Вы тут

Спектакль, што пакідае цябе ў пяшчотнай маркоце


Беларускі дзяржаўны тэатр лялек у Мінску аднавіў свой спектакль «Шоўк», пастаўлены па рамане Алесандра Барыко яшчэ ў 2012 годзе. Пасля перапынку ў некалькі гадоў з новымі акцёрамі і элементамі рэжысуры — а рэжысёрам з'яўляецца заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Аляксей Ляляўскі — пастаноўка зноў апынулася на сцэне лялечнага. І гэта вельмі кранальная, прыгожая, паэтычная гісторыя кахання з сумным фіналам.


Эрвэ Жанкур, як расказваюць нам артысты, жыў у другой палове дзевятнаццатага стагоддзя ў Францыі і, пакуль Лінкальн вёў вайну, канца якой так і не ўбачыў, займаўся прыбытковай справай — набываў яйкі шаўкапрада, а атрымліваў шоўк. Калі ў Еўропе шаўкапрада апанавала хвароба, Эрвэ пакінуў сваю прыгожую жонку Элен і паехаў па тавар у экзатычную Японію. У Францыю ён вярнуўся са скрынямі і зачараванасцю наложніцай японскага барона...

Увесь гэты час — у Японію ён ездзіў тройчы — Эрвэ быў шчаслівы з Элен, але закаханы ў вобраз той самай наложніцы. Праўда, як сказала гаспадыня бардэля мадам Бланш, «гэта ўсё пустое». Сапраўдныя пачуцці з маленькай, але ў катэгорыях чалавека, які кахае, вялізнай, ахвярай хаваліся дома — у Элен.

Гісторыя — тонкая і пяшчотная, як белы шоўк, які спадае на сцэну, грунтоўная праз гістарычны фон, войны і бізнес, прыгожая дзякуючы чорна-белым праекцыям і гульні са святлом. Мастаком-пастаноўшчыкам, дарэчы, з'яўляецца лаўрэат Нацыянальнай тэатральнай прэміі Таццяна Нерсісян. Нельга не адзначыць музычнае суправаджэнне — кампазітарам стаў Ягор Забелаў, дзякуючы якому, загіпнатызаваны фінальнай сцэнай, ты сыходзіш з тэатра ў пяшчотнай маркоце і зачараванасці вобразамі пазамінулага стагоддзя, калі пракладвалася чыгунка, Лінкальн вёў вайну, а французскі гарадок мог стаць шаўковым цэнтрам.

У знаёмай манеры аповед адбываецца вуснамі артыстаў, якія ў любы момант могуць стаць персанажамі гісторыі альбо яе ілюстратарамі, дастаюць лялек, вядуць цягнік, без більярднага стала паказваюць гульню ў більярд. На экране — кадры з хронікі і чорна-белыя птушкі. Жанчыны ў белых убраннях стылёва паказваюць фізічны кантакт — увогуле любое цялеснае ўзаемадзеянне тут перадаецца без цялеснага ўзаемадзеяння (але ўсё зразумела), а гісторыя кахання становіцца яшчэ больш паветранай і ўзвышанай.

Зачараваны галоўны герой, вобраз Элен, які з'яўляецца і ў Францыі, і ў Японіі, паўзмрок, стылізаваныя касцюмы, паўтоны, паўсловы, лёгкі шоўк — дзеля сапраўднага кахання і рэальнай маркоты. У рэпертуары Лялечнага тэатра гэта яшчэ адзін спектакль, які варта ўбачыць і застацца ім загіпнатызаваным.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Загаловак у газеце: Шоўк, Элен, каханне

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».