Вы тут

У Мастоўскім раёне аднаўляюць бальнічна-паліклінічны комплекс


Мастоўская цэнтральная райбальніца пабудавана ў 1960 годзе. У 1985 годзе ўведзены паліклінічны корпус. Паступова ішло будаўніцтва новых аддзяленняў. Некалькі гадоў назад райбальніца пачала набываць новы воблік.


Электрапад'ёмнік у дапамогу

За гэты час зроблена многае. Галоўны ўрач Валерый Ліс пералічвае асноўныя аб'екты, куды накіроўваліся сродкі на рамонт. Па-першае, адрамантавана інфекцыйнае аддзяленне, жаночая кансультацыя. Часткова праведзены рамонт паліклінікі. Палепшыліся ўмовы работы медыкаў, для іх абсталяваны ўтульныя, сучасныя кабінеты, пакоі адпачынку.

Сёлета рамонт паліклінікі будзе працягнуты. На гэтыя работы з абласнога бюджэту павінна паступіць 300 тысяч рублёў. Зараз складаецца праектна-каштарысная дакументацыя на рамонт астатняй часткі паліклінікі.

Асаблівая ўвага ўдзяляецца пацыентам з абмежаванымі магчымасцямі. Паўсюдна аднавілі пандусы, а каля лабараторнага корпуса дабудавалі новы. Тут жа ўсталяваны электрычны пад'ёмнік, з дапамогай якога інвалід-калясачнік можа падняцца на парапет і выклікаць званком рэгістратара, які будзе суправаджаць яго з каляскай.

Чакаюць транспарт і спецыялістаў

Паліклініка разлічана на 275 наведванняў у змену. Асноўная нагрузка прыпадае на першую палову дня. Многія пацыенты імкнуцца дабрацца зранку, каб паспець вярнуцца ў свае вёскі. Работа транспарту не заўсёды адпавядае жаданням жыхароў навакольных населеных пунктаў. Таму многія спадзяюцца на прыезд брыгады хуткай дапамогі.

— Выезды адбываюцца круглыя суткі, паступова мяняем аўтамабільны парк, — каментуе сітуацыю галоўны ўрач Валерый Ліс.

Урач-тэрапеўт Таццяна Александровіч зазначае, што нагрузка ўзрастае ў перыяд сезонных вірусных і рэспіраторных захворванняў, а таксама падчас прафілактычных аглядаў работнікаў сельскіх гаспадарак ці іншых устаноў. Таццяна расказала, што ў змену прымае звыш 30 чалавек. Каб знізіць рост колькасці выпадкаў вострых рэспіраторных інфекцый, 40 % насельніцтва прышчэплена супраць грыпу. Справіцца з нагрузкай і дапамагчы з пастаноўкай дыягназу маладым урачам дапамагаюць больш вопытныя калегі. Тут працуе сістэма настаўніцтва. У калектыве амаль трэцяя частка медыцынскага персаналу мае даволі значны працоўны стаж. У мінулым годзе на работу прыбылі 12 урачоў і 18 работнікаў сярэдняга медперсаналу, многія з іх — ураджэнцы Мастоўскага раёна. У жніўні павінен прыбыць урач-рэўматолаг, гэтага спецыяліста тут даўно чакаюць.

Трэнажор для ступні

Для рэабілітацыі пацыентаў у паліклініцы дзейнічае кабінет лячэбнай фізкультуры. Асаблівыя прыстасаванні зроблены для рэабілітацыі хворых пасля пераломаў, вывіхаў, траўмаў, іншых захворванняў, пры якіх адбываюцца парушэнні функцый руху.

Урач ЛФК Вікторыя Мазан паказала апарат для аднаўлення функцый суставаў, на якім можна выконваць пасіўныя і актыўныя рухі. Спецыяльныя трэнажоры прызначаны для ступні і галёнкі. Па словах Вікторыі, лячэбная фізкультура запатрабаваная. У хуткім часе тут плануюць наладзіць відэакансультацыі з абласнымі ўстановамі аховы здароўя.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Безбар'ернае асяроддзе, відэакансультацыі і незвычайны трэнажор

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».