Вы тут

Юрый Валяваты: Больш за ўсё ўвагі трэба ўдзяляць людзям


Чым жыве Мастоўскі раён.

Старшыня Мастоўскага райвыканкама Юрый Валяваты нарадзіўся ў Хойніцкім раёне, але сябе лічыць гродзенскім да мозгу касцей. Гэта і не дзіўна: ужо 24 гады яго жыццё непарыўна звязана з Гродзенскай вобласцю. Спачатку была вучоба ў Гродзенскім аграрным інстытуце, потым праца ў адной з найлепшых гаспадарак краіны — СВК «Свіслач», праз 12 гадоў Юрый Мікалаевіч сыходзіў адтуль галоўным аграномам, далей — Ваўкавыск і, нарэшце, Масты, дзе ўжо 1,5 года ён узначальвае райвыканкам. Аб спецыфіцы працы ў Мастоўскім раёне мы і пагаварылі.


— Галоўнымі паказчыкамі жыцця раёна прынята лічыць вынікі года. Якім для Мастоўскага раёна быў 2017-ы?

— Год быў вельмі складаны. Усё ж такі Мастоўскі раён у першую чаргу заняты ў аграрным сектары, а надвор'е ўнесла свае істотныя карэкціроўкі. Як нам першапачаткова здавалася, негатыўныя, але ў канчатковым выніку мы выйшлі на прырост па АПК 111,4 %, прычым з іх раслінаводства дало 130,4 %. Нядрэнны зачын зроблены і на бягучы год. З восені дадаткова зааралі 14 тысяч гектараў пад зябліва. Таксама аграрыі добра папрацавалі ў рамках правядзення асенне-палявых работ, і, калі надвор'е зноў не ўмяшаецца, гэта дасць свой станоўчы вынік па ўборцы ўраджаю. Мы выдатна разумеем, што патэнцыял, які фарміруецца азімымі збожжавымі, на 30 % вышэйшы, чым патэнцыял, які фарміруецца яравымі.

У цэлым з 13 даведзеных эканамічных паказчыкаў атрымалася выканаць 9. Найважнейшым з іх я лічу прырост валавой прадукцыі, а таксама прыцягненне замежных інвестыцый. Мы спрабуем шукаць дэмакратычныя падыходы ў працы з арганізацыямі прыватнай формы ўласнасці, дзе вялікая доля замежнага капіталу. У гэтым плане хочацца адзначыць СТАА «БТКУсход», якое займаецца перапрацоўкай і экспартам драўняных шчэпак, і СТАА «Байдзімэкс» — беларуска-французскае сумеснае прадпрыемства, якое вырабляе эксклюзіўную мэблю з масіву. Уся прадукцыя ідзе на экспарт, у асноўным у Францыю, адтуль — на іншыя краіны. Дарэчы, даведзеная лічба па замежных інвестыцыях была каля 400 тысяч долараў, а атрымалася прыцягнуць 920 тысяч. У цэлым рост вытворчасці прамысловай прадукцыі за год склаў амаль 125 %, адна з галоўных роляў у гэтым адводзіцца горадаўтваральнаму прадпрыемству «Мастоўдрэў».

— А калі казаць аб малым і сярэднім бізнесе, ці мяняюцца ўмовы да лепшага?

— Думаю, істотныя карэкціроўкі ў гэтым плане ўнясе Дэкрэт № 7 «Аб развіцці прадпрымальніцтва». Зразумела, падыходы павінны быць ліберальнымі, мы над гэтым працуем. На працягу 2017 года на тэрыторыі раёна зарэгістраваны тры сялянска-фермерскія гаспадаркі: адна займаецца клубніцамі, другая — дурніцамі, трэцяя — садоўніцтвам. І справа зусім не ў нейкай асаблівай урадлівасці нашых зямель, пытанне ў жаданні працаваць.

— Якія задачы вы бачыце галоўнымі для сябе як для кіраўніка?

— Я назаву тры асноўныя. Вельмі важны момант, на якім акцэнтуе ўвагу Прэзідэнт краіны, — стварэнне новых працоўных месцаў. У мінулым годзе ў нас іх было створана 84, у тым ліку 25 на новых прадпрыемствах. У цеснай сувязі з першым паказчыкам ідзе годны ўзровень сярэднямесячнай заработнай платы. У людзей мусіць быць выбар згодна з іх магчымасцямі і кампетэнцыяй. Па выніках года сярэднямесячная зарплата па раёне склала 583 рублі, у той час як за снежань — 727 рублёў. Гэта паказвае, што рост ёсць, і нядрэнны.     Плюс асабіста для сябе адной з найважнейшых задач я бачу забеспячэнне максімальнай валютнай выручкі для раёна, што, натуральна, адбіваецца і на дабрабыце краіны ў цэлым. У Мастоўскім раёне, на мой погляд, у гэтым плане знойдзены баланс, зараз асноўны экспартаарыентаваны прадукт — гэта розныя віды драўнянавалакністых пліт.

— Якім напрамкам вы плануеце ўдзяляць асаблівую ўвагу ў будучыні?

— Адказ на гэтае пытанне вельмі просты: больш за ўсё ўвагі неабходна ўдзяляць людзям. Гэта самая вялікая каштоўнасць, што ў нас ёсць. Так што сацыяльная сфера заўсёды будзе прыярытэтнай. Варта прызнаць, што на працягу апошніх пяці гадоў на тэрыторыі Мастоўскага раёна назіраецца сур'ёзная тэндэнцыя адтоку людзей. Адбываецца міграцыя ў самыя буйныя гарады Гродзенскай вобласці — Гродна, Ваўкавыск, Ліду — і ў сталіцу нашай радзімы.

Галоўная задача цяпер — паменшыць гэты адток. Існуе некалькі рычагоў, у тым ліку дабрабыт і ўзровень жыцця ў цэлым. Гэта непарыўна звязана са сферай медыцынскіх паслуг, над удасканаленнем якой зараз актыўна працуем, ужо вырашаны шэраг праблем. Пазалетась зроблены рамонт інфекцыйнага аддзялення і жаночай кансультацыі бальніцы, у мінулым годзе прыступілі да рамонту паліклінікі. Прычым пад рамонтам маецца на ўвазе не проста афарбоўка сцен, а стварэнне добрых умоў працы для медыцынскага персаналу, а таксама закупка новага сучаснага абсталявання. Удзяляецца ўвага і тэме забеспячэння жыллём. Спадзяюся, у хуткім часе аблвыканкам дапаможа нам набыць 30 кватэр у новым доме, якія будуць прапаноўвацца як арэнднае жыллё прадстаўнікам сацыяльнай сферы — у першую чаргу педагогам і медыцынскім работнікам, супрацоўнікам праваахоўных органаў.

— Як вы лічыце, што яшчэ трэба зрабіць, каб заахвоціць моладзь заставацца ў раёне?

— Вядома, вялікая ўвага павінна ўдзяляцца дзецям. У мінулым і пазамінулым годзе былі адрамантаваны па два харчаблокі ў школах, памянялі дах на трох дзіцячых садках, а ў дзвюх школах цалкам замянілі вокны. На гэты год таксама запланаваны рамонт харчаблока ў школе № 2 у саміх Мастах. Якасць школьнага і медыцынскага харчавання — адна з найважнейшых тэм.

Акрамя таго, пільную ўвагу плануецца ўдзяляць дзейнасці дамоў культуры, я лічу, што трэба мяняць падыходы ў працы. Яшчэ адно вельмі сур'ёзнае пытанне, якое трэба вырашыць у найбліжэйшы час, — рамонт басейна, які быў закрыты яшчэ ў 2014 годзе.

Калі казаць пра жыллё, то, на шчасце, у гэтай сферы сур'ёзных праблем няма. У мінулым годзе быў здадзены 72-кватэрны дом, так што пакуль неабходнасць у новым будаўніцтве адсутнічае. Такім чынам, ствараючы ўмовы для людзей, у адказ мы атрымліваем добрасумленную працу, актыўную грамадзянскую пазіцыю і ў выніку дасягаем высокіх эканамічных паказчыкаў.

Дар'я КАСКО

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.