Вы тут

Ці можа сучасны беларускі пісьменнік выйсці з ценю Караткевіча?


Так вызначылі тэму гутаркі на прэзентацыі кніг Уладзіміра Караткевіча, якія выйшлі ў выдавецтве «Папуры» («Дзікае паляванне караля Стаха», «Чорны замак Альшанскі», «Зброя», «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» і інш.). Кожны з пісьменнікаў, якія сабраліся выказаць свае меркаванні, маюць творчыя ці навуковыя зацікаўленасці: пісьменніца Людміла Рублеўская, Зміцер Дзядзенка (гісторык, аўтар кнігі «Зямля Караткевіча», бард), Дзяніс Марціновіч (аўтар кнігі «Жанчыны ў жыцці Караткевіча»), Ганна Кісліцына (літаратурны крытык, загадчык аддзела тэорыі і гісторыі літаратуры Інстытута мовы і літаратуры Акадэміі навук Беларусі).


Ганна Кісліцына: «Тэма гутаркі нарадзілася ў сеціве. Першапачаткова яна належала Зміцеру Дзядзенку, які ўслед за Караткевічам любіць пісаць пра містыку, прыгоды, жанчын, апісваць дэталі. Якія ж прэтэнзіі мае Дзядзенка да літаратурнай сітуацыі: чаму сённяшні пісьменнік павінен выходзіць з ценю Караткевіча?»

Зміцер Дзядзенка: «Усіх пісьменнікаў, якія пішуць у гістарычным жанры, параўноўваюць з Караткевічам, бо ён стварыў канон гістарычнай прозы. А быць другім у гэтым каноне — неяк не камільфо…»

Г. К.: «Сам Караткевіч згаджаўся быць у цені Дзюма. Ён казаў пра сябе: “Я — беларускі Дзюма…” і ганарыўся гэтым. Зараз з Караткевічам найбольш параўноўваюць Людмілу Рублеўскую. Ці крыўдна, калі параўноўваюць з Караткевічам?»

Людміла Рублеўская: «Мяне заўжды напружвае ўменне навешваць цэтлікі, каб патлумачыць, што гэта нешта вартае. Беларускі Рэмарк, беларускі Шэкспір, беларускі Пушкін… Падобныя вызначэнні трэба дзяліць на два, на тры, на чатыры. А хто каго пераймае? Згодна з адным з антычных філосафаў, у свеце ўсяго чатыры сюжэты. Я пішу тое, што хачу, што цікава мне. А які цэтлік навесяць… Мяне гэта не кранае і не датычыцца. Калі спрабуеш зрабіць штосьці наадварот, атрымліваецца фактычна тое самае, калі б ты кагосьці пераймаў».

Дзяніс Марціновіч: «Выбрацца з-пад ценю Караткевіча ў сучасных умовах немагчыма апрыёры. Мне здаецца, не зусім этычна параўноўваць Караткевіча і сучасных пісьменнікаў хаця б таму, што тады існавала іншая сітуацыя. Пісьменнік пісаў твор, які велізарным накладам ішоў у бібліятэкі, пасля — новы твор, які зноў ішоў у бібліятэкі. Яму не трэба было распаўсюджваць наклад, рэкламаваць свае творы. Пакуль у нас не склаўся літаратурны рынак, ніводны пісьменнік, які б таленавіты ён ні быў, поспеху не дачакаецца. Некалі ў дыскусіі Людміла Рублеўская выказала думку: калі б зараз у нас з’явілася Джоан Роўлінг і напісала “Гары Потэра”, яе ніхто б не заўважыў…»

Г. К.: «А ўвогуле, з чаго складаецца “цень Караткевіча”? Што стаіць за яго імем: жанр, стыль, цікавасць да гісторыі, містыка? Што любяць у Караткевіча?»

Дз. М.: «Цікавасць да гісторыі, любоў да Беларусі, рамантыку. Гэта адзін з нешматлікіх пісьменнікаў БССР, чые кнігі не трэба было прымушаць чытаць, яны разыходзіліся хутка. Шалёная папулярнасць савецкіх часоў, якую наўрад ці хто зможа пераўзысці».

Л. Р.: «Караткевіч паказаў, як можна ствараць беларускі нацыянальны міф. Ён вызначыў асноўныя складнікі: рыцарская Беларусь, інсургенцкая Беларусь (я ад сябе дадаю сюды яшчэ рэпрэсаваную Беларусь). Таксама вобраз нацыянальнага героя, які неабходны для кожнай нацыі, народа. Да яго ніхто не ствараў падобнага. А ён — стварыў, і свядома. Я працягваю гэта рабіць і лічу, што на беларускі нацыянальны міф трэба працаваць доўга».

Дз. М.: «Караткевіч стаяў на парозе тых зменаў, што адбыліся ў канцы 1980-х — пачатку 1990-х. Пакаленне людзей, дзякуючы якім Беларусь стала незалежнай, вырасла на творах Караткевіча. Ён прыдумаў міф, які потым пачалі рэалізоўваць. Ён выканаў сваю місію».

Зм. Дз.: «Караткевіч пісаў не нудна, з гумарам ставіўся да сваіх герояў, да сябе».

Г. К.: «Я знайшла ў сеціве цікавае выказванніе Вольгі Мазуравай: “Мы ў Караткевіча шукаем не жанр, не стыль, а першае ўражанне ад прачытання яго твораў”. Помню, як сама ноччу перагортвала старонкі “Дзікага палявання”».

Л. Р.: «Галоўнае — інтанацыі, камертон беларушчыны. Гэта ў любую эпоху застанецца».

Г. К.: «Караткевіч стварыў нацыянальны канон для беларусаў. Столькі разоў сказаць слова “Беларусь” і пры тым застацца не пафасным, не нудным складана. Мне здаецца, сучасным пісьменнікам не хапае любові да беларускага, якая была ў таго пакалення».

Л. Р.: «Пачуццё гумару і самаіроніі — гэта тое, чым дарагі Караткевіч, блізкі і родны і за што мы любім яго герояў. З аднаго боку, былі гісторыкі, якія вывучалі ў архівах кожную рыску рэальных гістарычных персанажаў, а з другога, быў Караткевіч, які мог зрабіць з гэтым персанажам усё, што заўгодна. І атрымлівалася выдатна. Бо галоўнае — вынік. Калі мастак працуе над карцінай, ён можа мазануць пальцам, у натхненні рукавом нешта расцерці, кавалак газеты прыляпіць, калі трэба. Караткевіч быў менавіта такі: натхнёны, без унутранай цэнзуры. Караткевіч — гэта не цень, з якога трэба выйсці, а ліхтар, у святле якога мы стаім».

***

Галоўнае пытанне, што абмяркоўвалі на сустрэчы, засталося адкрытым. Гісторыя ж сведчыць: у жыцці, як і ў літаратуры, былі і будуць тыя, каго непакояць чужыя лаўры. Славы і папулярнасці дасягаюць адзінкі — хто марыць не аб тым, каб кагосьці пераўзысці ці займець большы поспех, а хто проста ідзе сваім шляхам, узнагародай прымаючы сам працэс, а не вынік.

Аўтарская версія

Уладзімір Караткевіч — аўтар раманаў, аповесцяў, апавяданняў, якія заўсёды будуць запатрабаваныя. Яго пяру належаць таксама творы, не разлічаныя на масавага чытача. У выдавецтве «Мастацкая літаратура» пабачыў свет XVI том «Збору твораў». Рэчы, якія ў яго ўвайшлі, раней ніколі не публікаваліся. Гэта сцэнарыі мастацкіх фільмаў. З экранізаваных — «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», «Дзікае паляванне караля Стаха», «Чорны замак Альшанскі». І зусім невядомыя — «Гнеўнае сонца» і «Апавяданні з каталажкі».

Укладальнік тома Валерыя Кустава распавядае:

— Я займалася падрыхтоўкай тэкстаў да выдання. Паколькі гэта збор твораў пісьменніка, то і кіравалася тым, што ў том увойдуць менавіта літаратурныя сцэнарыі, а не адаптаваныя рэжысёрскія. Тыя тэксты, дзе Караткевіча засталося найбольш. Таму, натуральна, яны адрозніваюцца ад варыянта, што мы можам убачыць на экранах. Тым яны і цікавыя. Перад пачаткам здымак з імі асобна працавалі рэжысёры, ствараючы рэжысёрскія сцэнарыі. Над некаторымі, напрыклад, «Дзікім паляваннем караля Стаха» і «Чорным замкам Альшанскім», Караткевіч працаваў супольна з рэжысёрамі. Па версіях сцэнарыяў можна прасачыць, як і праз якія абставіны яны змяняліся. А іх шмат: некаторыя сцэнарыі налічваюць дзясяткі версій. Пра іх адметнасці можна пачытаць у каментарыях да 16-га тома. Караткевіч быў у першую чаргу пісьменнікам з уласным светам, героямі — няпроста яму давалася «пераробка» гэтага самага свету пад кінафармат. Вядома, што пісьменнік быў не задаволены экранізацыямі сваіх твораў. У тым і важнасць, і арыгінальнасць аўтарскіх сцэнарыяў — яны даюць шанц сучасным прафесіяналам-кінематаграфістам увасобіць ідэі Караткевіча яшчэ больш годна.

Таццяна БУДОВІЧ-БАРАДУЛЯ

Фота Таццяны Блахіной

Загаловак у газеце: Пад ліхтарным святлом

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».