Вы тут

Як на Мастоўшчыне ўдасканальваюць сацыяльную сферу


Перамогі ў алімпіядах, міжнародных конкурсах, спартыўных спаборніцтвах — колькасць таленавітай моладзі ў Мастоўскім раёне прыемна здзіўляе. Але для таго, каб здольнасці выявіліся, павінны быць створаныя спрыяльныя ўмовы. Пра тое, як над гэтым працуюць, расказала намеснік старшыні Мастоўскага райвыканкама, якая курыруе пытанні развіцця сацыяльнай сферы, Марына ДАВЫДЗІК.


Так, напрыклад, летась у дзвюх школах пачалі работу бізнес-кампаніі, дзе юных прадпрымальнікаў вучаць разумна абыходзіцца з грашыма. Дарэчы, адна з бізнес-кампаній пачала сваю работу ў эколага-біялагічным цэнтры, які ўжо вядомы на ўсю краіну: фларысты-пачаткоўцы нярэдка бяруць прызавыя месцы на рэспубліканскіх конкурсах. Не адстаюць ад сваіх вучняў і педагогі. Так педагог дадатковай адукацыі Наталля Бортнік у конкурсе фларыстаў «Купальская ночка» заваявала дыплом трэцяй ступені. А ў міжнародным конкурсе прафесійнага майстэрства спецыялістаў дашкольных адукацыйных устаноў краін СНД узяла дыплом другой ступені Юлія Біч. Гэта толькі невялікая частка ўзнагарод, заваяваных педагогамі, але яны самі сыходзяцца ў меркаванні, што няма нічога больш каштоўнага, чым поспех іх вучняў. Дарэчы, практычна 65 % школьнікаў задзейнічаны ва ўстановах дадатковай адукацыі. Занятасць станоўчым чынам адбіваецца на ўзроўні злачыннасці сярод непаўналетніх: яго атрымалася звесці практычна да нуля.

Хутка ў раёне з'явіцца яшчэ адзін суперсучасны аб'ект, які будзе спрыяць адукацыі маладога пакалення: раённая бібліятэка выйграла грант на 800 тысяч еўра па праграме трансгранічнага супрацоўніцтва. У бібліятэцы абсталююць шматфункцыянальны комплекс.

Пры гэтым не выпадае з-пад увагі і тэма здароўя, якая непарыўна звязана са спортам. У раёне ёсць дзяржаўная ўстанова «Мастоўская раённая спецыялізаваная дзіцяча-юнацкая школа алімпійскага рэзерву», дзяржаўная ўстанова «Гродзенскі абласны цэнтр алімпійскага рэзерву па вяслярных відах спорту», у школах два спартыўныя класы, у планах пашырыць іх колькасць. Асабліва добра зарэкамендавалі сябе юныя спартсмены Мастоўшчыны ў веславанні, баскетболе, валейболе і лёгкай атлетыцы. 13 хлопчыкаў і дзяўчынак удзельнічалі ў рэспубліканскай спартакіядзе школьнікаў, адкуль прывезлі 13 медалёў.

Праяўляюць сябе і дарослыя. Народны тэатральны калектыў раз у год рыхтуе вялікую прэм'еру, на якую імкнуцца трапіць усе мастаўчане. Дарэчы, менавіта ў гэтым раёне Эліза Ажэшка пісала свой раман «Над Нёманам», таму ў культурным жыцці рэгіёна згаданай тэме ўдзяляецца асаблівая ўвага.

Не застаюцца незаўважанымі і сацыяльна неабароненыя катэгорыі жыхароў. Вялікай падмогай для іх стала адкрыццё аддзяленняў дзённага знаходжання для інвалідаў і пажылых грамадзян. Для інвалідаў таксама адкрыта рэабілітацыйная працоўная майстэрня «Свечачны двор». З сакавіка 2017 года ўмельцы атрымалі магчымасць прадаваць свае вырабы на кірмашах і тым самым зарабляць грошы. Цяпер пільная ўвага ўдзяляецца стварэнню ў раёне паўнавартаснага безбар'ернага асяроддзя

Дар'я КАСКО

Загаловак у газеце: Свечачная майстэрня, мультыфункцыянальная бібліятэка і бізнес-кампанія для школьнікаў

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.