Вы тут

Ці памятаюць сёння на малой радзіме Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча?


Не так даўно споўнілася 210 гадоў з часу нараджэння першага класіка новай беларускай літаратуры — Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Частку свайго жыцця ён калісьці правёў у Валожынскім раёне, а дакладней у вёсцы Люцынка, дзе быў дом яго сям'і. Ці памятаюць сёння на малой радзіме гэтага значнага для беларускай гісторыі творцу? Ці захоўваюць тамтэйшыя мясціны матэрыяльныя згадкі пра яго? Па Валожыншчыне, у пошуках слядоў і звестак пра Дуніна-Марцінкевіча, мы павандравалі разам з гісторыкам Алесем Белым.

Варта адзначыць, што Алесь Белы марыць, каб калі-небудзь у гэтай мясцовасці быў створаны мемарыяльны запаведнік класіка — накшталт пушкінскага Міхайлаўскага ў Расіі ці нашай купалаўскай Вязынкі.


Помнік на месцы колішняй сядзібы Дуніных-Марцінкевічаў.

Дом Ядвігіна Ш. у Пяршаях

Ахвотным праехацца па мясцінах славутага драматурга гэтаксама, як і нам, можна пачаць з Пяршаяў. Гэта месца не наўпрост звязана з самім драматургам, аднак захоўвае некаторыя цікавыя згадкі. Дом колішняга лясніцтва, які стаіць і цяпер, раней адносіўся да фальварка роду Тышкевічаў. У ім аканомам быў бацька Ядвігіна Ш. (Антона Лявіцкага), таму сам пісьменнік правёў там частку жыцця. Гэта пабудова сярэдзіны ХІХ стагоддзя, якая і сёння застаецца ў даволі добрым стане.

Ядвігін Ш. у свой час наведваў падпольную школу Дуніна-Марцінкевіча, а па сутнасці патрыятычны гурток. Школа існавала некалькі гадоў, а пасля, у 1876 годзе, была выкрытая праз данос. Алесь Белы адзначае: відавочна, што ў доме Лявіцкіх Дунін-Марцінкевіч бываў не раз, бо ведаў бацьку Антона, Яна Лявіцкага. Да таго ж гэта месца ўсяго за 6-7 кіламетраў ад Люцынкі.

Дарэчы, некаторыя цікавыя экспанаты захоўваюцца ў мясцовай школе. Пэўныя рэчы былі знойдзены падчас раскопак самімі школьнікамі. На месцы былой сядзібы адшукалі некалькі керамічных і фаянсавых рэчаў.

Люцынка і месца колішняй сядзібы

У вёсцы Люцынка, непадалёк ад Валожына, знаходзіцца сядзіба пад назвай «Марцінова Гусь». Там ёсць невялікі музейны куток, у якім захоўваюцца карціны з выявамі Дуніна-Марцінкевіча. Можна таксама ўбачыць фотаздымкі і інфармацыйныя шыльды, якія расказваюць пра жыццё і творчасць драматурга, асабліва пра перыяд, праведзены ў Люцынцы. Ёсць там звесткі і пра некаторых іншых каларытных асоб, ураджэнцаў гэтай мясцовасці.

Зусім непадалёк, за 500 метраў, знаходзіцца тое месца, дзе калісьці была сядзіба Марцінкевіча і ягоных нашчадкаў. Дом пісьменніка згарэў у 1890 ці 1891 годзе. Пасля пажару новы дом адбудавалі яго ўнукі Крыжаньскія. Там і сёння стаіць дубовы крыж, які адна з праўнучак паставіла па сваім дзедзе.

За савецкім часам у Люцынцы штогод адбываўся фэст народных тэатраў, там часта ставілі «Ідылію», «Пінскую шляхту», на што звяртае ўвагу Алесь Белы:

— Мне марыцца, каб на гары, дзе калісьці стаяла сядзіба Дуніна-Марцінкевіча, была абсталяваная пляцоўка. Там варта зрабіць хоць бы лавы, імправізаваную сцэну. Можна адрадзіць колішні тэатральны фестываль. Таксама добра было б праводзіць там пэўныя лекцыі пра Дуніна-Марцінкевіча, пра людзей, з якімі ён быў знаёмы, увогуле пра тую эпоху, пра мясцовасць... Варта часцей прывозіць сюды школьнікаў, іншых турыстаў. Многія проста не ўяўляюць, што ёсць такое месца — Люцынка, проста не ведаюць, дзе яна знаходзіцца.

Могілкі ў Тупальшчыне

Капліца на могілках у Тупальшчыне.

Наступны пункт нашай вандроўкі — могілкі ў Тупальшчыне, дзе знайшоў апошні спачын Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Акрамя драматурга, там пахаваны і некаторыя іншыя знакавыя асобы. Гэтае месца — досыць каларытнае і можа быць цікавым вандроўніку. Зусім нядаўна Алесь Белы на агароджу могілак прымацаваў падрабязны інфармацыйны мемарыяльны стэнд. З яго можна даведацца пра гісторыю не толькі могілак, але і былога фальварка Жаброўскіх, вакол прыватнай радавой капліцы якога яны і ўзніклі.

Стэнд быў усталяваны дзякуючы ініцыятыве «Развіццё інфраструктуры зялёнага маршруту «Валожынскія гасцінцы» ў Валожынскім раёне», які рэалізуецца спажывецкім кааператывам па развіцці аграэкатурызму «Валожынскія гасцінцы». Усё гэта адбываецца ў межах праекта «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Беларусі», які фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН (ПРААН).

— Дунін-Марцінкевіч даволі позна ўвайшоў у пантэон беларускіх пісьменнікаў. Фактычна да 1951 года звестак пра яго не было ў савецкіх падручніках і хрэстаматыях, — разважае Алесь Белы, калі ўжо ў прыцемках мы вяртаемся з Валожыншчыны. — Можна рабіць розныя закіды ў бок гэтага чалавека і яго творчасці. Аднак ён фактычна не меў папярэднікаў. Хіба што Ян Чачот часам пісаў па-беларуску. Іншыя дзеячы той эпохі стварылі па адным або некалькі вершаў, тут можна прыгадаць Сыракомлю, Вярыгу-Дарэўскага і інш. Час, у які жыў пісьменнік, быў досыць трагічны. Быццам бы пры Аляксандры ІІ надышла «адліга», але насамрэч яна суправаджалася жорсткай цэнзурай, якая проста на ўзлёце знішчала літаратурныя памкненні. Потым выбухнула паўстанне 1863—1864 гадоў, а следам — моцныя рэпрэсіі. Неабачлівая шляхта не зразумела, што трэба было радыкальна мяняць састарэлае мысленне і сапраўды думаць, якія людзі жывуць навокал, якая пануе эканоміка, куды рухаецца свет і як быць пасярод гэтых перамен: што можна захаваць, а што не... Дзякуючы такім людзям як Дунін-Марцінкевіч, сёння ў значнай ступені існуе наша краіна. Фактычна ён пачаў ствараць літаратуру для Беларусі.

Алесь Белы ў сядзібе «Марцінова Гусь».

Алесь Белы мяркуе, што цяпер стала больш цікавасці да Дуніна-Марцінкевіча як да рэальнай асобы. Раней у афіцыйных даведніках па літаратуры пісьменнікі былі падобныя адзін на аднаго як дзве кроплі вады — быццам і не мелі ніякіх адметных рыс. Аднак насамрэч кожная асоба пражывае складанае жыццё, з рознымі непрыемнасцямі, правінамі і іншым, упэўнены гісторык. Толькі апошняе дзесяцігоддзе ўсплываюць некаторыя дэталі біяграфіі Дуніна-Марцінкевіча, якія яго «ачалавечваюць».

— Мне падаецца, што наша мясцовасць — Валожынскі, Стаўбцоўскі, Іўеўскі раёны — гэта эпіцэнтр літаратурнай беларускай мовы. Адсюль паходзілі продкі і Коласа, Купалы, Сыракомлі. І нават зараз тут захоўваецца добрая беларуская мова, — кажа Алесь Белы.

Гісторык марыць, што аднойчы ўсе аб'екты, звязаныя з Дуніным-Марцінкевічам, будуць аб'яднаныя. Што яны займеюць адзіны ахоўны статус, накшталт Коласаўскага і Купалаўскага мемарыяльных запаведнікаў, а адпаведны турыстычны маршрут будзе добра прамаркіраваны і распісаны. Аднак і сёння, на яго думку, цікавасць да беларускай гісторыі, у прыватнасці да гісторыі беларускай літаратуры, хоць па кроплі, але расце.

Асабістае жыццё

Гісторыя яго асабістага жыцця нібы стваралася для вадэвіля ці аперэты. Ён, настаўнік, закахаўся ў маладую дзяўчыну. Разам яны ўцякаюць з дому яе бацькоў... Юзэфа Бараноўская, дачка значна больш заможных і ўплывовых бацькоў, і Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, хатні настаўнік музыкі, закахаліся адно ў аднаго. Ён фактычна выкраў сваю маладую нявесту, таемна ўзяў з ёй шлюб.

Новая цешча, якая не лічыла законным такое сваяцтва, спрабавала аспрэчыць шлюб праз суд. Сам Марцінкевіч сцвярджаў, што ўсё было правільна, бо яго нявеста па законе з'яўлялася паўналетняй — згодна з касцельнай традыцыяй. У той час пісьменніку было дзесьці 22—23 гады, нявесце — 16.

Яе бацькі не лічылі такога жаніха ўдалай партыяй праз яго няпэўны матэрыяльны стан.

Разам маладыя пражылі дваццаць гадоў, пакуль Юзэфа не памерла. Пасля яе смерці Вінцэнт ажаніўся яшчэ раз.

Гэта цікава

Некаторыя архіўныя дакументы сведчаць, што пісьменнік быў гарбаты. Ёсць цікавая гісторыя пра тое, як Дунін-Марцінкевіч быў вінен камусьці каля 800 рублёў. У яго доўгі час спрабавалі спагнаць гэтую суму. А калі не ўдалося, у знак помсты і запалохвання заказалі пахавальную працэсію. Выклікалі плакальшчыкаў, аплацілі труну, ліхтары — увесь жалобны караван рушыў у бок дома драматурга. Дунін-Марцінкевіч акурат вяртаўся ў той жа час, убачыў усё на свае вочы і запытаўся, каго хаваюць? Яму адказалі, што Марцінкевіча. Той удакладніў, якога. На што пачуў: «Гарбатага». Пісьменнік моцна абразіўся і нават праз паліцыю шукаў заказчыка працэсіі.

Магчыма, такая характарыстыка знешнасці творцы можа быць перабольшаннем. На фотаздымках ён выглядае проста сутулым.

Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч сядзеў у турме, бо часам зарабляў на жыццё падробкай радаводаў.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Валожынскі раён

Загаловак у газеце: Няпэўная слава Вінцэнта

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.