25 Верасень, аўторак

Вы тут

Калі своечасова дыягнаставаць рак, яго можна перамагчы


Працягласць жыцця ў развітых краінах павялічваецца, а насельніцтва планеты старэе. Менавіта з гэтым звязваюць рост анкалагічных хвароб ва ўсім свеце. У нашай краіне штогод 50 тысячам новых пацыентаў ставіцца такі дыягназ. Як дыягнастуецца рак у Беларусі, у якім узросце трэба правярацца і чаму вайну супраць гэтай хваробы пакуль нельга выйграць, мы спыталі ў намесніка дырэктара па навуковай рабоце РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава, члена-карэспандэнта Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктара медыцынскіх навук, прафесара Сяргея Краснага.


— Сяргей Анатолевіч, у якім узросце трэба задумвацца аб дыягностыцы раку?

— Анкалагічныя хваробы сустракаюцца ў любым узросце, і нават у нованароджаных. Таму памятаць пра гэта трэба заўсёды, але найперш гэта павінен мець на ўвазе ўрач. Увогуле ж рак — гэта захворванне людзей сталага ўзросту. У маладых ён сустракаецца дастаткова рэдка, нават нягледзячы на тое, што апошнім часам захворванне памаладзела. Памятаць неабходна наступнае: калі штосьці турбуе, то трэба не чакаць, калі стане зусім дрэнна, а адразу звяртацца да ўрача. Гэта датычыцца людзей любога ўзросту. Калі казаць пра мэтанакіраванае абследаванне на злаякасныя пухліны, то ў нашай краіне існуюць скрынінгавыя праграмы, якія распрацаваны для розных катэгорый насельніцтва, так званых груп рызыкі.

У прыватнасці, калі мы кажам пра рак шыйкі маткі, то ў групе рызыкі ўсе жанчыны ва ўзросце ад 30 да 60 гадоў. Гэты рак памаладзеў, бо дзяўчаты раней пачынаюць палавое жыццё. Захворванне выклікае вірус папіломы чалавека. Лічыцца, што каля 10 гадоў пасля інфіцыравання і рэінфіцыравання дастаткова для развіцця раку. Таму калі дзяўчына пачынае палавое жыццё ў 13 гадоў, то у 22—24 гады ў яе можа ўзнікнуць злаякасная пухліна. Такое рэдка, але сустракаецца. Жанчын мы мэтанакіравана абследуем ва ўзросце з 30 да 60 гадоў, гінеколаг бярэ мазок. Цяпер атрыманы матэрыял даследуецца па новай сістэме афарбоўкі, гэта так званая вадкасная цыталогія, яна з канца мінулага года ўкаранёная ва ўсіх рэгіёнах краіны. Гэта больш дарагі, але значна больш дакладны метад.

Рак малочнай залозы сустракаецца і ў маладых пацыентак, але таксама не часта. Таму абследаваць пачынаем жанчын ва ўзросце з 50 да 70 гадоў. Раз у два гады робіцца рэнтген-мамаграфія. У больш раннім узросце яна неінфарматыўная з-за высокай шчыльнасці малочных залоз, і калі штосьці турбуе, то трэба перыядычна рабіць УГД (ультрагук). Пасля 70 гадоў, калі раней нічога не выяўлялася, мамаграфію рабіць немэтазгодна, бо пухліна, калі і з'явілася, развіваецца марудна і, як правіла, не вядзе да сур'ёзных праблем. Тое самае датычыцца падобнага, толькі мужчынскага захворвання — раку прастаты. Дыягностыку праходзяць таксама адзін раз у два гады ва ўзросце з 50 да 65 гадоў. Выконваецца аналіз крыві на ПСА, і, калі паказчык павышаны, робіцца біяпсія.

І апошняя скрынінгавая праграма, скіраваная на выяўленне раку тоўстай кішкі. Выкарыстоўваецца два метады дыягностыкі. Найбольш дакладны — татальная каланаскапія пад анестэзіяй з выдаленнем паліпаў. Робіцца яна адзін раз у 10 гадоў, першы раз — у 50-гадовым узросце. А калі хтосьці з блізкіх меў пухліны тоўстай кішкі, то ў 40 ці нават яшчэ раней. Раз у 10 гадоў такога даследавання дастаткова, бо калі выдаляюцца паліпы, пухліна не ўзнікне. Такім чынам можна папярэдзіць 80 % пухлін. Гэта складаны метад дыягностыкі, і ахапіць усіх у нас пакуль не атрымліваецца. Ёсць і іншы метад — аналіз калу на схаваную кроў. Ён не такі дакладны, але калі кроў выяўляецца, тады паказана татальная каланаскапія. У найбліжэйшы час будуць ісці даследаванні па скрынінгавых праграмах раку страўніка і раку лёгкага ў курыльшчыкаў.

— Што такое генетычна абумоўлены рак?

— Ёсць дзве рэчы, якія часта блытаюць. Рак — гэта генетычнае захворванне, бо яно выклікана мутацыямі, якія адбыліся ў структуры ДНК. Таму можна сказаць, што ўсе злаякасныя захворванні — генетычныя. І часам гэта блытаюць са спадчыннымі захворваннямі. Спадчыннага раку не так шмат — каля 5—7 % ад усіх злаякасных пухлін. Пры некаторых лакалізацыях гэты працэнт большы. Напрыклад, пры раку малочнай залозы спадчынная абумоўленасць можа дасягаць 20 %, пры раку тоўстай кішкі — ад 15 да 20 %.

— Калі блізкія хварэлі на рак, трэба абследавацца часцей?

— Часцей не варта, а вось пачынаць трэба крыху раней. Асабліва калі блізкія хварэлі ў маладым узросце. Пасля 55 гадоў гэта ўжо хутчэй за ўсё не спадчыннае захворванне, але праяўляць насцярожанасць і правярацца трэба. Прычым звяртаць увагу не толькі на тую лакалізацыю, якую мелі блізкія. Вельмі падобныя рак малочнай залозы, прастаты і яечнікаў. Гэтак жа блізкія рак тоўстай кішкі і рак страўніка.

— Які рак выявіць складаней за ўсё?

— Ёсць лакалізацыі, якія больш цяжка выяўляюцца. Да таго ж яны характарызуюцца больш агрэсіўным цячэннем — пухліна расце вельмі хутка. І яе запушчанасць можа быць звязана з тым, што не паспелі своечасова паставіць дыягназ, нягледзячы на тое што чалавека штосьці турбавала. Гэта пухліны печані і падстраўнікавай залозы. Яны могуць выклікаць складанасці ў дыягностыцы: правялі УГД і не заўважылі, бо па структуры злаякаснае новаўтварэнне ў гэтым выпадку блізкае да здаровай тканкі. Тое ж, дарэчы, датычыцца і пухлін полых органаў — яны на УГД не бачныя. Ёсць яшчэ такі момант, што пухліна вельмі маленькая, да аднаго сантыметра, але дае метастазы. Праўда, такія выпадкі не часта здараюцца. Калі старанна падысці да дыягностыкі, нягледзячы на складанасці, усё можна выявіць. Прычынай запушчанасці хваробы найчасцей усё ж служыць тое, што пацыент своечасова не звяртаўся да ўрача.

— З якімі відамі раку можна пражыць доўгае жыццё і памерці ад іншых хвароб?

— У сталым узросце многія пухліны развіваюцца марудна і хвароба працякае больш спрыяльна. Асабліва ў пацыентаў пасля 80 гадоў. Усе абменныя працэсы ў такім узросце працякаюць марудна, у тым ліку і развіццё злаякасных новаўтварэнняў. Увогуле ж, пры ўсіх лакалізацыях раку ёсць сітуацыі, калі хвароба развіваецца больш-менш спрыяльна. У іншага пацыента такая ж па структуры пухліна можа паводзіць сябе зусім па-іншаму. Цяпер мы праводзім малекулярна-генетычныя даследаванні для таго, каб выявіць, пры якіх мутацыях хвароба працякае агрэсіўна, а калі больш спрыяльна. Таму кожнае злаякаснае новаўтварэнне можа развівацца спрыяльна, і пацыент жыве з ім шмат гадоў. У нас такіх прыкладаў дастаткова. Гэта рак ныркі, малочнай залозы, скуры, прастаты. Пры тых жа лакалізацыях могуць быць пухліны, якія развіваюцца імкліва. У кожным выпадку трэба вызначаць прагнозы цячэння хваробы індывідуальна.

— Рак якіх лакалізацый найгорш паддаецца лячэнню?

— Рак падстраўнікавай залозы, печані, стрававода на самых ранніх стадыях можа развівацца агрэсіўна. І нават пасля поўнага выдалення такіх пухлін хутка могуць з'явіцца метастазы. Таму пры многіх лакалізацыях, калі нават дакладна выяўляецца, што пухліна адзінкавая, лячэнне прызначаецца такое, быццам бы яна распаўсюджаная. Напрыклад, вядома, што дробнаклетачны рак лёгкага хутка дае метастазы. У пацыента дзесьці ракавыя клеткі плаваюць у крыві, проста яшчэ не замацаваліся. Таму выдаліць пухліну недастаткова, дзесьці ў хуткім часе з'явяцца метастазы. У такіх выпадках пасля аперацыі неабходны прамянёвая і хіміятэрапія.

— Які самы распаўсюджаны від раку ў Беларусі?

— Наша краіна не адрозніваецца ў гэтым плане ад развітых краін свету, у нас у асноўным лідзіруюць гармоназалежныя пухліны. У мужчын — рак прастаты, у жанчын — рак малочнай залозы. Апошнім часам на лідзіруючыя пазіцыі выходзіць рак тоўстай кішкі. Паколькі ён сустракаецца і ў мужчын, і ў жанчын, то яго абсалютная колькасць большая. Прычым скрынінгавая праграма па коларэктальнаму раку ахапіла толькі 2—3 % групы рызыкі, таму істотна на лічбы яна пакуль не паўплывала.

— Анколагі сцвярджаюць, што катастрофа на Чарнобыльская АЭС аказала ўздзеянне на рост колькасці раку толькі адной лакалізацыі — шчытападобнай залозы. Ці ўплывае суседства з забруджанымі тэрыторыямі на нас сёння?

— Паколькі насельніцтва рассялілася па тэрыторыі рэспублікі пасля катастрофы, адсачыць рост раку шчытападобнай залозы ў тых, хто атрымаў дозу радыяцыі, таксама складана. Што датычыцца малых доз радыяцыі, дык яны калі і аказваюць уздзеянне на рост анкалагічных хвароб, то настолькі нязначнае, што размова ідзе пра некалькі працэнтаў. Цяпер шмат людзей жыве на забруджаных тэрыторыях, многія вярнуліся, асабліва сталага ўзросту. У іх няма злаякасных новаўтварэнняў, насуперак таму, як прагназавалася і чакалася. Я раіў бы звярнуць увагу на тыя фактары, якія псуюць здароўе значна больш. Але нашы людзі так устроены, што горш за ўсё пераносяць... здаровы лад жыцця. Кінуць курыць імкнуцца нямногія, бо тут трэба прыкладаць намаганні. А між іншым, кінуўшы курыць, мы б пазбеглі 90 % раку лёгкага, 80 % раку мачавога пузыра і пэўнага працэнта раку іншых лакалізацый.

— Ці з'явяцца ў наступнае дзесяцігоддзе лекі ад раку, якія дапамогуць перамагчы яго канчаткова?

— Трэба сказаць, што новыя лекі ад анкалагічных хвароб з'яўляюцца кожны дзень, а вось універсальнага сродку дагэтуль няма. У 70-я гады ў ЗША была нават аб'яўлена вайна супраць раку. Былі выдаткаваныя вялізныя сродкі — каля 100 мільярдаў долараў. Меркавалі, што ўдасца стварыць чароўную таблетку, якая будзе дапамагаць ад усіх пухлін. Але дзе там! Было распрацавана некалькі эфектыўных лекаў супраць пухлін пэўных лакалізацый. А ў адносінах да астатніх нічога не атрымалася. Ракавая пухліна — складанае генетычнае захворванне. Дзве пухлінныя клеткі, размешчаныя побач, па генетычнай структуры вельмі розняцца. І вайна супраць раку была прайграная, бо тады быў не вядомы працэс канцэрагенезу — механізм утварэння пухліны, імкнуліся іх перамагчы наўздагад. Цяпер дзейнічаюць па-іншаму. На сёння вядома каля тысячы розных мутацый, якія могуць весці да пухлін. Паміж мутацыямі ёсць узаемадзеянне, так званыя сігнальныя шляхі. І сёння распрацаваны лекі амаль супраць кожнай мутацыі і супраць сігнальных шляхоў. Адны ўжо выкарыстоўваюцца, іншыя на стадыі клінічных выпрабаванняў, трэція распрацоўваюцца. Ёсць тысячы лекаў — кожны сродак супраць пэўнай кропкі, яны і называюцца кропкавыя, або мэтавыя, так званая таргетная тэрапія. А вось знайсці штосьці агульнае супраць усіх пухлін пакуль не атрымліваецца. Існуюць сучасныя лекі, якія ўздзейнічаюць на імунітэт — эфектыўна, але таксама не 100-працэнтна. Зараз з'явіліся вакцыны супраць раку. З імуннай сістэмы чалавека вылучаюць клеткі, змяшчаюць да іх антыген, які прысутнічае ў яго пухліне. Гэтыя клеткі робяцца імунакампетэнтнымі, іх з дапамогай спецыяльных тэхналогій вырошчваюць у вялікай колькасці і ўводзяць пацыенту. Гэта індывідуальныя вакцыны, дастаткова эфектыўныя, але і яны пакуль не здзейснілі пераварот у медыцыне, бо ўсе пухлінныя клеткі адрозніваюцца адна ад адной. І эфектыўная вакцына супраць 10 клетак аказваецца бездапаможнай супраць 11-й, якая пачынае размнажацца. Але мы верым, што з часам нешта ўніверсальнае абавязкова будзе знойдзена.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Жыццё мацнейшае за страх

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Спорт

Цырымонія развітання з Анатолем Капскім прайшла ў «Барысаў-Арэне»

Цырымонія развітання з Анатолем Капскім прайшла ў «Барысаў-Арэне»

Грамадзянская паніхіда працягвалася больш за дзве гадзіны ў "Барысаў-Арэне".

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.