Вы тут

Зіму замыкаці, вясну загукаці


Пераход ад сцюдзёнай зімы да доўгачаканай вясны адзначаўся ў нашых продкаў пэўнымі эмоцыямі і настроем. Пра святочныя забаўкі, якія праводзяцца на беларускай зямлі ў апошнія зімовыя дні, адмысловыя стравы, традыцыі сустрэчы вясны мы пагутарылі з кіраўніком ансамбля народнай песні "Гаманіна" Наталляй САЗАНОВІЧ.


Масленіцу выпраўляем, сонейка вітаем

Старажытныя славяне вельмі любілі гэтае вясёлае свята, называлі яго ласкава «маслёнка», «цалавальніца», «пеpапёлачка», «блінніца». Такое ж стаўленне захавалася і па цяперашні час.

Пачынаецца Масленіца за восем тыдняў да Вялікадня і за сем дзён да Вялікага посту. Няма пакуль ніякіх абмежаванняў. Весяліся, народ!

Хадзіла прыказка, што хто сумуе на Масленіцу, жыве потым у горкай маркоце цэлы год. Таму ліліся ракой песні, жарты, ладзіліся гульні, вясёлыя спаборніцтвы моладзі, і ўсё было аздоблена адмысловымі кулінарнымі прысмакамі ад гаспадынь. Кожны з сямі дзён нёс у сабе свае звычаі і традыцыі.

Абрадавыя стравы Масленіцы – сыр, масла і, вядома, бліны. Румяныя, залацістыя, гарачыя, з пылу з жару – яны былі і застаюцца абавязковым атрыбутам свята. Круглыя жоўтыя бліны ўвасаблялі сабой сонца, якое ў апошнія зімовыя дні ўсё ярчэй разгаралася на небе і лашчыла сваім цяплом людзей.

Звычайна самы першы блін, выпечаны на Масленіцу, гаспадыня клала на асобны сподак і ставіла ў чырвоны кут пад абразы “для продкаў”. Часцей за ўсё на патэльні румяніліся жытнія аладкі, асаблівым ласункам лічыліся бліны з грэцкай і пшанічнай мукі. Дарэчы, масленічнымі стравамі (сырамі, маслам) нашы продкі запасаліся яшчэ з восені, падчас Піліпаўскага посту.

А яшчэ масленічны тыдзень – час сватаўства. Хлопцы прыглядалі сабе нявест, а дзяўчаты – жаніхоў. Гэта адлюстроўваецца ў гульнях ды забавах. Жартоўнаму пераследу падвяргаліся халасцякі. Калі сустракаўся дзяўчатам хлопец-пераростак, які ўсё не адважваўся паслаць сватоў, яго даганялі і прывязвалі да нагі калодку. Хлопцу заставалася толькі адно – адкупіцца ад назойлівых дзяўчат добрым пачастункам: цукеркамі, сырам, блінамі.

Дзяўчаты і хлопцы, сямейныя пары, дзеці выбіраліся з дамоў, хапалі санкі і беглі катацца з горак.

Гэтай забаве нашы продкі надавалі асаблівае рытуальнае значэнне. Верылі, што катанне, слізганне абуджае зямлю ад зімовага сну, паскарае надыход вясны, спрыяе добраму ўраджаю. А яшчэ існавала такое павер'е: чым далей панясуць санкі маладую гаспадыню, тым даўжэйшы вырасце ў яе лён.

У Шклоўскім раёне Магілёўскай вобласці існаваў звычай пад назвай "Падушкі трэсці". Дзяўчаты і жанчыны прыходзілі да маладой гаспадыні, якая нядаўна выйшла замуж. Тая павінна была прапанаваць гасцям пачастунак. Калі маладуха сквапнічала або не ўмела пячы бліны ды пірагі, госці хапалі з яе ложка падушкі, ускоквалі ў санкі і кружыліся па вёсцы, выкрыкваючы: "Падушкі прадаём! Падушкі прадаём!". Маладой гаспадыні прыходзілася бегчы за сяброўкамі і крычаць ім: «Давайце я куплю!» – і прапаноўваць грошы.

Першы дзень Масленіцы ў многіх месцах называўся днём сватоў, калі абавязкова хадзілі да сватоў на бліны. А вось “Цешчыны вечары” праходзілі ў пятніцу. Напярэдадні зяць заходзіў да цешчы, кланяўся ёй у пояс і запрашаў да сябе ў госці. А на наступны дзень частаваў цешчу  блінамі. Калі ж зяць не клікаў яе ў свой дом, гэта лічылася вялікай непавагай з яго боку да родных жонкі. Такая непашана магла нават пасварыць сем'і.

Кульмінацыя святочнага тыдня наступала ў нядзелю. Пудзіла Зімы спальвалі на вялікім вогнішчы. Попел рассыпалі па полі, дружна ўсё ўтоптвалі ў снег – «будзілі» пасля маразоў зямлю. За стол у гэты дзень сядалі сем разоў – па колькасці тыдняў Вялікага посту. А каб з чыстай душой перажыць пост і сустрэць Вялікдзень, людзі хадзілі ад двара да двара, прасілі адзін у аднаго прабачэння – і называлі завяршэнне Масленіцы даравальным днём.

Жавароначкі, прыляцiце!

Гуканне Вясны – таксама адметнае для славян свята. Напачатку яго маладзенькія дзяўчаты ўзбіраліся на ўзгоркі ды спявалі песні-вяснянкі.

Дай, Божа, вясну красну

Ды на цёплыя лета,

Ды на густыя жыта,

На густыя, ядраністыя,

Коласам каласістыя!

А ў полі – капамі,

А ў клеці – караблямі.

Такім чынам зазывалі-гукалі Вясну. Потым вадзілі карагоды, спальвалі пудзіла Зімы, як і на Маслёнку. Са словамі “Жавароначкі, прыляціце, вясну красную прынясіце” падкідвалі ўгору, да неба, печыва ў выглядзе птушак – жаваранкаў, буслоў, кулікоў. Лічылася, што такі абрад дапамагае наблізіць доўгачаканы прыход прыгажуні-вясны. А ранняя вясна абяцала сялянам багаты ўраджай.

Як выпякалі “птушак”?

 Гаспадыня запрашала ў хату малалетак-дзяцей. Яны, гледзячы на папяровых птушак, або з дапамогай драўляных форм ляпілі-выразалі “птушак” з цеста, а гаспадыня іх выпякала. Колькасць печыва-птушак вагалася ў залежнасці ад мясцовай традыцыі.

Калі румянае і духмянае печыва даставалі з печы, гаспадыня выконвала абавязковае рытуальнае дзеянне – кідала назад у печ адну “птушачку”. Прыносіла ахвяру.

Пасля малыя гарэзы бегалі з выпечанымі жаўрукамі па вуліцы і зазывалі цёплую вясну і яе веснікаў – пералётных птушак. Дзяўчаты ж упрыгожвалі вянкамі з каляровай паперы і стракатымі стужкамі бярозку або вярбу, таксама прымацоўвалі да галінак некалькі “жаўрукоў” і вадзілі каля дрэў карагоды, спяваючы песні. Гулялі ў даганялкі, іншыя шумныя гульні.

У кожным рэгіёне былі свае адметнасці ў выкананні абрадаў Гукання Вясны. Напрыклад, у Рэчыцкім раёне птушак не выпякалі, а ляпілі з гліны. У Буда-Кашалёўскім майстравалі гучных птушак-свісцёлак, у якія хлапчукі свісцелі, а затым гучна выкрыквалі:

Прыйдзі, вясна, прыйдзі, красна,

Адамкні лецечка, замкні зімачку.

Дзеці падчас святаў, як і звычайна, бегалі па хатах, дэкламавалі рыфмы-вяснянкі, жадалі гаспадарам здароўя і добрага ўраджаю, а ў торбачкі малым сыпаліся цукеркі, булкі і іншыя пачастункі.

Выпяканне “жаўрукоў” і народныя гульні з услаўленнем птушак тлумачацца не толькі тым, што яны з’яўляліся першымі, самымі раннімі вестунамі набліжэння цяпла. Гэта было наогул шанаванне крылатых сяброў, выказванне ім павагі як добрым суседзям чалавека. Назіранні за паводзінамі птушак дапамагалі нашым продкам арыентавацца ў зменах прыроды. Птушкі маглі прадказаць надвор’е на некалькі дзён наперад, таксама і больш аддалёна, а гэта было важна для селяніна пры правядзенні земляробчых работ. Напрыклад, ранні прылёт ластавак прадказваў хуткую, імклівую вясну. Калі гракі прыляталі раней святой Аўдакеі (14 сакавіка) – быць мокраму лету, бо святая Аўдакея “захоўвае ключы ад вясенняй вады”. У Быхаўскім раёне на Аўдакею плялі рыбалоўныя сеткі: лічылася, што менавіта ў іх трапіць добры ўлоў.

У дзень вясновага раўнадзенства – 22 сакавіка – шмат дзе святкуюць Саракі. Казалі, што да гэтага дня з цёплых краін прылятаюць першыя птушкі, і сярод іх пявун-жаўрук. У некаторых мясцовасцях у гэты дзень зноў пяклі “жаўрукоў”, некалькі птушачак саджалі на падаконнік, а акно адчынялі – вясну і сонейка ў хату запускалі.

Прадчуванне абуджэння прыроды спрыяла новым пачуццям, надавала чалавеку сілы і надзеі. Асабліва радаваліся моладзь і дзеці. На Саракі, калі было яшчэ холадна, то майстравалі арэлі ў гумнах і пунях і там весяліліся да цемнаты. Гушканне на арэлях, паводле павер’я, – гэта своеасаблівы рытуал узбадзёрвання свайго арганізма пасля зімовай зацятасці. Яшчэ казалі: чым вышэй гушкаешся, тым вышэйшы лён вырасце на тваім полі.

Гучна гучыць “Гаманіна”

Ансамбль з гучнай назвай “Гаманіна” з’явіўся ў 1991 годзе. Як не дзіўна, месцам прыцягнення талентаў, аматараў народнай песні і танцаў стаў тэхнічны вуз – Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі. Згуртаваць вакол сябе студэнтаў, выпускнікоў, выкладчыкаў, неабыякавых да роднай культуры, атрымалася ў Наталлі Сазановіч. Сёння пад сваім крылом “Гаманіна” сабрала 55 чалавек. Прычым музычная адукацыя тут не галоўны крытэрый. Галоўнае – імпэт, зацікаўленасць, неабыякавасць. Ёсць, вядома, і свая спецыфіка музычных заняткаў з “фізікамі”:

– Ідзе рэпетыцыя. Развучваем пэўныя рухі, а мне кажуць: гэта зусім нелагічна! – смяецца Наталля. – Тлумачу, што мастацтва не паддаецца логіцы. А калі развучваем танцы, то амаль з лінейкай хаджу: паварот на 45 градусаў? Адскочыць на 20 сантыметраў управа?... Усё гэта жарты, і я вельмі люблю свой калектыў!

Заняткі ладзяцца два разы на тыдзень, удзельнікі заўсёды прыходзяць з усмешкамі і гатовыя працаваць. Рэпетыцыі, фальклорныя экспедыцыі, гастролі – жыццё “Гаманіны” пульсуе за сценамі ўніверсітэцкіх аўдыторый. Штогод калектыў ездзіць па Беларусі. Ладзіць канцэрты, удзельнічае ў аўтэнтычных абрадах: Каляды, Цары, Конікі, Купала, Ваджэнне куста і іншых. Годна і з гонарам ансамбль прадстаўляе беларускія традыцыі на міжнародных фэстах. Мілагучныя беларускія спевы гучалі ў Фінляндыі, Польшчы, Літве, Латвіі. Запал, адданасць справе, захаванне традыцый дапамаглі “Гаманіне” ў мінулым годзе атрымаць ганаровае званне – народны калектыў.

Рэцэпт

Масленіца, дай блінцом паласавацца!

Рэцэптам гэтых беларускіх бліноў з намі падзялілася Наталля Сазановіч. Даведалася пра аўтэнтычную страву яна ад бабулі з вёскі Падарэсце Старадарожскага раёна Мінскай вобласці.

– У вёсках бліны пякліся на сняданак амаль кожны дзень, – расказвае Наталля. – Не дзіва, бо гэта самая простая і сытная страва. А што рабіць з цестам, якое засталося? Яго вясковыя гаспадыні пакідалі сквашвацца да наступнай раніцы. Затым у закваску (прыкладна 300 г) налівалі кіслага малака або сыроваткі (0,5 л). Добра ўсё перамешвалі. Дабаўлялі солі і маленькую лыжку соды. Важны момант – гасіць белы парашок не трэба!

Пасля сыпалі муку. Мукі сыпалі столькі, каб цеста не было занадта рэдкім. Туды ж дабаўлялі 5-6 сырых бульбін, дзёртых на дробнай тарцы, як для дранікаў. І ніякіх яек! У вёсцы бліны пеклі ў печы, але падыдзе і звычайная газавая або электрапліта. Смажылі на смальцы, сёння замест яго выкарыстоўваюць сланечнікавы алей. Падаваліся бліны да стала са скваркамі, хатняй каўбаскай і канечне са смятанай.

Смачна есці!

Хрысціна ХІЛЬКО

Фота з альбома “Гаманіны”

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.