Вы тут

Шлях да чытача знайшлі ў бібліятэцы БДЭУ


Тут ламаюць стэрэатыпы: ніякай цішыні і суму ў кніжніцы. Па просьбах чытачоў падаўжаюць час работы чытальных залаў… Тут могуць рэалізаваць творчыя здольнасці як студэнты, так і выкладчыкі. Усё гэта пра бібліятэку Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта.


Фотаакцыя «Гэта мая кніга» — крэатыў і арыгінальнасць без межаў.

Разам з асноўнай функцыяй бібліятэкі ВНУ — забяспячваць навуковую і навуковадаследчую дзейнасць — тут шмат рупяцца, каб бібліятэка стала камфортнай, каб сюды хацелася прыходзіць. Таму штогод стараюцца прыдумваць штосьці новае і цікавае. Гэтым навучальным годам ва ўніверсітэт прыйшло каля 2000 першакурснікаў. З кожнай групай (20 чалавек) зладзілі сустрэчуэкскурсію па бібліятэцы. «Прыходзьце да нас з ідэямі, мы дапаможам арганізаваць любыя мерапрыемствы, зладзім выстаўкі, — запрашае Аксана Александровіч, загадчык арганізацыйна-метадычнага аддзела бібліятэкі БДЭУ. — Калі бачыш захапленне студэнтаў, што тут можна займацца, гэта дарагога каштуе». У бібліятэцы 3 чытальныя залы: адна — для навуковай работы, дзве іншыя — больш дэмакратычныя. Адна зала — пасля рамонту, там добрае абсталяванне. Чытальныя залы прапаноўваюць пад канцэртную пляцоўку. Добры шанц: перад вялікай сцэнай стаць на крыло спачатку ў кніжніцы. Бібліятэкі — выдатная пляцоўка для апрабацыі праектаў.

Разам з прафкамам кніжніца ладзіла доўгатэрміновы фестываль — агляд-конкурс «Чароўны куфэрак». Студэнты змаглі ўбачыць выкладчыкаў з іншага боку: сур’ёзныя прафесары і дацэнты паказвалі свае работы. Дзверы бібліятэкі ў тыя часы не зачыняліся. Яшчэ адзін адметны праект — конкурс аўтараў, паэтаў і чытальнікаў сярод выкладчыкаў і студэнтаў «Музыка слова». Для вызначэння пераможцы нават шукалі прафесійнае журы. Прафкам выдаў зборнік аўтараў твораў. У планах — зрабіць паэтычны батл паміж выкладчыкамі і студэнтамі.

500-годдзе кнігадрукавання адзначалі ў кніжніцы арыгінальна: прапанавалі студэнтам і выкладчыкам сфатаграфавацца з любімай кнігай — так нарадзілася фотаакцыя «Гэта мая кніга». «Мы абвясцілі: адкрываем нашы тайныя кнігасховішчы, крэатыўце: фатаграфуйце, прыдумляйце. Фотасесіі штотыднёва выстаўлялі ў сацсетках. Убачылі, што гэта прыцягвае, зразумелі: патрэбны прызы». На супрацоўніцтва выйшлі суседзі кніжніцы — кавярня і крама кветак: пазнаёміліся з праектам, спадабалася — і падключыліся: арганізавалі прызы. Раз усё атрымліваецца, вырашылі супрацоўнічаць і далей. Спонсарскую дапамогу кавярня і кветкавая крама аказвалі і ў наступным фотаконкурсе, умовамі якога было — зрабіць фота кнігі і кавы і выкласці ў групе бібліятэкі ў сацыяльнай сетцы. «Кожны дзень мы назіралі, якія прыходзяць цудоўныя фота. Калі бачыш радасць студэнтаў ад конкурсаў, калі гэта бачыць адміністрацыя ўніверсітэта, выкладчыкі, калі адчуваеш сябе неабходным, тады хочацца працаваць, прыдумваць штосьці новае», — дзеліцца загадчык арганізацыйна-метадычнага аддзела бібліятэкі БДЭУ Аксана Александровіч.

Для навагодняга настрою ў чытальнай зале кніжніцы ладзілі святочную фотасесію. На старонцы бібліятэкі ў сацыяльнай сетцы прапаноўвалі кнігі, апавяданні пра чароўныя навагоднія цуды.

У бібліятэцы не ведаюць, што такое нуда. Мо таму, што яшчэ і ўпрыгожваюць асяроддзе вакол, каб сюды хацелася вярнуцца. Напрыклад, аднойчы на абанеменце вучэбнай літаратуры расквітнелі казачныя кветкі і пасяліліся новыя жыхары…

А галоўнае, што аб’ядноўвае супрацоўнікаў, студэнтаў БДЭУ і бібліятэку, — атмасфера творчасці: разам рэалізоўваюць новыя праекты і адкрываюць таленты.

Наталля СВЯТЛОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Чаму ўсе краіны, якія развіваюць інавацыйную эканоміку, робяць сёння стаўку на STЕM? 

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ Расіі

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ Расіі

Некалькі рэчаў сёлета адбываюцца ўпершыню.

Грамадства

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Адэльскі сельскі савет, што ў Гродзенскім раёне, можна назваць брамай у Еўрасаюз.