Вы тут

«Беларускі дзіцячы фонд» днямі адзначыць 30-годдзе


Летам у Жодзіне і Рагачове дзякуючы праекту «Стрыт варкаўт» з'явяцца спецыялізаваныя спартыўна-гульнявыя інтэграваныя пляцоўкі для дзяцей і моладзі. А ў Брэсцкай вобласці ў межах праекта «Я бачу!» афтальмолагі прадыягнастуюць 14 тысяч сельскіх малых. Запланаваныя мерапрыемствы — працяг ініцыятыў грамадскага аб'яднання «Беларускі дзіцячы фонд», якому днямі спаўняецца 30 гадоў.


За два папярэднія гады ўжо абследавалі больш як 25 тысяч дзяцей з 39 мястэчак Магілёўскай і Гомельскай абласцей. Прычым у паловы з іх парушэнні зроку выявілі ўпершыню. З 2014-га пабудавана 13 сучасных спартыўных пляцовак для заняткаў «Стрыт варкаўт». Гэтыя лічбы, якія абавязкова будуць павялічвацца, — вынікі толькі дзвюх праграм Беларускага дзіцячага фонду. Усе яго пачынанні за тры дзесяцігоддзі пералічыць магчыма хіба што ў кнізе.

Напачатку грамадскае аб'яднанне займалася ўсімі праблемамі дзяцей: хворых, сірот, інвалідаў. Пасля некаторыя з праграм, распачатых фондам, пераўтварыліся ў самастойныя арганізацыі накшталт «Бацькі дзяцей, хворых на цукровы дыябет» і «Дзеці, хворыя на гемафілію».

Па ініцыятыве фонду ў Беларусі ў 1988 годзе ўпершыню адсвяткавалі 1 чэрвеня Міжнародны дзень абароны дзяцей, а ў 1989-м з'явіўся першы ў краіне дом сямейнага тыпу. Усім вядомая дабрачынная акцыя «Нашы дзеці» таксама трансфармавалася з акцыі «Нашы сэрцы — хворым дзецям», якую распачыналі ў фондзе. Першы варыянт Закона «Аб правах дзіцяці», прыняты ў 1993-м, за два гады да гэтага стварылі таксама тут.

Сучасная праграма «Дзіцячае сэрца» таксама пачыналася ў Беларускім дзіцячым фондзе і называлася тады «Дар жыцця».

— Дзяцей накіроўвалі лячыцца за мяжу, — расказвае Аляксандр ТРУХАН, дырэктар Беларускага дзіцячага фонду. — Аднак бацькам гэта было цяжка матэрыяльна, бо прыходзілася аплачваць знаходжанне ў іншай краіне. У 2000 годзе фонд запрасіў у Беларусь міжнародную брыгаду кардыяспецыялістаў пад кіраўніцтвам доктара Новіка. Яны прыязджалі на працягу 10 гадоў і разам з нашымі ўрачамі рабілі аперацыі. Гэта прынесла свой вынік: айчынныя спецыялісты цяпер працуюць на ўзроўні ўрачоў Еўропы і Амерыкі, і ехаць за мяжу, каб вылечыць сэрца, ужо не трэба.

Сённяшні лейтматыў работы фонду — 30 гадоў дабрыні і міласэрнасці — не проста словы. За імі — лёсы, жыцці, людзі. Мяркуйце самі...

Марына Астроўская з Брэста. 19 гадоў. Па праграме «Дзіцячае сэрца» перанесла тры аперацыі на сэрцы. Пастаянная ўдзельніца рэабілітацыйна-аздараўленчага праекта «Вясёлыя сэрцайкі». Вучыцца ў медыцынскім каледжы, марыць стаць фельчарам.

Кацярына Кавальская з Мядзельскага раёна. 20 гадоў. Па праграме «Цёплы дом» 6-гадовая дзяўчынка трапіла ў дом сямейнага тыпу ў Мядзельскім раёне. Прыёмныя бацькі афіцыйна ўдачарылі Кацю. Цяпер яна студэнтка 3-га курса Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага інстытута імя А. Д. Сахарава БДУ.

Эдуард Клуйша са Смаргоні. 21 год. Перасоўваецца на калясцы. Удзельнік фотаконкурсу «4383 дні дзяцінства». Вядзе ўласны фотагурток у Смаргоні.

Гэтыя імёны — толькі тры кроплі ў моры дзіцячых лёсаў, якія змяніліся дзякуючы шматлікім праграмам Беларускага дзіцячага фонду, і з часам такіх кропель становіцца ўсё больш.

Ірына СІДАРОК

Загаловак у газеце: 30 гадоў дабрыні і міласэрнасці

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».