Вы тут

Аляксандр Казіміравіч


(05.08.1461 — 20.08.1506)

Ён мог зрабіць шмат, калі б гісторыя дала яму для гэтага шанц або спрыяльныя ўмовы. Занадта мала ён пражыў і яшчэ менш правіў, і час яго перамог так і не надышоў, але ў памяці народа ён застаўся як добры ўладар.


Здаецца, шчасце і ўдача адвярнуліся ад Аляксандра Казіміравіча, і ён быў народжаны, каб стаць ахвярай ракавых абставін і жорсткіх выпрабаванняў лёсу. Пры жыцці яго шкадавалі і жадалі... заўчаснай смерці. «Божа, мы жадаем выратавання каралю Аляксандру. Забяры яго і дай нам лепшага абаронцу». Шкадаванне з такім змрочным пажаданнем зневажала яго высакародную і проста чалавечую годнасць. Хоць Аляксандра не назавеш слабым або бязвольным, яму не хапіла сіл зрабіць тое, што патрабавала намаганняў і перад чым ён быў бяссільным.

Аляксандр Казіміравіч быў па-еўрапейску адукаваны (вучылі дзяцей Казіміра Ягайлавіча славуты польскі гісторык Ян Длугаш і італьянскі гуманіст Філіп Калімах). Выхаваны ў раскошы каралеўскага двара, пазбаўлены ў дзяцінстве і юнацтве сур'ёзных выпрабаванняў, ён, відавочна, не быў гатовы да той ролі, якую прапанавала яму гісторыя, — быць правіцелем агромністага Вялікага Княства Літоўскага, а пасля — такога палітычна няўстойлівага Польскага Каралеўства. Для правіцеля дзвюх такіх дзяржаў Аляксандр не меў належных якасцяў — цвёрдасці характару, мужнасці, сілы, палітычнай хітрасці і звычайнай практычнасці. Ён быў занадта высакародным і добрым, каб правіць у той неспакойны час. Аляксандр вызначаўся эстэтычным густам, акружаў сябе прыгожымі рэчамі, любіў пародзістых коней, быў аматарам музыкі і захапляўся народнымі песнямі свайго прыдворнага спевака Чурылкі. З людзьмі Аляксандр паводзіў сябе проста, без пыхі і гонару. Яго маці, каралева Альжбэта, так ахарактарызавала свайго сына: «На паляванні ці ў дарозе ён не праміне ніводнага селяніна, каб не спыніць яго і не перамовіцца слоўцам: не агідна яму было напіцца з чаркі ўбогай ды асушыць яе да дна». А вось характарыстыка Аляксандра Казіміравіча, дадзеная польскім храністам Марцінам Бельскім: «Быў Аляксандр сярэдняга росту, твару выцягнутага, валасоў рудых, кастлявы, плячэй шырокіх і сілу меў у сабе, але думак не было, таму маўчаў. Болей за ўсё захапляўся людзьмі рыцарскімі і музыкай. Дабрынёй усіх іншых братоў пераўзыходзіў, гэта меў за вартасць. Калі каму што дарыў, то болей за марнатраўца, чым за шчырага лічылі». З такімі якасцямі правіць было цяжка, а тым больш вырашаць тыя праблемы, што зваліліся на яго праўленне.

А спачатку ўсё складалася для Аляксандра добра. Пасля смерці бацькі вялікага князя літоўскага і польскага караля Казіміра Ягайлавіча Аляксандра ў 1492 годзе выбралі правіцелем Вялікага Княства Літоўскага. Толькі вось мірнага часу Аляксандру не выпала. Паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Вялікім Княствам Маскоўскім ішла неаб'яўленая вайна. Дзейны маскоўскі ўладар Іван ІІІ «прелестными» лістамі перацягваў на свой бок памежных праваслаўных князёў, якія пераходзілі са сваімі землямі пад уладу праваслаўнага правіцеля Масквы. Аляксандр не мог гарантаваць ім сваёй абароны, не меў рашучасці і сілай утрымаць іх пад сваёй уладай, а то і ліквідаваць іх вотчыны-княствы і правіць там праз сваіх намеснікаў. Толькі вымушаным прызнаннем пераходу да маскоўскага князя Вяземскага княства Аляксандру ўдалося ў 1494 годзе заключыць з Іванам ІІІ «вечны мір». І каб замацаваць гэты «вечны мір», Аляксандр Казіміравіч пасватаўся да дачкі Івана ІІІ Алены. Ён згадзіўся на ўмову маскоўскага ўладара не прымушаць Алену да прыняцця каталіцтва.

Гэты шлюб (вянчанне адбылося ў Вільні 18 лютага 1495 года) не прынёс Аляксандру шчасця, не спраўдзіў яго палітычных надзей. Каталіцкая царква насядала на Аляксандра, каб ён прымусіў да каталіцтва сваю жонку, палякі дэманстратыўна пагарджалі ёй і не давалі згоды на каранацыю. А Іван ІІІ знайшоў зачэпку абвінавачваць зяця ў прымусе дачкі: «усё не па тым становіцца, як Аляксандр нам абяцаў». А гэтага было дастаткова, каб зноў пачаць вайну. Падахвочаныя Іванам ІІІ, да Масквы перайшлі са сваімі ўладаннямі памежныя князі. Вялікае Княства Літоўскае без бою страціла велізарную частку сваёй тэрыторыі — Чарнігаўскую, Бранскую, Старадубскую, Гомельскую, Ноўгарад-Северскую, Рыльскую землі. А пасля страшэннага паражэння войска ВКЛ у бітве 14 чэрвеня 1500 года на рацэ Вядрошы краіне ўвогуле пагражала спусташальнае нашэсце маскоўскага войска. Становішча ўскладнялася імклівымі набегамі саюзнікаў маскавітаў — крымскіх татар, якія спусташалі Вялікае Княства ажно да Бярэсця.

Стаўшы 12 снежня 1501 года польскім каралём пасля смерці свайго брата Яна Альбрэхта, Аляксандр заняўся польскімі справамі. У адсутнасць свайго гаспадара паны-рада не змагла мабілізаваць сілы для вайны з Маскоўскім княствам і падтрымаць сваіх саюзнікаў Лівонію і Вялікую Арду. Вярнуўшыся ў Літву, Аляксандр заключыў з Іванам ІІІ перамір'е. У паражэнні абвінавацілі Аляксандра, маўляў, не можа арганізаваць абарону краю.

А пасля Аляксандр зноў займаўся польскімі справамі, а справы ВКЛ аказаліся для яго другаснымі. Ён рэфармаваў польскі сойм, стварыўшы прадстаўнічы орган шляхты Пасольскую Ізбу, правёў фінансавую рэформу, уладкаваўшы падатковую сістэму. Так спакваля сталеў яго дзяржаўны характар.

Тым часам у ВКЛ расла незадаволенасць значным уплывам Аляксандравага любімца князя Міхаіла Глінскага. На Радомскім сойме Аляксандр выслухаў нямала горкіх абвінавачанняў з вуснаў віленскага біскупа Войцаха Табара, які пагражаў яму пракляццем. Аляксандр вельмі блізка да сэрца прыняў абвінавачанні, і яго разбіў параліч. Хвароба і перажыванні за лёс сваіх дзяржаў, усведамленне свайго бяссілля адбіралі апошнія сілы. Аляксандр вырашыў перадаць уладу свайму малодшаму брату Жыгімонту. Усё ж, нягледзячы на хваробу, ён прыехаў у Літву, каб сваёй прысутнасцю натхніць войска ВКЛ на змаганне супраць крымскіх татар, якія зноў напалі на краіну. Хворага гаспадара прывезлі ў Ліду, адкуль ён і выправіў паспешліва сабраныя пад яго сцяг віленскую, гарадзенскую, наваградскую, лідскую, менскую харугвы на ворага. І вельмі злаваўся на сваю хваробу, што не мог сесці на каня і асабіста ўзначаліць войска.

Памёр Аляксандр у Вільні ў ноч з 19 на 20 жніўня 1506 года, паспеўшы перад смерцю атрымаць радасную вестку аб перамозе свайго войска на чале з Міхаілам Глінскім над татарскім войскам у бітве пад Клецкам 5 жніўня. Слабеючай рукой паціснуў ён рукі сваім набліжаным, віншуючы іх з удачай у бітве, якая была і яго першай і апошняй перамогай.

Вітаўт ЧАРОПКА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.