Навіна пра тое, што ў Наваполацку свойскі сабака пароды далмацінец пакусаў галаву васьмімесячнага дзіцяці, літаральна шакіравала.
19 лютага аб адзінаццатай гадзіне раніцы ў кватэры бабулі, куды мама з хлопчыкам прыехалі ў госці, і адбылося гэта надзвычайнае здарэнне. Дарослыя — бабуля дзіцяці і яго мама — у гэты час былі на кухні непадалёку.
У Наваполацкай цэнтральнай гарадской бальніцы, куды прывезлі маленькага пацыента, дыягнаставалі адкрытую чэрапна-мазгавую траўму. Потым хлопчыка перавезлі ў Віцебскую абласную клінічную бальніцу. Як паведамілі ў гэтай медыцынскай установе, пасля аперацыі яго жыццю нічога не пагражае, але стан дзіцяці стабільна цяжкі.
Ва ўпраўленні Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Віцебскай вобласці паведамілі, што прызначана судова-медыцынская экспертыза. Падчас яе будуць вывучаныя ўсе медыцынскія дакументы і дадзена экспертная ацэнка нанесеных сабакам пашкоджанняў па ступені цяжару.
Ці можна лічыць гэты сумны інцыдэнт унікальным? Што канстатуюць эксперты?
— Асобнай статыстыкі адносна колькасці праведзеных экспертных даследаванняў, звязаных з укусамі жывёл, ва ўпраўленні Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Віцебскай вобласці не вядзецца. Аднак у апошнім выпуску навукова-практычнага часопіса «Судовая экспертыза Беларусі» быў праведзены аналіз архіўных заключэнняў судова-медыцынскіх экспертыз, выкананых ва ўпраўленні па горадзе Мінску ў 2014—2016 гадах. Ад укусаў сабак у названы перыяд пацярпела 59 чалавек. Прычым у адным выпадку наступіў лятальны канец, — паведаміла Ганна БАРЫШНІКАВА, афіцыйны прадстаўнік упраўлення.
Сабака, як канстатавалі ў Следчым камітэце, афіцыйна зарэгістраваны ў кватэры гаспадыні. Усе неабходныя прышчэпкі яму зроблены. Суседзі ахарактарызавалі гаспадыню станоўча.
Аляксандр ПУКШАНСКІ
Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.
Не выявіць ні секунды абыякавасці.