Вы тут

Як працуецца старэйшынам у маленькіх вёсачках


Зіма за горадам — не толькі гурбы, цішыня і натопленая печка. Усё часцей да жыхароў хат завітвае непазбежны госць — адзінота. З восені многія дзеці, якія жывуць у горадзе, забіраюць з сабой бацькоў. Са старэйшага пакалення ў вёсках застаюцца тыя, хто не мае родных або не змог прыстасавацца да гарадскога жыцця. Са сваімі «зімоўшчыкамі» Таіса Несцяронак, старэйшына трох вёсак Валкалацкага сельсавета Докшыцкага раёна, падтрымлівае сувязь штодзень: тэлефануе, прыязджае, каб упэўніцца, што ўсё ў парадку.


Мужчыны не горшыя

— На 34 населеныя пункты маем 17 старэйшын, — тлумачыць асаблівасці работы на тэрыторыі старшыня Валкалацкага сельскага Савета дэпутатаў Антаніна Бабарыка. — Выбіраем аўтарытэтных для аднавяскоўцаў людзей. Работа мае на ўвазе актыўнасць, у тым ліку і перамяшчэння. Паколькі звяртацца з даручэннямі да пажылога чалавека няёмка, стараемся, каб старэйшына быў працаздольнага ўзросту.

У буйной вёсцы ўся інфраструктура — медпункт, магазін, школа — знаходзяцца ў крокавай даступнасці. Інакш справа выглядае ў аддаленых населеных пунктах. Для жыхароў перыферыі старэйшына становіцца яшчэ і фельчарам, і сядзелкай. Пры неабходнасці можа памераць ціск, купіць прадуктаў, лекаў ці наогул завезці ў паліклініку, калі за чалавекам патрэбны пастаянны медыцынскі догляд.

Выконваць грамадскія абавязкі Таісе Несцяронак дапамагае яе асноўная прафесія сацыяльнага работніка. Аднак быць добрым старэйшынам можа і настаўнік, і бібліятэкар. Справа не ў прафесіі ці адукацыі, а ў агульным веданні спецыфікі жыцця на вёсцы.

— Напрыклад, для пажылых людзей вельмі важна, каб на вуліцы гарэў ліхтар. Пры гэтым з дома яны амаль не выходзяць, лямпа патрэбна, каб не запальваць святло ў доме вечарамі ці ноччу, — дзеліцца назіраннямі Таіса Яўгенаўна.

З першага погляду заўважна, што ролю старэйшыны часцей за ўсё бяруць на сябе жанчыны. Антаніна Бабарыка тлумачыць, чаму так адбываецца:

— На маю думку, мужчыну псіхалагічна складаней займацца гэтай справай. На выбар у пэўнай ступені ўплываюць і стэрэатыпы: у нас не прынята, каб «моцная палова» праяўляла чуллівасць. У вачах аднавяскоўцаў натуральна, калі жанчына заходзіць у сям'ю, цікавіцца жыццём, дзецьмі. Ды і жыхары ахвотней падзеляцца клопатамі з суседкай, чым пажаляцца на праблему суседу. Хоць у нашым сельсавеце ёсць вёскі са старэйшынамі-мужчынамі. Свае абавязкі яны выконваюць не горш.

Лепш папярэдзіць, чым выпраўляць

Як і дэпутатаў мясцовых Саветаў, старэйшыну выбіраюць на сходзе жыхароў раз у чатыры гады. Папярэдні старэйшына дае справаздачу, што было зроблена на карысць вёскі, якія мерапрыемствы праводзіліся. Калі яго працу сяльчане палічаць плённай, то пакінуць на «пасадзе» на наступны тэрмін. У іншым выпадку выбіраюць новага памочніка старшыні. Як правіла, старшыня сельскага Савета ўжо трымае на прыкмеце найбольш актыўных і ініцыятыўных, але апошняе слова застаецца за аднавяскоўцамі. Старэйшына можа сам папрасіцца ў адпачынак, калі яму стане цяжка падтрымліваць ранейшую актыўнасць з прычыны ўзросту, напрыклад. Асаблівы гонар, калі старэйшыну за заслугі выбіраюць яшчэ і мясцовым дэпутатам.

— У нас у раёне відна моцная з'яднанасць людзей. Мяркую, гэта звязана з традыцыйнымі нормамі паводзін, якія гадамі замацоўваюцца на вёсцы, — расказвае Антаніна Бабарыка, — Валкалацкі сельсавет невялікі, па сутнасці, мы жывём нібы ў адной агульнай вёсцы, дзе ўсе пра ўсіх ведаюць. На гэтым улады будуюць прафілактычную работу.

Калі сітуацыя ў нейкай сям'і выклікае трывогу, рашэннем сельскага Савета дэпутатаў над ёй бяруць шэфства мясцовы дэпутат і старэйшына. Дзякуючы такой падтрымцы многія працэсы вырашаюцца хутчэй. Падапечныя атрымліваюць матэрыяльную дапамогу, працаздольным грамадзянам дапамагаюць знайсці работу — канешне, пры ўмове, што самі людзі хочуць памяняць становішча.

— У мяне няма паўнамоцтваў прымушаць кагосьці нешта рабіць. Аднак, калі існуе парушэнне, напрыклад, гаспадары пагарджаюць санітарнымі правіламі на ўчастку каля дома, то маю права скласці пратакол. Хоць гэта крайняя мера пасля таго, як вычарпаны ўсе астатнія спосабы ўздзеяння, — тлумачыць старэйшына Таіса Несцяронак.

Узнагароды і абавязкі

Адзін-два разы на год старэйшына можа быць узнагароджаны прэміяй за добрасумленную працу. У раёне штогод праходзіць конкурс на званне «Найлепшы старэйшына года». Існуюць таксама выплаты, якія залежаць ад аб'ёму занятасці. Яны складаюць ад 1 да 2,5 базавай велічыні — апошняе ў выпадку, калі пад апекай народнага выбранніка аказваецца больш як сотня двароў.

Пры гэтым спектр абавязкаў у памочнікаў старшыні прапісаны вялікі. Гэта кантроль за добраўпарадкаваннем на дварах і тэрыторыях агульнага карыстання, адсочванне сітуацыі ў сем'ях, супрацьпажарнай бяспекі, у пэўнай меры — папярэджанне злачынстваў, кантроль за аказаннем насельніцтву камунальных і іншых паслуг, дапамога ў арганізацыі культурна-масавых мерапрыемстваў, інфармацыйная і тлумачальная работа...

— Заўсёды актуальнай застаецца праблема пустуючых дамоў. Раён знаходзіцца далёка ад сталіцы і абласнога цэнтра, нерухомая маёмасць не карыстаецца попытам. Старэйшына шукае нашчадкаў праз родных, знаёмых, сяброў, — расказвае Антаніна Бабарыка.

Зрэшты, не ўсе хаты гаспадары пакінулі назаўсёды.

— Цяпер падтрымліваць сувязь з некалькімі вёскамі намнога прасцей, чым дзесяць гадоў таму. У кожным доме ёсць тэлефон, штодзень абзвоньваю пенсіянераў і пытаюся пра справы. Чалавек у гадах можа занядужаць або нават забыцца на самыя звычайныя рэчы: прыгатаваць ежу, прыняць лекі, натапіць печку... Мяне ўжо пазнаюць па голасе, адна бабуля нават называе дачкой, — усміхаецца Таіса Несцяронак, — Пажылым цяжка мяняць асяродак, для іх горад — гэта зняволенне ў чатырох сценах. Часам старыя ахвотней згаджаюцца на сацыяльны ложак у бальніцы, чым на зімоўку ў сталіцы.

Асабісты транспарт старэйшынам не выдзяляюць. Як работнік тэрытарыяльнага цэнтра Таіса Яўгенаўна мае веласіпед. На ім выязджае ў добрае надвор'е. Непагодай перасаджваецца на ўласны аўтамабіль. Акрамя таго, старшыня сельскага Савета рэгулярна аглядае населеныя пункты. Разам з ім у вёскі выязджаюць старэйшына, медык, сацыяльны работнік, участковы інспектар, дырэктар мясцовай школы і іншыя зацікаўленыя службы.

Рагнеда ЮРГЕЛЬ

Загаловак у газеце: «Мяне называюць дачкой»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».