Вы тут

Мовай памяці


«Ёсць толькі новы час / З кожным коласам першым, / Як і з вянком славы над / Кожным жывым і памершым… / Часу старога няма, / Спрадвеку ён — толькі новы…». Пяро Алега Лойкі не мела супакою, а прагная душа даследавала новыя высі. Што і казаць, паэт, пісьменнік, літаратуразнаўца, перакладчык, дэкан філалагічнага факультэта БДУ, аўтар 100 кніг (у тым ліку «Францыск Скарына, або Сонца маладзіковае» (1990), аповесці «Скарына на Градчанах» (1990), а таксама сцэнарыя дакументальнага фільма «Максім Багдановіч» (зняты ў 1990)), знаўца вечных ісцін, збіральнік і сузіральнік прыгожага… Сёлета набяжыць 10 гадоў, як Алег Лойка спазнаў «новы час, які заўжды пераходны» і накіраваўся ў вечнасць. Слынны сын Слонімшчыны пакінуў вялікую спадчыну, якую тут клапатліва зберагаюць. З асаблівай руплівасцю — у Слонімскай раённай бібліятэцы імя Якуба Коласа. Тут працуе музейны пакой Алега Лойкі.


У музейным пакоі Алега Лойкі ў Слонімскай раённай бібліятэцы імя Якуба Коласа.

Слонімская бібліятэка з даўніх часоў славіцца сваёй асветніцкай і культурнай дзейнасцю: сюды ўжо 25 гадоў вабіць адмысловы музей беларускай кнігі, якія складаецца з двух аддзелаў. Першы прысвечаны Якубу Коласу, імя якога носіць бібліятэка. Сярод рэдкіх кніг Я. Коласа 1914, 1928 гадоў вялікая каштоўнасць — выданне «Адшчапенец» з аўтографам пісьменніка для Слонімскай бібліятэкі. Экспазіцыя папаўняецца новымі публікацыямі пра Я. Коласа і выданнямі яго твораў у многім дзякуючы ўнучцы песняра Веры Міцкевіч, з якой кніжніца сябруе з 2003 года. Вера Данілаўна падарыла больш як 20 фотаздымкаў і больш як 30 кніг песняра. Другі аддзел музея прысвечаны літаратурнай Слонімшчыне і раскрывае жыццёвы і творчы шлях пісьменнікаў-землякоў Г. Леўчыка, С. Дарожнага, В. Таўлая, А. Іверса, А. Сучка, А. Лойкі...

 — Музейны пакой Алега Лойкі вырас са стэлажа, прысвечанага пісьменніку. А цяпер дух творчасці Алега Лойкі віруе ў асобным памяшканні, якое адведзена пад музейны пакой, — радуецца дырэктар Слонімскай раённай бібліятэкі імя Я. Коласа Ларыса Рэпінская.

На адкрыццё музейнага пакоя Алега Лойкі завіталі яго калегі і сябры Вячаслаў Рагойша, Алесь Бельскі, Анатоль Верабей, Сяргей Чыгрын, паэт Алег Бембель… Шмат асабістых прадметаў Алега Лойкі падарыла яго сястра Людміла Клімовіч… Тут і пісьмовы стол, і фотаапарат, і гармонік. А яшчэ — арыгінальныя рэчы старадаўняга побыту: ночвы, калаўрот, прас і інш. Усяго ў музейным пакоі Алега Лойкі 105 экспанатаў. Выкладчыкі з БДУ, калегі творцы перадалі шмат фотаздымкаў, якія прадстаўлены ў экспазіцыі. Каштоўныя таксама выданні Алега Лойкі з аўтографамі.

«Мясцовы скульптар Леанід Богдан стварыў бюст творцы. Адзін з нашых спонсараў — Віталь Фядотаў — зрабіў стэнд з фота Алега Лойкі. Яшчэ адна неабыякавая асоба — Уладзімір Янушэвіч — запрасіў мастака, які зрабіў на сцяне аэраграфію. Яе асабліва ўпадабалі наведвальнікі падчас экскурсіі па музейным пакоі. Штогод ладзім мерапрыемствы, прысвечаныя творчасці Алега Лойкі. На восень плануем вечарыну памяці», — распавядае дырэктар бібліятэкі.

Сёння кніжніца размяшчаецца ў будынку гарадской ратушы, якая памятае, як усё пачыналася… Гісторыя бібліятэкі бярэ адлік пасля 1939 года, калі Заходняя Беларусь уз’ядналася з БССР. Кажуць, у фондзе тады былі кнігі больш чым на 20 мовах. Ды ўсё панішчыла вайна, гітлераўская акупацыя. Выратаваць удалося толькі частку кніг дзякуючы I. Стаброўскаму і С. Новіку-Пеюну. Крок за крокам… Фонд скамплектавалі. Расказваюць, кнігі дасылалі сюды з Масквы, Яраслаўля, Чыты… І сёння агульны кніжны фонд — ужо звыш 550 000 экз. дакументаў, якія штогод запатрабаваны больш як у 30 000 наведвальнікаў.

Бібліятэка працята атмасферай творчасці і энергіяй стваральнасці. Ці не таму, што тут ёсць літаратурна-музычная гасцёўня (у 1982 годзе яе арганізавала былы дырэктар кніжніцы Р. І. Міско), дзе ладзяцца сустрэчы з творцамі, культурныя імпрэзы, прысвячэнні. На такіх сустрэчах можна ўзяць удзел у шчырай размове, паспяваць, адпачыць і натхніцца. А яшчэ — пагартаць арыгінальныя выданні на выстаўцы рэдкай кнігі канца XIX — пачатку XX стст., напрыклад «Паэзія Адама Міцкевіча» (1897 г.), «Война и мир» Л. М. Талстога (1905 г.), «Чыжык беларускі» Г. Леўчыка (1912 г.). Уражваюць каларытныя прадметы побыту з прыватнай калекцыі журналіста і краязнаўца М. I. Рылко.

З 70-гадовым юбілеем павіншаваць бібліятэку прыязджала Вера Данілаўна Міцкевіч, прэзентавала сваю кнігу «І бачу пройдзеныя далі…», прысвечаную 100-годдзю з дня нараджэння свайго бацькі Данілы Міцкевіча, сына Якуба Коласа.

Гэтыя падзеі так ці інакш звязаны з музеем беларускай кнігі, гордасцю, волатам кніжніцы, які прыняў безліч сустрэч і зычэнняў. Ды наваствораны музейны пакой Алега Лойкі, верыцца, таксама будзе буйнець, адзначыць не адзін юбілей, прыме адданых аматараў літаратуры.

— Музейны пакой Алега Лойкі працуе толькі два месяцы, у адрозненне ад нашага ўнікальнага музея беларускай кнігі, якому ўжо 25 гадоў, — адзначае дырэктар Ларыса Рэпінская. — Наперадзе яшчэ шмат работы, збіраемся пакой развіваць.

Наталля СВЯТЛОВА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.