Вы тут

Як стаць пераможцам у ІT-сферы?


Пра гэта ведаюць у Цэнтры юных пажарных горада Мазыра. У 1991-м — годзе заснавання — тут давалі ў першую чаргу веды па бяспечнай жыццядзейнасці, адсюль пайшла і замацавалася назва ўстановы. Ну а праз два гады ўзнік гурток па праграмаванні, які ўзначаліў у той час яшчэ студэнт Аляксей Баруноў.


Дырэктар Цэнтра юных пажарных Аляксандр БАРАВІК паказвае памяшканні, дзе і цяпер займаюцца выхаванцы. Кожны ганарыцца, калі яго здымак трапляе ў галерэю, якая размяшчаецца ўздоўж крутой лесвіцы, што вядзе ў класы. Чым вышэй — тым большыя дасягненні тых, чые выявы на фота. У аўдыторыях на паліцах — старажытныя «мышкі» і мацярынскія платы, на падлозе — гантэлі і іншыя трэнажоры для падтрымання фізічнай формы. Здагадваешся, што не «батанікі» растуць.

Педагог дадатковай адукацыі Аляксей Баруноў між тым падышоў да справы сур'ёзна. За чвэрць стагоддзя ён стварыў у Мазыры моцную школу юных айцішнікаў, якую ведаюць не толькі ў краіне, але і ва ўсім свеце. Аляксей Валянцінавіч — адзін з трэнераў абласной каманды школьнікаў па праграмаванні, шматразовы лаўрэат Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Пачыналі з распрацоўкі праграм для штогадовых тыдняў навукі і тэхнічнай творчасці, але хутка даведаліся пра спартыўнае праграмаванне і цяпер захапляюцца ім.

Першую сур'ёзную перамогу — 3-е месца — школьнікі з Мазыра атрымалі ў 2007 годзе. Тады Аляксей Ропан, Яўген Грыцкевіч і Аляксандр Куліцкі прывезлі «золата» Усерасійскай каманднай алімпіяды школьнікаў па праграмаванні ў Санкт-Пецярбургу. Пасля перамог і медалёў самай высокай вартасці стала значна больш. Асабліва тут ганарацца дасягненнямі Сяргея Куліка і Адама Бардашэвіча. Цяпер у мазырскага цэнтра 45 дыпломаў заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па інфарматыцы, 17 дыпломаў маскоўскай Адкрытай алімпіяды школьнікаў па праграмаванні, восем дыпломаў і чатыры медалі Усерасійскай каманднай алімпіяды школьнікаў па праграмаванні, сем медалёў на міжнародных алімпіядах школьнікаў па інфарматыцы.

Некаторыя выпускнікі цэнтра ўваходзяць у лік самых моцных праграмістаў свету. Як і 25 гадоў таму, на заняткі можна прыйсці «з вуліцы». Затрымліваюцца, зразумела, не ўсе, але ж з самымі руплівымі будуць займацца індывідуальна. Бясплатна. Тут ёсць своеасаблівая іерархія. Малодшая, сярэдняя і старэйшая групы. У апошняй — тыя, хто дасягнуў вынікаў на рэспубліканскіх ці міжнародных алімпіядах. У кожнага свой тэмп навучання, ёсць складаная сістэма рэйтынгаў і матывацыі для дзяцей згодна з іх узростам. Адзнак няма, але той, хто прайшоў далей па праграме навучання, мае права заняць больш магутны камп'ютар. Рэйтынгі ўвесь час абнаўляюцца, а дзеці пастаянна спаборнічаюць паміж сабой. Часцей перамагаюць не тыя, каму ўсё лёгка даецца, а тыя, хто мэтанакіраваны і гатовы ўпарта працаваць.

Большасць былых вучняў мазырскага Цэнтра юных пажарных зараз працуе ў ІT-сферы. Яны раз'ехаліся па розных гарадах Беларусі і Расіі. А педагог Аляксей Баруноў не збіраецца кідаць свой праект і працягвае ставіць задачы перад школьнікамі, якія, магчыма, выведуць іх асабіста і ўсю нашу краіну на прынцыпова новы ўзровень.

Апошнія дасягненні:

  • У снежні на XVІІІ Усерасійскай алімпіядзе школьнікаў па праграмаванні ў Санкт-Пецярбургу дзве каманды мазыран (КЮП#1 — Дзяніс Півавараў, Аляксандр Крывашэеў, Сяргей Піскун і КЮП#4 — Іван Рэўт, Арцём Ганчарук, Вячаслаў Акуленка) атрымалі дыпломы ІІІ ступені Міністэрства адукацыі і навукі Расійскай Федэрацыі.
  • Дзяніс Півавараў заваяваў сярэбраны медаль па інфарматыцы на XІV Міжнароднай Жаўтыкоўскай алімпіядзе па матэматыцы, фізіцы і інфарматыцы, якая праходзіла з 10 па 15 студзеня ў Алматы (Казахстан).

Ірына АСТАШКЕВІЧ

іоst@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як будзе праходзіць перапіс насельніцтва

Як будзе праходзіць перапіс насельніцтва

Старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэта Іна МЯДЗВЕДЗЕВА адзначае, што іх ведамства разлічвае перапісаць максімальную колькасць грамадзян з дапамогай укаранёных інавацый.

Грамадства

Адзіныя дзяўчаты-паркуршчыцы ў Беларусі распавядаюць пра свой спорт

Адзіныя дзяўчаты-паркуршчыцы ў Беларусі распавядаюць пра свой спорт

Гэты кірунак спорту ўвайшоў у жыццё былых студэнтак дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры выпадкова.