Вы тут

Што адбываецца на Мальдывах?


Мальдыўская Рэспубліка асацыюецца з раскошнымі пляжамі і дарагімі гатэлямі, а не з дзяржаўнымі крызісамі і грамадзянскімі беспарадкамі. Тым не менш на працягу апошняга дзесяцігоддзя краіна знаходзіцца ў стане перманентнай палітычнай нестабільнасці, чарговы віток якой пачаўся ў лютым. Мальдыўскія астравы зноў аказаліся ў «топе» паведамленняў сусветных інфармагенцтваў. Вярхоўны суд (ВС) краіны адмяніў прысуд у дачыненні да былога прэзідэнта Махамеда Нашыда і яшчэ васьмі прадстаўнікоў апазіцыі, якія абвінавачваюцца ў тэрарыстычнай дзейнасці. Акрамя таго ВС пастанавіў аднавіць мандаты 12 раней адхіленых апазіцыйных дэпутатаў парламента. Мальдыўскі парламент паведаміў аб часовым прыпыненні работы на нявызначаны тэрмін па меркаваннях бяспекі. Прэзідэнт Мальдываў Абдула Ямін увёў у краіне рэжым надзвычайнага становішча, які дзейнічаў на працягу 15 дзён, а на гэтым тыдні прадоўжаны яшчэ на месяц. Старшыня ВС Абдула Саід і яшчэ двое суддзяў былі арыштаваныя. Таксама затрыманы экс-прэзідэнт краіны Мамун Абдул Гаюм. Чаму неспакойна на Мальдывах?


Ад султаната да рэспублікі

У Мальдыўскім архіпелагу, на якім размешчана аднайменная дзяржава, налічваецца 1192 астравы, 85 працэнтаў якіх — незаселеныя. Пераважная большасць 430-тысячнага насельніцтва рэспублікі жывуць у Мале — сталіцы і адзіным горадзе ў краіне, размешчаным на найбуйнейшым востраве архіпелага, плошча якога ўсяго 6 кв. км. Практычна ўсё жыхары (каля 98 %) вызнаюць іслам суніцкага толку, які распаўсюдзіўся тут яшчэ ў ХІІ стагоддзі. З тых часоў больш за 800 гадоў мясцовая дзяржава існавала ў форме мусульманскага султанату, які з 1887-га трапіў пад пратэктарат брытанскай кароны.

Сучасную гісторыю краіны адлічваюць з 1965-га — менавіта тады астравы атрымалі незалежнасць ад Вялікабрытаніі. Першым прэзідэнтам Мальдыўскай рэспублікі стаў Ібрагім Насір, выхадзец з сям'і нашчадкаў каралеўскай дынастыі Дыямігілі. Падчас яго кіравання была мадэрнізавана эканоміка, аб'яўлена дзяржаўная манаполія на знешні гандаль. Аднак у 1970-х эканамічная сітуацыя пагоршылася, пачаліся выступленні насельніцтва. У лістападзе 1978-га хваля незадаволенасці аказалася настолькі моцнай, што Насір збег у Сінгапур.

З таго часу прэзідэнтам стаў Мамун Абдул Гаюм — ён займаў пасаду на працягу шасці пяцігадовых тэрмінаў запар. Гаюма неаднаразова абвінавачвалі ў парушэнні правоў чалавека, карупцыі і ўжыванні тэрору супраць дысідэнтаў. Аднак менавіта пры ім Мальдывы пачалі атрымліваць значныя сродкі ад турызму, уступілі ў Міжнародны валютны фонд і Сусветны банк. У лістападзе 1988 года Гаюма паспрабавалі зрынуць члены ўзброенай арганізацыі «Тыгры вызвалення Таміл-Ілама», але дзякуючы дапамозе індыйскіх вайскоўцаў мяцеж быў задушаны. Аперацыя, якая атрымала ўмоўную назву «Кактус», умацавала адносіны паміж Дэлі і Мале. У пачатку 2000-х прэзідэнт ажыццявіў шэраг дэмакратычных рэформаў: дазволіў палітычныя партыі, увёў прамую сістэму выбараў кіраўніка дзяржавы (раней яго выбіраў парламент).

Гэтыя меры абярнуліся супраць Гаюма: у 2008 годзе ён прайграў у другім туры, а яго апанент — апазіцыянер Махамед Нашыд — стаў першым дэмакратычна абраным прэзідэнтам Мальдываў. Ён праславіўся тым, што ў кастрычніку 2009-га правёў першае ў свеце пасяджэнне ўрада пад вадой. Гэтая акцыя, падчас якой чыноўнікі знаходзіліся ў аквалангах, была закліканая прыцягнуць увагу да праблемы глабальнага пацяплення і павышэння ўзроўню Сусветнага акіяна. Для Мальдываў гэта прамая пагроза — спецыялісты прагназуюць, што пры захаванні цяперашніх тэндэнцый астравы сыдуць пад ваду ўжо да 2100 года. Нашыд абяцаў перавесці краіну на сонечную і ветраэнергетыку, патрабаваў ад суседніх краін згарнуць буйныя прамысловыя вытворчасці. Але ў 2012 годзе прэзідэнт страціў сваю пасаду ў выніку палітычнага крызісу.  Пасля ўлады рэспублікі прад'явілі яму абвінавачанні ў тэрарыстычнай дзейнасці ў сувязі з выданнем незаконнага загаду аб затрыманні кіраўніка Крымінальнага суда Абдулы Махамеда. У выніку экс-прэзідэнт быў асуджаны на 13 гадоў турэмнага зняволення, што выклікала негатыўную рэакцыю міжнароднай супольнасці. Нашыда адпусцілі на лячэнне ў Вялікабрытанію, дзе ён атрымаў палітычны прытулак, а пасля перабраўся бліжэй да радзімы — у Шры-Ланку.

Прэвентыўны ўдар

З 2013 года краінай кіруе Абдула Ямін — зводны брат Мамуна Абдул Гаюма. Ямін вядомы як галоўны ініцыятар правядзення рэформаў у эканамічнай сферы, ён выступае за ўмацаванне супрацоўніцтва з Паднябеснай і прыцягненне ў краіну кітайскіх інвестыцый. У 2015 годзе ён падпісаў закон, які дазваляе замежнікам валодаць зямлёй на Мальдывах (раней гэта было забаронена канстытуцыяй краіны).

Як заўважаюць эксперты, тое, што адбываецца цяпер, непасрэдна звязана з выбарамі прэзідэнта, якія павінны адбыцца на Мальдывах у лістападзе 2018 года. Махамед Нашыд не хавае, што хоча вярнуцца ва ўладу. Рашэнне Вярхоўнага суда аб адмене прысуду, вынесенага экс-прэзідэнту, адкрывае перад ім такую магчымасць. На лістападаўскіх выбарах безумоўным фаварытам дагэтуль з'яўляўся Абдула Ямін. Але рашэнне ВС аб амністыі Нашыда і яго намер балатавацца пахіснулі пазіцыі цяперашняга прэзідэнта.

Больш за тое, як адзначае Asіa Tіmes, адбыўся немагчымы дагэтуль альянс паміж Мамунам Абдулам Гаюмам і Махамедам Нашыдам. Ямін асцерагаецца, што калі апазіцыянера дапусцяць да выбараў, то той стане галоўным прэтэндэнтам на перамогу дзякуючы міжнароднай падтрымцы. І ўжо тады цяперашні кіраўнік дзяржавы рызыкуе сам апынуцца за кратамі, паколькі апазіцыянеры патрабуюць ад ВС прыцягнуць яго да адказнасці за «беспрэцэдэнтную карупцыю». Менавіта таму Ямін вырашыў нанесці па аб'яднанай апазіцыі прэвентыўны ўдар. Нагодай стаў яго канфлікт з Вярхоўным судом.

Стратэгічны пункт

Апроч унутраных прычын — стомленасці насельніцтва і часткі сістэмнай эліты ад праўлення Абдулы Яміна — мальдыўскі крызіс мае і знешняе вымярэнне. Бо Мальдыўскі архіпелаг не толькі вядомы курорт, але і найважнейшая стратэгічная пазіцыя, размешчаная на скрыжаванні гандлёвых шляхоў. Той, хто кантралюе іх, можа кантраляваць транзіт грузаў праз Індыйскі акіян паміж Усходняй Азіяй з аднаго боку і Блізкім Усходам, Афрыкай і Еўропай з другога.

За палітычнымі апанентамі Ямінам і Нашыдам стаяць два ключавыя рэгіянальныя гульцы — Кітай і Індыя. Пры прэзідэнце Яміне Мальдывы, якія традыцыйна адносяцца да сферы ўплыву Нью-Дэлі, сталі ўсё больш залежаць ад Пекіна — у першую чаргу эканамічна. Кітай уключыў астраўную дзяржаву ў ініцыятыву «Адзін пояс, адзін шлях», устанавіў з ёй зону свабоднага гандлю, а таксама ўклаўся ў ключавыя інфраструктурныя праекты, у тым ліку пашырэнне міжнароднага аэрапорта коштам $400 млн. На КНР прыпадаюць 70 % знешняга дзярждоўгу Мальдываў і большасць турыстаў, якія прыязджаюць адпачываць на гэты курорт, — 22 %. Для Кітая Мальдывы з'яўляюцца важным пунктам стратэгіі «жамчужнай ніткі» — будаўніцтва партовай інфраструктуры ў краінах, якія выходзяць да Індыйскага акіяна.

Апагеем дрэйфу Мальдываў у бок Пекіна стала падпісанне ў снежні мінулага года дагавора аб стварэнні зоны свабоднага гандлю паміж дзвюма краінамі. Эканамісты папярэджвалі, што гэта яшчэ больш павялічыць гандлёвы дэфіцыт. Аднак урад запэўніваў, што пагадненне створыць перспектывы павелічэння продажу рыбы (97 працэнтаў усяго мальдыўскага экспарту) на рынак Паднябеснай, а таксама прыцягне кітайскія інвестыцыі.

У канцы мінулага года праўладная газета Мальдываў абвясціла Кітай «новым найлепшым сябрам» краіны, а Індыю — «варожай дзяржавай», якая рыхтуе змову супраць урада Яміна. Сам прэзідэнт паспяшаўся запэўніць індыйскага прэм'ер-міністра Нарэндра Модзі, што не падзяляе гэты пункт гледжання. Аднак апазіцыя на чале з Махамедам Нашыдам раскрытыкавала публікацыю і заявіла аб прыхільнасці да ўмацавання дружбы з Індыяй.

На мяжы інтэрвенцыі

Падзеі на астравах выклікалі шырокі міжнародны рэзананс. Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш выказаў занепакоенасць сітуацыяй на Мальдывах. Арганізацыя гатовая выступіць у ролі пасярэдніка ва ўрэгуляванні ўнутрыпалітычнага крызісу. У аналагічным ключы выказаліся заходнія палітычныя лідары. Кіраўнік МЗС Вялікабрытаніі Барыс Джонсан заявіў, што дзеянні Яміна наносяць шкоду дэмакратычным інстытутам астраўной дзяржавы. Кіраўнік прэс-службы Дзярждэпартамента ЗША Хезер Наўэрт заклікала прэзідэнта Мальдыўскай рэспублікі, войска і паліцыю «выконваць прынцып вяршэнства права, выконваць пастановы Вярхоўнага суда краіны, забяспечыць поўнае функцыянаванне парламента і аднавіць гарантаваныя канстытуцыяй грамадзянскія правы».

Адразу пасля ўвядзення рэжыму надзвычайнага становішча Ямін накіраваў сваіх спецпрадстаўнікоў у «саюзныя краіны» — Індыю, Пакістан, КНР і Саудаўскую Аравію, каб растлумачыць сваю пазіцыю. Індыя дэманстратыўна адмовілася прыняць пасланца Яміна, кіраўніка МЗС Махамеда Азіма, выказваючы незадаволенасць дзеяннямі прэзідэнта Мальдываў. Такая пазіцыя Дэлі цалкам зразумелая. «Мы занепакоены аб'яўленнем надзвычайнага становішча на Мальдыўскіх астравах», — адзначыў МЗС Індыі ў сваёй афіцыйнай заяве. Крыніцы выдання The Tіmes Of Іndіa сцвярджаюць, што індыйскія вайскоўцы былі прыведзены ў стан гатоўнасці ў сувязі з падзеямі на Мальдывах. У прыватнасці, перамяшчэнне войскаў было заўважана на ключавой авіябазе ў паўднёвай Індыі. Афіцыйны Дэлі гэтую інфармацыю не пацвердзіў. МЗС Кітая ў сваю чаргу выказаў надзею, што ўлады Мальдываў справяцца з сітуацыяй, якая склалася, самастойна «з дапамогай дыялогу і кансультацый».

«Мяркуючы па ўсім, у першыя дні крызісу ў Нью-Дэлі ўсур'ёз разглядалася пытанне аб інтэрвенцыі. Тым не менш індыйскае кіраўніцтва праявіла стрыманасць. Індыя аддала перавагу дыпламатычным метадам, звярнуўшыся да ААН з просьбай накіраваць на астравы спецкамісіі для расследавання сітуацыі, і заклікаўшы дружалюбныя краіны аказаць ціск на ўрад Яміна, каб прымусіць яго пайсці на саступкі», — адзначыў старшы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага даследчага інстытута сусветнай эканомікі і міжнародных адносін РАН Аляксей Купрыянаў. Такім чынам, хоць сітуацыя застаецца напружанай, верагоднасць эскалацыі канфлікту істотна знізілася, лічыць эксперт. І Індыя, і Кітай прадэманстравалі негатоўнасць і нежаданне ісці на канфрантацыю, мяркуючы вырашыць складаную сітуацыю шляхам перагавораў. Хоць магчымасць абвастрэння сітуацыі ў выніку рэзкіх дзеянняў мальдыўскіх палітыкаў застаецца, занятая Індыяй і Кітаем пазіцыя дае надзею на тое, што і надалей Пекін і Нью-Дэлі будуць пазбягаць эскалацыі ў гарачых кропках на стыку сфер уплыву.

У тэму

Не варта ехаць

Міністэрства замежных спраў Беларусі рэкамендавала беларускім грамадзянам устрымацца ад паездак на Мальдывы ў сувязі з неспакойным становішчам у краіне, заявіў начальнік упраўлення інфармацыі і лічбавай дыпламатыі — прэс-сакратар МЗС Дзмітрый Мірончык. «Рэкамендуем беларускім грамадзянам часова ўстрымацца ад наведвання Мальдываў, па меншай меры да заканчэння рэжыму надзвычайнага становішча. Гэтая рэкамендацыя тлумачыцца яшчэ і тым, што на Мальдывах адсутнічае беларускае дыппрадстаўніцтва», — растлумачыў Дзмітрый Мірончык. Ён нагадаў, што найбліжэйшае беларускае пасольства размешчана ў Нью-Дэлі (Індыя) — за 2800 кіламетраў ад Мале. Аднак гэтае пасольства не акрэдытавана на Мальдывах, і яго магчымасці ўзаемадзеяння з уладамі вельмі абмежаваныя. На Мальдывах няма і дыппрадстаўніцтва Расіі, акрэдытаванае ў гэтай краіне пасольства знаходзіцца
ў Каломба (Шры-Ланка) — за 800 кіламетраў ад Мале. «Тым не менш калі хто-небудзь з беларускіх грамадзян трапіць у цяжкую сітуацыю, то яны могуць звяртацца па дапамогу ў гэтыя дыпмісіі. Іх кантактныя даныя размешчаны на сайтах МЗС Беларусі і Расіі», — заўважыў прэс-сакратар. Дарэчы, устрымацца ад паездак на Мальдывы рэкамедавалі сваім грамадзянам шэраг краін, сярод якіх Расія,
Вялікабрытанія, ЗША, Індыя і Кітай.

Захар БУРАК

Дзейны прэзідэнт Егіпта Абдэль Фатах ас-Сісі атрымаў падчас галасавання на выбарах кіраўніка дзяржавы каля 22 мільёнаў галасоў выбаршчыкаў — 97 % ад агульнай колькасці тых, хто прагаласаваў. Аб гэтым заявіў старшыня цэнтральнай выбарчай камісіі Лашын Ібрагім. Такім чынам, ас-Сісі зноў зойме прэзідэнцкае крэсла на наступныя чатыры гады. Новаабраны прэзідэнт Егіпта прынясе прысягу перад Палатай прадстаўнікоў у пачатку чэрвеня, пасля чаго пачнецца адлік яго другога тэрміну. Што адбываецца ў адной з ключавых краін Чорнага кантынента?


Ісламісты і вайскоўцы

Унутраная палітыка Арабскай Рэспублікі Егіпет вызначаецца яе эканамічнымі перавагамі. Зараз найбольшыя паступленні ў казну дзяржавы забяспечваюць плацяжы за права праходу суднаў па Суэцкім канале. На другім месцы — турызм, які атрымаў у апошнія гады асаблівы статус у краіне. На трэцім месцы — здабыча нафты і газу. Такім чынам, унутраная палітыка краіны арыентавана перш за ўсё на падтрыманне і развіццё бюджэтаўтваральных кірункаў. Кампаніі, што ствараюцца ў Егіпце для інвестыцый, напрыклад, у турбізнесе, атрымліваюць важкія падатковыя льготы. У краіну дазволены ўвоз любой валюты ў неабмежаванай колькасці.

Заахвочваюцца інвестыцыі замежных кампаній у нерухомасць. Пры ўсім гэтым Егіпет трыццаць гадоў фактычна быў краінай аднаго кіраўніка. Прэзідэнтам рэспублікі з 1981-га з'яўляўся нязменны Хосні Мубарак. Палітыка, якую ён праводзіў, на працягу дзесяцігоддзяў не выклікала актыўнага пратэсту большасці насельніцтва. Мубарака зрынула хваля народнага гневу ў ходзе «арабскай вясны». Прэзідэнт падаў у адстаўку пасля 18 дзён дэманстрацый і агульнанацыянальнай забастоўкі.

У выніку ў лютым 2011-га ўлада перайшла да вайскоўцаў, традыцыйных захавальнікаў стабільнасці ў дзяржаве. 16 чэрвеня 2012 года ў краіне прайшлі выбары — пераможцам аказаўся стаўленік умеранай ісламісцкай групоўкі «Браты-мусульмане». Ісламісты падтрымалі Мурсі, аднак грамадства ў цэлым аказалася расколатае. Улада новаабранага прэзідэнта аказалася нетрывалай — у лістападзе 2012-га ён выдаў указ, які надзяляе яго практычна неабмежаванай уладай у імя абароны рэвалюцыі. Сам кіраўнік адзначаў, што мае на мэце абарону Устаноўчага сходу, які павінен быў напісаць краіне новую канстытуцыю. У чэрвені 2013-га, у гадавіну прыходу Мурсі да ўлады, шматмільённыя маршы вымусілі ваенных умяшацца. Генерал Абдэль Фатах ас-Сісі прад'явіў Мурсі ўльтыматум і запатрабаваў вырашыць супярэчнасць з пратэстоўцамі на працягу дваіх сутак. Ваенныя дэ-факта ўзялі ўладу ў свае рукі, прэзідэнт-ісламіст быў зрынуты.

Цяжкія рэформы

У студзені 2014-га краіна прыняла новую канстытуцыю — за яе прагаласавалі 98 працэнтаў выбаршчыкаў. Праз паўгода ас-Сісі, фактычна кіруючы краінай на той момант, выйграў прэзідэнцкія выбары. Людзі чакалі ад прыходу ваенных нармалізацыі сітуацыі ў краіне і стабільнасці. Ас-Сісі абвясціў «перыяд цяжкай працы» — ён заклікаў суграмадзян уставаць у пяць раніцы і аддаваць працы ўсе сілы. Ён ахвяраваў у бюджэт палову сваёй маёмасці, многія чыноўнікі і бізнесмены ўзялі з яго прыклад. 140 мільёнаў долараў выдзеліла армія. Краіна пачала балючыя эканамічныя рэформы — інфляцыя падскочыла да 34 працэнтаў, аднак ас-Сісі растлумачыў: кароткі перыяд нягод забяспечыць эканамічны росквіт у будучыні. Прэзідэнт таксама абвясціў рэформу і мадэрнізацыю ісламу. Ён прапанаваў выключыць з падручнікаў рэлігійных школ заклікі да гвалту і ўслаўленне жорсткасці. Прэзідэнт нават прыехаў на калядную імшу ў хрысціянскі храм і пажадаў вернікам шчаслівых Калядаў.

Былы прэзідэнт Мурсі ў гэты час быў прыгавораны да смяротнага пакарання. Прысуд потым адмянілі. Зараз Мурсі сядзіць у турме. Тым не менш дагэтуль Егіпет узрушваюць тэракты. У 2015-м, напрыклад, начыненая выбухоўкай машына ўзарвалася на шляху картэжа пракурора Хішам Бараката. Чыноўнік загінуў. Армія краіны вядзе безвыніковую барацьбу з ісламістамі Сінайскага паўвострава, раз'юшанымі звяржэннем Мурсі. Мясцовыя тэрарысты прысягнулі на вернасць баевікам «Ісламскай дзяржавы» і прынялі назву «Вілаят Сінай». Менавіта яны заклалі бомбу на борт расійскага пасажырскага самалёта A321, з-за выбуху якой загінулі 224 чалавекі. Баевікі не шкадуюць ні хрысціян-коптаў, ні нават братоў па веры. 24 лістапада 2017 года яны напалі на мячэць эр-Роўд у ваколіцах горада Арыш. Тады былі забітыя больш за 300 чалавек. Цяжкая абстаноўка з бяспекай падарвала турыстычную галіну: калі да «арабскай вясны» ў Егіпет прыязджалі да 15 мільёнаў турыстаў штогод, то сёння ад паездак у краіну пірамід перасцерагаюць улады шэрагу дзяржаў.

Два дзіцяці на сям'ю

Егіпет з'яўляецца самай населенай дзяржавай на Блізкім Усходзе і другой па колькасці насельніцтва на афрыканскім кантыненце. Паводле апошніх даных, тут пражывае амаль 95 мільёнаў чалавек. Яшчэ дзевяць мільёнаў егіпцян знаходзяцца за мяжой. Насельніцтва хутка павялічвалася ў перыяд з 1970 па 2010 год у сувязі з дасягненнямі ў медыцыне і павышэннем прадукцыйнасці сельскай гаспадаркі, так званай зялёнай рэвалюцыі. Пры ўварванні Напалеона ў 1798 годзе колькасць жыхароў Егіпта налічвала ўсяго тры мільёны, у 1939-м — 16,5 мільёна. Насельніцтва сканцэнтравана ўздоўж і ў дэльце ракі Ніл (у прыватнасці, у Каіры і Александрыі), а таксама паблізу Суэцкага канала.

Летась міністр аховы здароўя і народанасельніцтва Егіпта Ахмед Імада эд-Дзін і міністр мясцовага развіцця Мухамед Хішам аш-Шэрыф абвясцілі аб запуску стратэгічнага плана па кантролі за нараджальнасцю пад назвай «Развіццё Егіпта: толькі два дзіцяці на сям'ю». Як адзначыў кіраўнік міністэрства аховы здароўя, змагацца з рэзкім прыростам насельніцтва перш за ўсё неабходна з дапамогай павышэння ўзроўню адукаванасці, працаўладкавання жанчын і прадухілення ранніх шлюбаў. Паводле яго слоў, «кантрацэпцыя — апошняе, на што варта спадзявацца пры рэалізацыі гэтай стратэгіі». Рэлігійныя ўстаноўкі, на яго думку, «таксама адыграюць важную ролю ў працэсе павышэння ўзроўню праінфармаванасці насельніцтва».

У 2005 годзе ўзровень нараджальнасці ў Егіпце складаў у сярэднім 2,5 дзіцяці, а цяпер ён вырас да 3,5. «Альбо прырост насельніцтва і далей будзе разбураць Егіпет, альбо мы вырашым гэтую праблему», — заявіў Ахмед Імада эд-Дзін. Насельніцтва Егіпта штогод павялічваецца больш чым на два мільёны чалавек. Як адзначыў міністр мясцовага развіцця, калі прырост працягнецца такімі ж тэмпамі, праз тры гады ўрад Егіпта будзе абавязаны забяспечыць насельніцтва 20 тыс. дзіцячых садоў, праз шэсць гадоў — 100 тыс. школ, а праз 25 гадоў — дадатковымі двума мільёнамі працоўных месцаў. Раней у шэрагу рэгіёнаў Егіпта дзейнічалі праграмы бясплатнага распаўсюджання сродкаў кантрацэпцыі, але, як правіла, па рэлігійных меркаваннях шмат хто адмаўляецца ад удзелу ў іх. Для Каіра нормай лічыцца два — чатыры дзіцяці на сям'ю, для больш бедных сельскіх раёнаў — ад шасці і вышэй.

На першы погляд, дзяржаўная палітыка па скарачэнні нараджальнасці ў мусульманскай краіне (больш за тое — у адным з цэнтраў мусульманскага свету) — нерэальная задача. Аднак варта ўлічваць той факт, што галоўным ініцыятарам гэтай праграмы ў Егіпце сталі не два міністры, а асабіста прэзідэнт Абдэль Фатах ас-Сісі. Гэта ён забіў трывогу, калі атрымаў лічбы штогадовага прыросту насельніцтва краіны на 2,5 мільёна чалавек. Прэзідэнт Егіпта паставіў пагрозу росту насельніцтва ў адзін шэраг з пагрозай тэрарызму. «Дзве галоўныя праблемы, якія стаяць перад нашай дзяржавай, — тэрарызм і рост насельніцтва. Гэтыя праблемы значна абцяжарваюць наш рух наперад», — сказаў ён. Характэрна, што гэтая заява была зроблена менавіта на маладзёжным форуме. Матывацыя ас-Сісі выключна эканамічная. Чыста матэматычныя падлікі егіпецкага ўрада такія: калі скараціць нараджальнасць хоць бы да 2,4 мільёна ў год, то да 2030-га ўдасца сэканоміць да 11 мільярдаў долараў.

Універсітэт аль-Азхар — найбуйнейшая ў суніцкім свеце мусульманская навучальная ўстанова, абсалютны аўтарытэт для ўсіх мусульман не толькі ў Егіпце, нечакана падтрымаў ініцыятыву свецкай улады. Ён апублікаваў фетвы, у якіх сказана, што іслам у прынцыпе не забараняе планаванне сям'і.

Суэц і новая сталіца

За свой першы прэзідэнцкі тэрмін ас-Сісі многае зрабіў: будаваў дарогі, жыллё, электрастанцыі, мацаваў абарону. Сярод маштабных праектаў — пашырэнне Суэцкага канала, стварэнне новай сталіцы. У шэрагу дасягненняў ас-Сісі — дамоўленасці з Саудаўскай Аравіяй і Аб'яднанымі Арабскімі Эміратамі аб істотнай фінансавай падтрымцы, шмат у чым дзякуючы поспехам у барацьбе супраць «Братоў-мусульман». Аднак усё роўна трэба было залазіць у даўгі да МВФ, які выдзеліў Егіпту 21 млрд долараў на даволі жорсткіх умовах. У выніку егіпцянам прыйшлося зноў зацягваць паясы.

Увогуле, ас-Сісі ўступае ў свой другі прэзідэнцкі тэрмін у няпростых для Егіпта ўмовах. «Ён робіць фантастычную працу ў вельмі складанай сітуацыі», — так сказаў пра кіраўніка Егіпта прэзідэнт ЗША Дональд Трамп пасля іх сустрэчы ў мінулым годзе ў Вашынгтоне. Як заявіў «Коммерсанту» афіцыйны прадстаўнік МЗС Егіпта Ахмед Абу Зейд, падчас свайго першага тэрміну прэзідэнту краіны ўдалося актывізаваць адносіны з усімі замежнымі партнёрамі краіны. З тым, што Каір вяртае сабе пазіцыі на Блізкім Усходзе, згодныя і іншыя эксперты. Зрэшты, знешнепалітычных партнёраў Егіпта прэзідэнт цалкам задавальняе як узважаны і моцны палітык, які вядзе непрымірымую барацьбу з тэрарызмам. Аднак для павышэння ўзроўню бяспекі ў краіне яшчэ неабходна прыкласці шмат намаганняў. Дарэчы, наколькі гэта складана, паказвае беспрэцэдэнтная ваенная аперацыя на Сінайскім паўвостраве. Перамагчы тэрарыстаў да выбараў, як меркаваў ас-Сісі, не ўдалося.

Захар БУРАК

Фота з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: Трывожны рай

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».