Вы тут

Вядомым у 15 стаць?


Для гэтага ўласныя праекты трэба ствараць!

Руслан Касцевіч, дзевяцікласнік Лядзенскай школы Чэрвеньскага раёна, — не зусім звычайны падлетак. У свае пятнаццаць гадоў ён кіруе школьнай бізнес-кампаніяй «Грашовае дрэва», з'яўляецца стваральнікам праекта па пошуку працы і падпрацоўкі LіteJob («Праца проста»). Хлопец цікавіцца бізнесам, нейрасеткамі, мовамі праграмавання, ІТ-тэхналогіямі, блакчэйнам. Дзякуючы ўсяму гэтаму апошнім часам ён стаў даволі вядомай медыяперсонай...


Руслан заўсёды быў актыўны. Раней меў свой YouTube-канал, браў прыклад са знакамітых блогераў. Аднак, пасталеўшы, зразумеў, што ўсё гэта несур'ёзна. «Я ў шоку, калі пераглядаю свае ранейшыя ролікі! Чым займаўся тады?» — смяецца суразмоўнік.

Ідэяй працаваць у сферы маркетынгу хлопец загарэўся пасля таго, як пачаў ад сваёй школы кожны тыдзень ездзіць у цэнтр развіцця міжнароднага прадпрымальніцтва пры БДУ. Там падлеткі атрымлівалі пэўныя веды, якія і прымянялі ў сваёй школьнай бізнес-кампаніі на практыцы.

Руслан шчыра зацікаўлены ў занятасці равеснікаў. Але дзеля гэтага, на яго думку, трэба змяніць іх... мысленне.

— Разумееце, зараз моладзь нематываваная ўвогуле, — сур'ёзна кажа малады стартапер.

Прайшоўшы шлях ад маркетолага да кіраўніка школьнай бізнес-кампаніі, у якой ніхто не сядзеў на месцы (рабілі і прадавалі прадукцыю сваёй вытворчасці: венікі для лазні, сувеніры, кухонныя прылады), Руслан зразумеў, што прыйшоў час стварыць уласнае дзецішча.

Так падчас апошніх летніх канікулаў хлопец заснаваў кампанію па пошуку працы і падпрацоўкі LіteJob і суполку з гэткай жа назвай у сацыяльнай сетцы «УКантакце». Зараз, акрамя яго, у штаце — яшчэ 12 чалавек: як школьнікаў, так і дарослых. Паслугі аказваюцца бясплатна. Каманда працуе амаль на чыстым энтузіязме. Грашовай прэміяй адзначаецца толькі самы руплівы чалавек тыдня. Аднак, як лічыць Руслан, тыя, хто прыйшоў не дзеля матэрыяльнага заахвочвання, дакладна будуць працаваць, бо ім гэта цікава.

У суполкі LіteJob — каля трох тысяч падпісчыкаў. Суразмоўнік дзеліцца, як іх прываблівалі:

— Я расказаў пра праект чалавеку, з якім пазнаёміўся на адной з інвестыцыйных платформаў. Ён адгукнуўся і пачаў фінансава нас падтрымліваць. Тады сталі рэкламавацца ў папулярных суполках — «Мінск цяпер», «Беларусь цяпер», «Твой Мінск». Таксама купілі і замацавалі на тыдзень пост у суполцы «Работа ў Мінску». І людзі пачалі звяртацца. На першым часе нават з цяжкасцю паспявалі іх абслугоўваць...

Як жа працуе кампанія? У LіteJob дастаткова проста напісаць паведамленне «Я шукаю працу». Затым свабодны аператар прышле пытанні: праца ці падпрацоўка, узрост, адукацыя, спецыяльнасць, вопыт работы ў якой-небудзь сферы, месца жыхарства, жаданыя памер заробку і пасада. Далей прэтэндэнту застаецца толькі чакаць. А вось работнік кампаніі павінен аператыўна альбо знайсці працу ў інтэрнэце, альбо звязацца непасрэдна з работадаўцамі. У выніку саіскальніку прапаноўваецца некалькі вакансій.

LіteJob адрозніваецца ад падобных праектаў тым, што ён пабудаваны па прынцыпе цэнтраў занятасці. Тут з кожным працуюць індывідуальна. Хлопец кажа: «Канешне, у нас ёсць цэнтры занятасці. Але чаму ў іх не ўсе хочуць хадзіць? Там ставяць на ўлік. Да таго ж патрабуюць шмат дакументацыі. А пасля даводзіцца яшчэ і дастаткова доўга чакаць прапановы. А ў нас, бывае, гадзіны не пройдзе, як кліент задаволены вакансіяй і назаўтра ўжо ўладкоўваецца на працу».

У будучыні каманда разлічвае манетызаваць праект. «Хутчэй за ўсё, гэта будзе штосьці накшталт кансалтынгавай кампаніі, — каментуе стваральнік праекта. — Арганізацыі будуць звяртацца па дапамогу, а мы, зыходзячы з базы даных, зоймемся пошукам тых ці іншых работнікаў, якія падыходзяць па запатрабаванні».

Школь­ная кам­па­нія  пры­мае гас­цей.

Найчасцей у LіteJob звяртаюцца людзі ва ўзросце 30—35 гадоў, сярод саіскальнікаў больш мужчын, геаграфія — як з рэгіёнаў, так і з абласных цэнтраў. У абмеркаваннях суполкі можна пакінуць водгук аб працы кампаніі. Дарэчы, там шчыра захапляюцца праектам і дзякуюць за дапамогу.

Напрыклад, трыццацігадовая Дарына Саладуха праз LіteJob неаднаразова знаходзіла саіскальнікаў на пасаду фітнес-інструктараў у свой клуб:

— Гэта ўнікальная пляцоўка, дзе самі адміністратары зацікаўлены ў тым, каб кліенты былі цалкам задаволены. Кампанія прапанавала нам шмат прэтэндэнтаў, якіх знайшлі за пару дзён. Нам трэба было набраць каля 20 работнікаў. Многія згаджаліся, бо мы прапанавалі добрыя ўмовы: годны заробак, кар'ерны рост, гнуткі графік, падтрымку ў пошуку кліентаў.

Студэнт Мікіта Трутко таксама застаўся задаволеным кампаніяй, хоць работу знайсці і не ўдалося:

— Праект карысны. Вялікі яго плюс — зручнасць і хуткасць. Я не ўладкаваўся толькі з-за таго, што вучуся на вельмі рэдкай спецыяльнасці на факультэце народных інструментаў. Аднак падпрацовак прапанавалі шмат: прамоўтарам, вячэрнім офіс-менеджарам, распаўсюджвальнікам рэкламных лістовак, прадаўцом марожанага...

Адметна, што пачынанні Руслана Касцевіча падтрымлівае, напрыклад, заснавальнік Tut.by Юрый Зісер, а таксама тройчы лаўрэат прэміі «Прадпрымальнік года Беларусі» вядомы бізнесмен Віктар Пракапеня. Яны дапамагаюць парадамі і грашыма.

Спыняцца на дасягнутым хлопец не збіраецца. Зусім нядаўна ён абвясціў пра стварэнне новага праекта — па вытворчасці фруктовых чыпсаў. «Бізнес-план гатовы. Я таксама. Гэты праект пачынаю ўжо з патрэбнымі ведамі і досведам», — піша юны бізнесмен у сацыяльных сетках. І спадзяецца на падтрымку.

Юлія Адамовіч, студэнтка ІІІ курса Інстытута журналістыкі БДУ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».