Вы тут

У наймальнікаў ёсць прэтэнзіі да прафесійнай падрыхтоўкі спецыялістаў


У Гродзенскай вобласці на пачатак года наймальнікі заявілі аб наяўнасці амаль 8 тысяч вакантных працоўных месцаў. З іх крыху больш за палову — для рабочых спецыяльнасцяў. Але ёсць высокая патрэба і ў служачых — ва ўрачах, інжынерах, педагогах і нават страхавых агентах. Праўда, запаўняць вакансіі няпроста — на рынку працы не хапае кампетэнтных спецыялістаў.


Сітуацыя стабілізуецца

Сёлета на рынку працы рэгіёна чакаецца «пацяпленне». Гэта значыць, што асноўныя крокі па аптымізацыі ўжо зроблены. За два мінулыя гады толькі ў асноўным сектары эканомікі колькасць работнікаў знізілася на 22 тысячы чалавек. Зараз працягваецца стварэнне новых працоўных месцаў, і колькасць вакансій за мінулы год павялічылася ў паўтара раза. Адпаведна знізілася і колькасць беспрацоўных у рэгіёне. Гэта робіць рынак працы больш стабільным і гнуткім. Разам з тым большасць прадпрыемстваў чакаюць росту вытворчасці.

— Мы правялі апытанне сярод 208 асабліва значных прадпрыемстваў рэгіёна, дзе занята каля 20 % усіх працоўных вобласці, — адзначыў намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гродзенскага аблвыканкама Сяргей Мяснікоў. — Дзякуючы гэтым даследаванням, складзены прагноз тэндэнцый на рынку працы. У рэестры прадстаўлена 150 прафесій у розных сферах дзейнасці. Большая частка з іх уваходзіць у раздзел павышанага попыту.

Вялікі шанц знайсці работу маюць медыцынскія сёстры, фельчары, фармацэўты, леснікі, аграномы, зваршчыкі, вадзіцелі, трактарысты, афіцыянты, кандытары і іншыя. Не такія шырокія магчымасці ў дызайнераў, мадэльераў, псіхолагаў, архітэктараў, маляроў і наладчыкаў абсталявання. І зусім мала шанцаў знайсці працу ў станочнікаў, тэхнікаў-праграмістаў і рэкламных агентаў.

Патрэбны кампетэнтныя кадры

Найбольш дынамічнае равіццё рынку працы чакаецца ў прамысловасці. Па прагнозах, тут будзе створана больш за палову ўсіх новых працоўных месцаў. Разам з тым наймальнікі адзначаюць недахоп кваліфікаваных рабочых. Таму большасць працоўных месцаў створаць для высокакваліфікаваных спецыялістаў, а некампетэнтных рабочых будуць звальняць. Захаваецца попыт на тэхнічных спецыялістаў і кіраўнікоў сярэдняга звяна на вытворчасці.

Хоць эканоміка рэгіёна арыентавана на аграрны сектар (тут працуе 13 % эканамічна актыўнага насельніцтва), аднак сітуацыя з кадрамі па-ранейшаму складаная. Многія гаспадаркі маюць сур'ёзную патрэбу ў такіх спецыялістах, як заатэхнік, ветэрынар, інжынер і іншыя.

Сёлета вырасце патрэба ў будаўнічых кадрах. Гэта звязана з павелічэннем вытворчых планаў. Падчас крызісу значная частка работнікаў пакінула будаўнічую галіну, зараз арганізацыі імкнуцца вярнуць былыя пазіцыі. Менавіта сюды патрэбны амаль усе будаўнічыя спецыяльнасці.

Па прагнозах, сёлета больш за палову прадпрыемстваў гандлю спадзяюцца на рост продажаў, таму і попыт на прадаўцоў застанецца высокі. Гэтыя працоўныя месцы ў асноўным для моладзі і жанчын.

На трэць мяркуюць павялічыць колькасць працоўных месцаў установы адукацыі рэгіена. Не хапае педагогаў і выхавальнікаў дашкольнай адукацыі. А вось, ці ўдасца запоўніць вакансіі?

— Многія наймальнікі занепакоены праблемай якасці спецыялістаў, — адзначыў начальнік упраўлення дзяржаўнай службы занятасці насельніцтва абласнога камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Аляксандр Собаль. — Але разам з тым нізкі ўзровень заработнай платы не матывуе прэтэндэнтаў на набыцце і паглыбленне прафесійных ведаў. А навучальныя ўстановы арыентуюць на тэарэтычныя і агульныя веды. Вось і прыходзіцца наймальнікам вучыць маладых спецыялістаў пасля ВНУ і каледжаў. А «вузкіх», унікальных спецыялістаў па-ранейшаму не хапае.

Праўда, многія арганізацыі плануюць сёлета павялічыць заработную плату сваім супрацоўнікам. Такія планы маюць да 80 % наймальнікаў.

Інтэграцыя для беспрацоўных — набыць спецыяльнасць

Многія наймальнікі зацікаўлены ў павышэнні кваліфікацыі работнікаў і гатовы за свае сродкі заняцца перападрыхтоўкай. Тым больш што сярод беспрацоўных — у асноўным мужчыны працаздольнага ўзросту, якім крыху больш за 40. А вось моладзь з'яўляецца адной з самых пацярпелых на рынку працы. Летась кожны чацвёрты з біржы працы быў ва ўзросце да 30 гадоў. Чакаецца, што з ростам попыту экономікі на кадры шанцы ў моладзі вырастуць.

Па словах Аляксандра Собаля, многія наймальнікі змянілі свой падыход да пошуку кадраў і шукаюць вопытных і разнапланавых работнікаў. Сёння запатрабаваны спецыялісты з творчым і крэатыўным падыходам да працы. Цяпер важна валодаць інфармацыйнымі тэхналогіямі, камунікатыўнымі навыкамі, замежнай мовай. Такіх работнікаў ва ўмовах канкурэнцыі на працоўную сілу знаходзіць усё цяжэй. Але і тыя, хто мае запатрабаваную спецыяльнасць, не павінны сядзець на месцы, а імкнуцца паглыбляць свае веды, цікавіцца інавацыямі ў сваёй сферы дзейнасці, заўважае Аляксандр Собаль. Кіраўнік аддасць перавагу кампетэнтнаму работніку.

Многія беспрацоўныя імкнуцца атрымаць новую спецыяльнасць. Плануецца накіраваць на перападрыхтоўку каля 1,4 тысячы беспрацоўных. А ўсяго плануецца працаўладкаваць у вобласці больш за 22 тысячы чалавек. Згодна з прагнозам, узровень беспрацоўя да 2019 года не перавысіць 0,7 % эканамічна актыўнага насельніцтва. Зараз гэты паказчык складае 0,6 %.

У тэму

КДК Гродзенскай вобласці ў ходзе праверкі некаторых раёнаў устаноўлены факты неэфектыўнага выкарыстання сродкаў, якія выдзяляюцца на перападрыхтоўку беспрацоўных. Напрыклад, прадаўца адпраўляюць перавучвацца на швачку, а швачку — на прадаўца. У гэтым выпадку можна проста палепшыць падрыхтоўку гатовых спецыялістаў. Па словах супрацоўнікаў дзяржкантролю, гэта адбываецца, каб своечасова асвоіць сродкі. Такі падыход нельга назваць эфектыўным, ён сведчыць аб слабым вывучэнні рынку працы і патрэб раёна.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Якасныя кадры заўсёды ў трэндзе

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.