Вы тут

Краіна чакае маршрутчыкаў з дагаворамі


Транспартны рынак павінен рэгулявацца, бо гэта, перш за ўсё, — бяспека людзей пры перавозках, лічаць у Мінтрансе. Галоўную задачу міністэрства сумесна з аператарамі бачыць у тым, каб дапамагчы арганізаваць перавозкі і засцерагчы пасажыраў ад небяспекі, а не правяраць маршрутчыкаў. Яны па-ранейшаму могуць заязджаць па пасажыраў у розныя населеныя пункты і спыняцца па патрабаванні, калі там маюцца адпаведныя ўмовы. Расклад руху і кошт білетаў таксама прапануе сам перавозчык.


Маршрутаў, якія зніклі, і не існавала

— Закон «Аб аўтамабільным транспарце і аўтамабільных перавозках» распрацоўваўся з 2015 года, і многія, у тым ліку і я, хацелі зрабіць яго больш жорсткім, — адзначыў намеснік міністра транспарту і камунікацый Аляксандр ШЫШКО, расказваючы пра вынікі сустрэчы ў Адміністрацыі Прэзідэнта з удзелам прадстаўнікоў перавозчыкаў. — Мы знайшлі, лічу, добрае ўзаемаразуменне з перавозчыкамі. Растлумачылі змяненні ў правілах перавозак, расказалі, як заключаць дагаворы, падаваць заяву. У кожнай вобласці аператары наладзілі прыём дакументаў, і цяпер мы чакаем актыўнага жадання перавозчыкаў на заключэнне дагавораў. У многіх рэгіёнах перавозчыкі іх ужо заключаюць.

Адмененыя сёння маршруты, на думку намесніка міністра, — тыя рэйсы, якіх фактычна і не існавала. Гэта нерэгулярныя перавозкі. А баяцца конкурсу, які будзе праведзены праз некалькі месяцаў, не варта. Гэта ў інтарэсах і перавозчыкаў, і пасажыраў, бо існуе выбар.

Вадзіцелі маршрутак змогуць прапанаваць свае расклады руху, па якіх яны працавалі. Гэта робіцца дзеля таго, каб не абмяжоўваць іх у напрацоўках, якія яны мелі, і каб ім было лягчэй уваходзіць на рынак, падкрэсліў Аляксандр Шышко. Патрабаванне адзначацца ў дыспетчара перад адпраўкай у рэйс і па прыездзе ў новым законе скіравана на тое, каб засведчыць, што перавозчык прыехаў у канцавы пункт, каб аператар ведаў, што паездка завяршылася ўдала. Пры гэтым умешвацца ў тое, як маршрутчык наладжвае работу з пасажырамі, ніхто не будзе, галоўнае, каб гэта рабілася цывілізавана.

— У Адміністрацыі Прэзідэнта мы абмяркоўвалі арганізацыю рэгулярных маршрутаў, каб транспарт быў даступны пасажырам, каб яны ведалі яго расклад і былі ўпэўнены, што аўтобус прыйдзе, яму выдадуць білет і, разлічыўшыся, чалавек атрымае страхоўку на бяспечны праезд, — паведаміў намеснік міністра. — Білет на рэйсавы рэгулярны маршрут — наша страхоўка. Такім чынам мы заключаем з перавозчыкам дагавор. Калі рэйсавы аўтобус не прыедзе, чалавек можа звярнуцца да перавозчыка, каб кампенсаваць страты. А што можна прад'явіць перавозчыку? Чэк? Гэта пацвярджэнне прыёму грошай, а не дагавор на перавозку.

На Полацк і Маладзечна

У Мінтрансе лічаць, што дзяржава дала перавозчыкам усе ўмовы для працы. Бясплатная ліцэнзія, права выбару маршруту абслугоўвання, аўтавакзалы і дыспетчарскія станцыі краіны гатовы прыняць увесь паток аўтобусаў. Дарэчы, кошт заезду адной машыны на вакзал абыходзіцца ад аднаго да чатырох рублёў. У адказ ад маршрутчыкаў патрабуюць толькі працаваць у межах закона, што, на думку Мінтранса, створыць у краіне здаровую канкурэнцыю і якаснае абслугоўванне. Лавіць несумленных кіроўцаў транспартнікі не будуць.

— У райцэнтрах рэйсавы аўтобус стаіць літаральна пару хвілін. Усе будуць паспяваць адзначыцца. Ніхто не прымушае карыстацца інфраструктурай вакзала. Заехаў, адзначыўся, паехаў, — дадаў Аляксандр Шышко. — Перавозчыкі лічаць, што пасажыры для іх, але гэта яны для пасажыраў. Калі ты зарабіў сабе добрае рэнамэ — падтрымлівай яго. Але калі камусьці не хочацца працаваць у межах закона і фіскала, гэта іх справа. Ніхто нікога не збіраецца лавіць. Будуць парушаць — на гэта ёсць падатковая інспекцыя, якая прыцягне да адказнасці за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць.

Прадстаўнік Мінтранса ўдакладніў, што ў здаровай канкурэнцыі ніхто нікога не выганяе. Але калі хтосьці не выконвае патрабаванні, яго месца зойме перавозчык іншай формы ўласнасці, які прыйдзе. У Мінскай вобласці, дарэчы, больш рэгулярных перавозчыкаў, чым нерэгулярных, таму тут і не здарылася такіх праблем, як у напрамку Полацка ды Салігорска.

Дарэчы, каб звязаць Мінск з Віцебскам, Полацкам ды Наваполацкам, транспартнікі выдзелілі дадатковыя аўтобусы, а з сённяшняга дня (3 сакавіка) на Полацк па чыгунцы пойдуць дадатковыя 3-4 вагоны, колькасць якіх на выхадныя пэўна будзе павялічвацца.

У дагаворы з перавозчыкам будзе прапісаны таксама абавязак мець сродак навігацыі на транспарце. «Дзякуючы яму відаць, калі аўтобус раптам сапсаваўся, а таксама і калі вадзіцель парушае правілы. Калі дыспетчар бачыць на рэгулярных перавозках, што рэйса няма з нейкай прычыны, ён на яго месца ставіць іншую машыну. У бяспецы лібералізацыі быць не павінна», — растлумачыў неабходнасць прылады намеснік міністра. Новы закон, мяркуецца, дапаможа пераадолець таксама праблему цяжкасці падліку колькасці прыватных перавозчыкаў і іх пасажыраў.

Адносна кошту білетаў, які, на думку пасажыраў, можа адразу падскочыць, калі ў пэўным рэгіёне застанецца толькі адзін перавозчык, Аляксандр Шышко заўважыў:

— Перавозчыкі маюць такі добры прыбытак, што павінны вазіць людзей у два разы танней, чым цяпер. Рухомы састаў, што з'явіўся на перавозках, добры. Значыць, былі сродкі яго набыць. Працуйце, але ўносьце свой уклад у бюджэт. На жаль, некаторыя прыйшлі на рынак перавозак, каб урваць. А мы павінны зрабіць яго такім, каб ён быў для пасажыраў. А канкурэнцыю, калі ласка, выйгравайце.

Ірына СІДАРОК

Загаловак у газеце: Заехаў, адзначыўся, паехаў

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.