Вы тут

Любімыя месцы закаханых ва Украіне


У Беларусі ў многіх гарадах ёсць альтанкі, лаўкі, алеі закаханых. Ужо «наша» — замежная традыцыя вешаць «замкі кахання» на агароджы мастоў, каб свае пачуцці «замацоўваць» на вякі. Ва Украіне, дзе пабываў падчас прэс-тура наш карэспандэнт, аказваецца, ёсць «тунэль кахання». Цікава, што пачынаецца ён каля былой ваеннай часці. А яшчэ турысты з розных краін прыязджаюць у парк «Сафіеўка», які для сваёй каханай стварыў польскі магнат — у якасці ўзору быў узяты парк добра вядомай беларусам княгіні Радзівіл.


Турыстычная «фішка»

«Тунэль кахання» каля пасёлка Клевань, што ў Ровенскай вобласці, — бадай, самы экалагічны ў свеце.

Па адной версіі, ён з'явіўся, каб паравоз мог без праблем праязджаць цераз лес. Дзеля гэтага спецыяльна абразалі дрэвы. А вось калі рабіць гэта перасталі, яны дзіўным чынам «перапляліся». (Краязнаўцы сцвярджаюць, што па чыгунцы ў царскія часы вазілі высакаякасны паркет, якім упрыгожылі нават Зімні палац у Санкт-Пецярбургу. Дарэчы, і ў наш час па ёй перавозяць грузы.)

Па другой версіі, тунэль зрабілі ў савецкі час, каб замаскіраваць сакрэтныя аб'екты. Такім чынам спадзяваліся схаваць воінскую часць ад здымак з неба.

У цёплую пару года тут ствараецца насамрэч унікальны «зялёны тунэль». Расліны быццам бы абдымаюцца... Напэўна, актывісты экалагічных арганізацый пішчаць ад радасці, назіраючы гэту прыгажосць. Ды і не толькі яны.

Турыстам тут распавядаюць легенды, звязаныя з каханнем. Маўляў, з аднаго боку чыгункі жыла дзяўчына, з другога — хлопец. І бацькі прыгажуні былі супраць іх кахання. Скончылася ўсё сумна, амаль як у творы пра Рамэа і Джульету. Вядома і яшчэ адна гісторыя кахання: пра пана, які пакахаў прыгажуню Аксану, але яна не адказала ўзаемнасцю. Тым больш, што кахала іншага. І багацей ім адпомсціў: замураваў пад зямлёй — у падземным ходзе.

Напэўна, усё гэта і натхніла японскага рэжысёра Акіёшы Ізамакі зняць у 2014 годзе рамантычную драму «Клевань: тунэль кахання». Першы паказ адбыўся на Ханойскім міжнародным кінафестывалі...

Са­фі­еў­ка.

«Хачу... парк!»

Вядома, што калі мужчына закаханы, то можа для сваёй «музы» зрабіць неверагоднае. Ну хіба толькі не атрымаецца «дастаць зорку з неба».

Вось і польскі, як бы цяпер сказалі, «алігарх» Станіслаў Патоцкі «папаў» на каханне. Яшчэ да вяселля з прыгажуняй Сафіяй пачаў ствараць парк, каб падарыць ёй на імяніны.

Пра гэтую жанчыну дакладна невядома — кім насамрэч яна была. Некаторыя гісторыкі канстатуюць, што нарадзілася
ў Грэцыі і была нашчадкам знатнага роду. Іншыя называюць яе куртызанкай. А яшчэ ёсць звесткі, што жыла ў гарэме султана. Пісалі таксама, нібыта яна была шпіёнкай, інтрыганкай, палюбоўніцай многіх сучаснікаў, у тым ліку Рыгора Пацёмкіна, фаварыта Кацярыны ІІ.

У горадзе Умань Чаркаскай вобласці можна ўбачыць цудоўны паркавы комплекс «Сафіеўка». Яго стварылі за параўнальна кароткі час: з 1796-га да мая 1802-га (акурат да імянін Сафіі). Выдаткавана была фантастычная сума — больш за 2 мільёны рублёў срэбрам.

Над стварэннем парку працавалі найлепшыя архітэктары, скульптары, інжынеры з розных краін. Тут ёсць «Востраў кахання», фантан «Змяя», павільён флоры, «Даліна цыклопаў», «Плошча сходаў», «Ружавы павільён», статуі грэчаскіх, рымскіх багоў і герояў, кітайская альтанка, грот «Каліпса» і іншыя. Вабяць вадаспады, падземная рака, крыніца з радонавай вадой і гэтак далей...

Неверагодна, але нават у гады Вялікай Айчыннай парк амаль што не быў разбураны. Штогод тут бывае больш за паўмільёна чалавек.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Загаловак у газеце: Усё дзеля кахання

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.