Вы тут

Вершы-мары, песні-птушкі


«Пакуль баліць душа паэта…» — так называўся творчы вечар паэта, празаіка, перакладчыка і кампазітара Дзмітрыя Пятровіча, які адбыўся ў Цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя Я. Купалы. Дзмітрый Леанідавіч назваў гэтае мерапрыемства «споведдзю душы» і, як сапраўдны альтруіст, падчас імпрэзы імкнуўся прадэманстраваць творчасць не толькі сваю, але і сяброў-паэтаў.


Старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі паэт Міхась Пазнякоў павіншаваў віноўніка ўрачыстасці і прачытаў некалькі сваіх вершаў. Вядучым імпрэзы стаў вядомы беларускі паэт, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Міхась Башлакоў. Цёплымі словамі пра свайго сябра, калегу і вучня падзяліўся кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры беларускага мовазнаўства БДПУ імя М. Танка, паэт Мікола Шабовіч. На яго вершы Дзмітрый Леанідавіч напісаў каля 30 песень, якія ёсць, напрыклад, у рэпертуары Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору імя Г. І. Цітовіча, Алега Сямёнава, які падчас імпрэзы выканаў песню «Пералётная птушка».

 Пародыі пра «дублёнку з прозы» і «вершаванае паліто» чытаў паэт, парадыст, лаўрэат Рэспубліканскай літаратурнай прэміі «Залаты Купідон» Аляксандр Быкаў з Мядзельшчыны. Паэтэса Ганна Міклашэвіч прыехала павіншаваць сябра са Случчыны. Лізавета Палеес, акрамя цёплых слоў, падарыла кнігу з уласнымі перакладамі вершаў беларускамоўных аўтараў, у тым ліку героя імпрэзы… «Заўсёды ў форме» Дзмітрыю Пятровічу пажадаў заставацца вядомы паэт і празаік Славамір Антановіч. Літаратурны крытык Людміла Вараб’ёва адзначыла, што «ў сваёй творчасці гэты паэт і празаік працягвае тэму нацыянальных традыцый і валодае прафесійнай адказнасцю за слова»…

Дзмітрый Пятровіч стварыў шмат песень на словы сваіх сяброў, некаторыя з іх прагучалі падчас імпрэзы ў бібліятэцы ў выкананні аўтара. Бард Андрэй Зыгмантовіч, наадварот, сам склаў песню на верш віноўніка ўрачыстасці, добра ведаючы, што Дзмітрый Леанідавіч — прафесійны музыкант і ўжо шмат гадоў піша песні.

Госці вечарыны пераканаліся ў тым, што ў Дзмітрый Леанідавіч валодае майстэрствам перакладчыка. Пераважна ён перакладае на родную мову класікаў рускай літаратуры. Дорыць беларускае гучанне і творам нашых суайчыннікаў — Валянціны Паліканінай, Алы Левінай, Лізаветы Палеес, Таццяны Лейкі… Падчас імпрэзы Дзмітрый Леанідавіч чытаў свае пераклады вершаў Ганны Ахматавай, Сяргея Ясеніна, Аляксандра Блока, а потым выканаў раманс на словы апошняга ў перакладзе на беларускую мову.

 Алена БАСІКІРСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.