Вы тут

Пры продажы дзяржуласнасці прапануецца ўдзел у аўкцыёнах усім ахвотным


Пры продажы дзяржуласнасці прапануецца даць магчымасць адначасова ўдзельнічаць у аўкцыёнах усім ахвотным, у тым ліку і грамадзянам.

Дзяржаўны камітэт па маёмасці курыруе ўсе віды маёмасных і зямельных адносін, геадэзіі і картаграфіі, рэгістрацыю і тэхінвентарызацыю нерухомай маёмасці. Аднак нарматыўна-прававая база з цягам часу патрабуе карэкціроўкі. Аб асобных заканадаўчых праектах, асноўных выніках работы ў мінулым годзе і планах на 2018-ы расказаў старшыня Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Андрэй ГАЕЎ.


Наша зямля ў лічбе

З набыццём беспілотнага лятальнага апарата камітэт завяршыў стварэнне трохузроўневай сістэмы атрымання лічбавай інфармацыі аб зямельных рэсурсах. «Цяпер сістэма складаецца з беларускага спадарожнікавага касмічнага апарата, аэрафотакамеры, якая ўстанаўліваецца на самалёт, і беспілотнага лятальнага апарата, з дапамогай якога ўдакладняюцца даныя», — сказаў Андрэй Гаеў.

Ён таксама падкрэсліў, што летась Дзяржкаммаёмасць упершыню выйшла на пяцігадовы цыкл абнаўлення лічбавай інфармацыі аб зямельных рэсурсах, выканаўшы значны аб'ём аэрафотаздымачных работ. У гэтым кірунку адзначана актыўнае ўзаемадзеянне з Міністэрствам лясной гаспадаркі. «У мінулым годзе больш за 9 тысяч паведамленняў былі перададзеныя ў розныя дзяржорганы, перш за ўсё ў выканкамы, па пытаннях, звязаных са зменамі зямельнага пакрыцця. Гэта і заняцце зямельных участкаў, зарастанне іх і іншае. Больш чым па 3,5 тысячы выпадкаў паступіла зваротная сувязь па прыняцці рашэнняў», — дадаў Андрэй Гаеў.

Працягваецца работа па ўдакладненні межаў раёнаў. «Першапачаткова яе выканалі па Мінскай вобласці, летась — па Гродзенскай і Брэсцкай. Цяпер рыхтуецца праект указа, каб надаць адпаведны юрыдычны статус праведзенай рабоце. На чарзе — удакладненне да межаў у Віцебскай, Гомельскай і Магілёўскай абласцях», — адзначыў старшыня Дзяржкаммаёмасці.

Аўкцыён для ўсіх

«Праект змяненняў ва Указ «Аб парадку распараджэння дзяржаўнай маёмасцю» падрыхтаваны намі з улікам практыкі, што склалася пры прымяненні дзеючага акта, які дазваляе далучаць дзяржмаёмасць у абарот самымі рознымі спосабамі», — лічыць Андрэй Гаеў.

Сёння для продажу дзяржаўнай маёмасці, як правіла, праводзяцца аўкцыёны. Спачатку аб'ект выстаўляецца па стартавай, базавай цане, у яе аснову бярэцца ацэначны кошт альбо ў пэўных выпадках — рынкавы. Калі аб'ект не прадаецца, то цана зніжаецца на 20 %, затым на 50 % і на 80 % — аж да адной базавай велічыні. Як паказвае практыка, аб'ектаў з паніжэннем у 20 % прадаецца вельмі мала. Унесена прапанова аб тым, каб існавала магчымасць пачынаць аўкцыёны, зніжаючы цану адразу напалову. Калі аб'ект карыстаецца попытам, то рынак сам выраўнуе яго кошт.

Для таго каб грамадзянін мог купіць дзяржаўны аб'ект, спачатку трэба, каб былі праведзены таргі з удзелам толькі юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў. Калі на першым аўкцыёне ніхто з юрыдычных асоб і ІП не выявіў жадання набыць аб'ект, то ў грамадзяніна з'яўляецца такая магчымасць для рэканструкцыі пад жылы дом або аграсядзібу. Зараз прапануецца адмовіцца ад гэтага парадку і даць магчымасць адначасова ўдзельнічаць у аўкцыёнах усім ахвотным, у тым ліку і грамадзянам.

Мноства аб'ектаў рэалізуецца за адну базавую велічыню, пры гэтым не ва ўсіх населеных пунктах можна вызначаць такую стартавую цану. Прапануецца дазволіць продаж аб'ектаў па стартавым кошце ў памеры адной базавай не толькі ў абласных цэнтрах, але і ў гарадах з колькасцю насельніцтва больш за 50 тысяч чалавек. Практыка паказвае, што калі на аб'ект ёсць некалькі прэтэндэнтаў, то канкурэнцыя прывядзе да большай выніковай сумы.

Каб павысіць зацікаўленасць уладальнікаў невыкарыстоўваемай маёмасці яе прадаць, закладваецца норма аб тым, што палова сродкаў, выручаных ад продажу, застаецца ў іх. (Сёння ж усе грошы за прададзеную дзяржмаёмасць накіроўваюцца ў бюджэт.) Акрамя таго, прапануецца павялічыць растэрміноўку пры куплі аб'ектаў дзяржуласнасці з аднаго года да трох гадоў, пры гэтым права на яе атрыманне будзе вызначаць пакупнік, а не прадавец.

У спісе на інвестыцыі — 43 прадпрыемствы

Штогод сумесна з зацікаўленымі міністэрствамі Дзяржкаммаёмасць складае спіс аб'ектаў для прыватызацыі і прыходу інвестараў. У гэтым годзе падрыхтаваны абноўлены пералік з 43 акцыянерных таварыстваў і ўнітарных прадпрыемстваў, летась вызначана 34 такія прадпрыемствы. Некаторыя з іх перайшлі ў новы спіс.

Адказваючы на пытанне аб неабходнасці складання такіх спісаў, старшыня Дзяржкаммаёмасці падкрэсліў, што яны разглядаюцца міжнароднымі рэйтынгавымі агенцтвамі як наяўнасць фармальнай магчымасці прыватызаваць тое ці іншае прадпрыемства, набыць пакет акцый. «Гэтая работа неабходная. Прадстаўнікі замежнага бізнесу хочуць бачыць нешта рэальнае, яны не вельмі разумеюць выраз, калі прадаецца ўсё. Некаторыя лічаць, што калі прадаецца ўсё, значыць, не прадаецца нічога», — дадаў ён.

Адзіны аператар і закладныя адносіны

Асобна кіраўнік камітэта спыніўся на ўцягванні ў гаспадарчы абарот маёмасці, якая не выкарыстоўваецца і неэфектыўна выкарыстоўваецца. Адна з прапанаваных мер для больш актыўнага выкарыстання маёмасці — стварэнне адзінага аператара па яе продажы.

«Каб не ствараць новых суб'ектаў, не мяняць заканадаўства, мы вызначыліся, што Інстытут нерухомасці і ацэнкі будзе выконваць шэраг функцый. Згаданая юрыдычная асоба будзе выконваць усю перадпродажную падрыхтоўку аб'ектаў, уключаючы, калі трэба, афармленне прававых дакументаў на нерухомасць, праводзіць аўкцыёны, — растлумачыў Андрэй Гаеў. — Гэта значыць увесь аб'ём задач, якія трэба вырашыць для ўключэння ў абарот, будзе вырашацца гэтай структурай».

Спачатку тэхналогію адпрацуюць на акцыянерных таварыствах. Калі эксперымент будзе паспяховы, то такі падыход распаўсюдзіцца і на дзяржмаёмасць, дадаў Андрэй Гаеў.

Змены ў Закон «Аб дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці, правоў на яе і здзелак з ёй» уступаюць у сілу ў ліпені гэтага года. «Вырашаюцца неабходныя арганізацыйныя моманты, для таго каб спрасціць афармленне закладных адносін. З другога паўгоддзя юрыдычным асобам, якія заключаюць крэдытныя дагаворы пад заклад нерухомасці, будзе дадзена магчымасць не звяртацца ў агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі, усё можа быць зроблена ў банку, які выдае крэдыт. Такім чынам, кліент вырашыць у комплексе ўсе свае пытанні, у тым ліку звязаныя з іпатэкай нерухомасці», — растлумачыў Андрэй Гаеў. Летась у нашай краіне было заключана больш за 52 тысячы дагавораў пад заклад нерухомасці, у тым ліку 26 тысяч — пад заклад кватэр. Пятая частка дагавораў па іпатэцы на кватэры заключана ў Мінску.

Без біткойна. Пакуль...

Адказваючы на пытанні журналістаў, Андрэй Гаеў адзначыў, што аб набыцці за крыптавалюту аб'ектаў дзяржнерухомасці пакуль гаворка не ідзе. У той жа час Дзяржкаммаёмасць удзяляе вялікую ўвагу прымяненню інфармацыйных тэхналогій.
І ў геадэзічнай дзейнасці, і ў картаграфіі ствараюцца сучасныя комплексы. «Пры складанні тапаграфічных картаў палову працэсаў аўтаматызавалі. Набыць, атрымаць іншымі спосабамі дзяржаўную нерухомасць можна на разнастайных умовах і падставах», — сказаў Андрэй Гаеў.

Сярод перспектыўных кірункаў у дзейнасці камітэта прымяненне тэхналогіі блокчэйн. «У гэтым кірунку плануем рухацца і ў бягучым годзе паспрабуем рэалізаваць работу з выкарыстаннем блокчэйна па папярэдняй рэгістрацыі дагавораў долевага ўдзелу ў будаўніцтве. Для гэтага і заканадаўчую аснову неабходна будзе стварыць. Пры гэтым уважліва вывучылі вопыт Азербайджана», — адзначыў старшыня Дзяржкаммаёмасці.

У рэжыме рэальнага часу вырашаецца пытанне з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя па размяшчэнні ў лічбавым выглядзе інфармацыі аб асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях і не толькі, адзначыў кіраўнік камітэта. Што датычыцца картаграфіі, то завяршаецца работа над апошнім, чацвёртым томам «Вялікага гістарычнага атласа Беларусі», які ў выглядзе картаў завершыць стварэнне цэласнай карціны развіцця нашай краіны — ад першабытнага часу да сучаснасці. Сёлета з чатырох тамоў плануецца зрабіць адзін зводны матэрыял, які змяшчае квінтэсэнцыю гэтай фундаментальнай навуковай працы.

Сяргей КУРКАЧ

Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ

Загаловак у газеце: Год складаны, але дынамічны

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».