Вы тут

Холад пакуль не адпусціць


У першыя дні вясны маразы ўначы будуць дасягаць мінус 20 градусаў.

А пакуль зіма не здае сваіх пазіцый, і ў апошнія дні лютага захаваецца вельмі халоднае надвор'е. Разам з пачаткам каляндарнай вясны, маразы крыху аслабеюць, пойдзе снег, але казаць аб прыходзе цеплыні яшчэ не даводзіцца. У пачатку сакавіка захаваецца зімовы характар надвор'я са снегам і маразамі, паведамілі ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.


Сёння ўмовы надвор'я ў Беларусі будзе вызначаць перыферыя халоднага антыцыклону з цэнтрам над Скандынавіяй. Чакаецца воблачнае з праясненнямі надвор'е, у асобных раёнах краіны пройдзе невялікі снег. Тэмпература паветра ўдзень прагназуецца ад мінус 9 да мінус 15 градусаў. А вось у сераду тэрыторыя краіны апынецца пад уплывам атмасферных франтоў, якія перамяшчаюцца з Украіны. Таму ўначы, пераважна па паўднёва-ўсходняй частцы,
а ўдзень на большай частцы тэрыторыі пройдзе снег. У асобных раёнах ён будзе суправаджацца парывістым ветрам і завеяй. Тэмпература паветра ўначы складзе ад мінус 13 градусаў па поўдні да мінус 23 градусаў па поўначы краіны. Удзень чакаецца ад мінус 9 градусаў да 15 марозу.

У першы дзень вясны (чацвер) атмасферныя франты абумовяць у многіх раёнах снег, па паўднёва-ўсходняй частцы краіны — працяглы снег. Месцамі чакаецца завіруха. Тэмпература паветра ўначы складзе ад мінус 13 да мінус 19 градусаў, па поўдні маразы аслабеюць — там будзе ад мінус 11 да мінус 12 градусаў. Удзень чакаецца ў межах ад мінус 7 да мінус 12 градусаў. У пятніцу на большай частцы тэрыторыі краіны пройдзе кароткачасовы снег. На асобных участках дарог захаваецца галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы складзе мінус 10—16 градусаў, месцамі пры праясненнях паветра астудзіцца да мінус 17 — мінус 20 градусаў. Удзень будзе ад мінус 5 да мінус 11 градусаў.


Сібірскі мароз выкліканы стратасферным пацяпленнем

Халады, якія ўстанавіліся напярэдадні вясны на значнай частцы Еўропы, — з'ява рэдкая, але не беспрэцэдэнтная. Пра гэта заявіла на брыфінгу ў Жэневе афіцыйны прадстаўнік Сусветнай метэаралагічнай арганізацыі (СМА) Клэр Нюліс.

Пахаладанне ў Еўропе абумоўлена феноменам раптоўнага стратасфернага пацяплення прыкладна за 30 кіламетраў над Паўночным полюсам. Рэзкае і хуткае павышэнне тэмпературы прыводзіць да спынення звычайных для гэтага часу заходніх вятроў, на змену якім прыходзяць усходнія: нясуць у Еўропу сібірскі холад. Клэр Нюліс звярнула ўвагу на прагноз рэгіянальнага цэнтра СМА па маніторынгу клімату ў Германіі, згодна з якім з 20 лютага наступіў перыяд з тэмпературамі істотна ніжэйшымі за нармальныя, і працягнецца ён на большай частцы Еўропы як мінімум 2—3 тыдні. На еўрапейскай частцы Расіі, у Беларусі, Польшчы і Украіне слупок тэрмометра апусціцца ніжэй за мінус 10 градусаў Цэльсія. У Цэнтральнай Еўропе, на поўначы Італіі, на Балканах і ў краінах Балтыі тэмпература будзе «анамальная» — ніжэй за мінус 6 градусаў.

На поўдні Еўропы метэаролагі абяцаюць маразы, папярэджваючы аб пагібельных для сельскай гаспадаркі замаразках на глебе і пра рызыкі для ўразлівых людзей з-за ўздзеяння холаду. У той жа час у шэрагу раёнаў Арктыкі зараз назіраюцца высокія тэмпературы. З 16 лютага тут некалькі разоў была зафіксавана тэмпература вышэй за нуль.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?