала другой па велічыні прычынай смяротнасці ва ўзросце ад 14 да 20 гадоў. Сур'ёзна павысіўся ўзровень падлеткавых злачыннасці і цяжарнасці, наркаманіі і заражэння хваробамі, якія перадаюцца палавым шляхам. У чым прычыны такіх радыкальных змен?


Адна з іх — непадрыхтаванасць бацькоў і адсутнасць у іх разумення таго, як трэба кантактаваць з падлеткамі, лічыць псіхолаг Гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансера г. Мінска Вольга Хвяжэнка. Частка бацькоў не зусім правільна разумее, што такое падлеткавы перыяд і якія спадзяванні трэба ўскладаць на сваіх дзяцей.

— Падлетак — гэта дзіця, якое знаходзіцца на шляху да дарослага жыцця, — кажа Вольга Хвяжэнка. — Гэта пакуль яшчэ не дзяўчына ці юнак, і ўсе патрэбнасці застаюцца дзіцячымі. Самая распаўсюджаная памылка — гэта тое, што ўсе навакольныя лічаць падлетка дарослым і патрабуюць адпаведнай адказнасці за ўчынкі.

Падлеткам, як і ўсім дзецям, неабходна ведаць і адчуваць, што іх любяць і прымаюць такімі, якія яны ёсць, што пра іх клапоцяцца, што блізкія да іх неабыякавыя. Падлетак можа быць высокага росту і больш моцным за сваіх бацькоў, але эмацыянальна застаецца дзіцем. Калі ён не мае бясспрэчных доказаў бацькоўскай любові, ён перастае імкнуцца рэалізаваць свае лепшыя якасці.

Выхоўваць падлетка складана яшчэ і таму, што ён большую частку часу праводзіць пад уплывам іншых: настаўнікаў, равеснікаў, суседзяў, прадстаўнікоў масавай культуры. Але трэба памятаць, што толькі сям'я можа стварыць для яго атмасферу душэўнага камфорту, абароненасці, упэўненасці ў сабе, навучыць яго правільна ставіцца да старэйшых, равеснікаў, маленькіх дзяцей, карэктна паводзіць сябе ў нестандартных сітуацыях.

Часта ў наш час адбываецца тое, што называецца зменай роляў. Бацькі чакаюць ад дзяцей запаўнення свайго эмацыянальнага вакууму — недахопу шчырага і цёплага кантактавання. Гэта можа здарыцца ў любой сям'і, але найчасцей характэрна для няпоўных. Некаторыя бацькі-адзіночкі ўстанаўліваюць з дзецьмі-падлеткамі даверлівыя адносіны, падобныя на тыя, якія бываюць паміж дарослымі сябрамі ці калегамі. Прычынай таму служыць адсутнасць суразмоўніка, з якім можна падзяліцца сваімі дарослымі праблемамі. Такія бацькі скардзяцца падлетку на сваё пачуццё адзіноты, прыгнечанасці ці несправядлівага стаўлення ў дачыненні да сябе з боку навакольных. Так яны перастаюць выконваць сваю ролю, бо менавіта бацькі павінны задавольваць псіхалагічныя патрэбы падлетка, а не наадварот. Бацькі павінны ў любых жыццёвых абставінах заставацца апорай і падтрымкай для падлетка — гэта натуральны ход падзей. Таму падтрымку для сябе трэба шукаць дзе пажадаеце, але не ў дзецях.

Можна спытаць меркаванне падлетка ці параду, але не для таго, каб перакласці прыняцце рашэння ці займець іх эмацыянальную падтрымку. Нельга патрабаваць ад іх дапамогі ў аблягчэнні пакут. Гэтак сама нельга быць пастаянна строгімі з імі, асабліва калі існуе псіхалагічная залежнасць ад іх.

Найпершы бацькоўскі абавязак заключаецца ў тым, каб падлетак адчуваў сябе пяшчотна любімым. А ў працэсе выхавання важна заставацца для яго аўтарытэтам і надзейнай апорай.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Даць пачуццё абароненасці

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.