19 Чэрвень, аўторак

Вы тут

Вандроўка ў Беніцу


Назва артыкула не прыдумвалася аўтаркай у доўгіх творчых пакутах, а была ў адно імгненне пазычана ў Ігната Ходзькі. Такі загаловак мае замалёўка ў яго дасціпных «Запісках квестара».


Беніцкі касцёл Святой Тройцы — помнік архітэктуры самага пачатку ХVІІІ стагоддзя, які быў пабудаваны ў 1701—1704 гадах.

Начытаўшыся аднаго разу пад вечар ходзькаўскіх гісторыек пра Беніцкі касцёл Святой Тройцы і нябожчыка Коцела, мы, ноч пад уражаннямі не спаўшы, рушылі наступным жа ранкам у тую самую Беніцу, тым самым Віленскім трактам...

... з той толькі розніцай, што герой Ходзькі ішоў пешкі і з Вільні, а мы ехалі на колах і з Мінска. Значыць, рухаліся насустрач, хоць і праз дзвесце гадоў.

Герой Ходзькі, папярэджаны пра марадзёраў-французаў, якіх у яго часе дастаткова, бадзёрыць сябе: «Кій у руку ўзяў і з імем Божым паціху, per pedes Apostolorum, слядамі Апосталаў, марш!» Мы таксама сябе бадзёрым, але з іншай прычыны. Усё з-за вячэрніх чытанняў, з-за той замалёўкі, у якой пан пісар распавёў пану квестару «цікавую рэч». Быццам касцёл гэты, Беніцкі, пабудаваны на месцы, дзе раптоўна спыніліся коні, перад тым моцна нечым спалоханыя. У калясцы, запрэжанай гэтымі коньмі, ехаў аднекуль у сваё Маладзечна Міхал Казімір Кацёл (гэтак, прынамсі, у Ходзькі, хоць Коцел — таксама правільна). Калі ў шалёным лёце спалоханых коней лопнулі цуглі, а фурман зваліўся з козлаў, Катла (ці Коцела) апанаваў жах. Не маючы ўжо надзеі на ратаванне, ён ліхаманкава паабяцаў Богу, што на тым месцы, дзе спыняцца коні, узвядзе касцёл. Як толькі даў такое абяцанне, коні быццам нечаю моцнай рукой былі спынены.

Пан Коцел касцёл узвёў. Вось ён, помнік архітэктуры самага пачатку ХVІІІ стагоддзя, — стаіць, на замок замкнёны, на дзвярах мае шыльду аб тым, што ахоўваецца дзяржавай. Блакітна-зялёныя купалы небу радуюцца: тут гучаць нябесныя арганы. Свае ж арганы Троіцкі касцёл у Беніцы даўно страціў, і сцены яго, непрыступныя знешне, такія насамрэч безабаронныя... Але што пан Коцел? Пражыўшы яшчэ доўгія гады, збудаваўшы вакол касцёла кляштар і аддаўшы першы і другі бернардзіну, ён, калі ўжо зазбіраўся ў шлях незваротны, загадаў намаляваць сябе ў поўны рост, побач столік, пад столікам куфэрак адчынены, а ў ім торбачкі з пазнакамі, колькі ў якой грошай. Партрэт вісеў над ложкам пана Коцела да самага канца яго жыцця, а пад галавою ўвесь час ляжала распараджэнне: як пан Коцел памрэ, партрэт перанесці ў касцёл і павесіць над склепам. Пазначаныя на торбачках сумы схаваць у магіле. Узяць іх адтуль можна толькі на ўзнаўленне касцёла, калі з ім, барані Божа, што здарыцца. Пан Коцел, лежачы ў магіле, сам, маўляў, будзе ахоўваць грошы ад хіжых памкненняў.

Мяркуючы па тым, які выгляд мае касцёл Святой Тройцы сёння, як зруйнавана прастора пад блакітна-зялёнымі купаламі, за непрыступнымі знешне сценамі, той выпадак, на які пакідаў грошы пан Коцел, даўно надышоў. Але ж хіба дзе абыдзецца без хіжых памкненняў? Грошы спрабавалі забраць раней. Пан Коцел тады яшчэ абараняў іх. Згодна з аповедам пана пісара, прызначаным для вушэй пана квестара, героя Ігната Ходзькі, аднаго разу згарэў на беніцкім кляштары дах. На кляштары, не на касцёле. Але ксёндз палічыў, што і на такі рамонт можна з магілы фундатара трошкі ўзяць. Айцы і браты бернардзінцы, некалькі чалавек, цёмнай ноччу, каб ніхто не быў сведкам, пры зачыненых касцельных дзвярах, з адной лямпай, памаліўшыся і акрапіўшы магілу, пачалі яе раскрываць. Вядома, у іх па скуры пабеглі мурашкі. (Такія самыя мурашкі бегалі, напэўна, і па нашых сучасніках, якія прымалі касцёл у Беніцы за аб'ект сваіх экстрэмальных прыгод, ледзь толькі даведаўшыся, што антураж яго сутарэнняў нічым не горшы за антураж уражвальных экшэнаў накшталт «Лары Крофт» або «Муміі»: раскіданыя там і сям надмагільныя пліты, падпісаныя лацініцай, рэшткі чалавечых касцей, чарапы... Тое, што засталося ад разрабаваных магіл прадстаўнікоў родаў Коцелаў і пародненых з імі Швыкоўскіх... Тое, што засталося ад іх саміх... Быццам так і хочацца тым, хто выкладае жахлівыя фотасправаздачы з наведвання Беніцы ва ўседаступны шматцярплівы інтэрнэт, каб некалі і іх рэшткі разам з рэшткамі іх дзяцей і ўнукаў сталі вось такімі рэквізітамі для казытання чыіх-небудзь нерваў. А ўсё, спадарства, старыя паданні.)

Так было яшчэ ў 1930-х.

Вы, канешне, спытаеце, што было далей з магілай Коцела і бернардзінцамі. Ксёндз пакрапіў пліту, ужо прыўзнятую над магілай, перш чым пад яе зазірнуць. Але ў гэты момант лямпа выпала з рукі таго, хто трымаў яе, і са звонам разбілася, магільная пліта ўпала на месца, і трэск аглушыў айцоў і братоў ордэна. Упалі яны, як непрытомныя, але кожны пасля ўспамінаў, як над вухам пранеслася шэптам сказанае: «Requіescat іn pace!» Гэта пан Міхал Казімір Коцел сам над сабою прамовіў зычэнне ляжаць далей у магіле ў вечным спакоі. Не атрымалася...

Ходзькаўскія «Запіскі квестара» з серыі «Ліцвінскіх малюнкаў», у якіх захавана «памяць пра звычаі і цноты збяднелай шляхты», названы «крыніцай сапраўднага скарбу, незаўважанага і занядбанага». У той дзень у Беніцы мы дакрануліся да менавіта такога сапраўднага скарбу — незаўважанага (неацэненага) і сапраўды занядбанага.

На колішняй карце Ашмянскага павета Беніца пазначана як буйны населены пункт. Недзе тут і стаяў некалі па-старасвецку прыгожы сядзібны дом, увасоблены на малюнку Орды. У ім размяшчаліся бібліятэка, архіў і мастацкая галерэя. Вялікія «сенцы» вялі ў залу з паўкалонамі, а ўправа і ўлева ішлі пакоі з высокімі столямі і печамі «на ножках». У правым крыле размяшчаўся «мемарыяльны» пакой: тут начаваў Напалеон. Ён прыбыў у Беніцу з Маладзечна 22 лістапада 1812-га, а пятнаццатай гадзіне, каб назаўтра а восьмай рушыць далей, на Смаргонь. Світа пераможанага імператара, начуючы ў процілеглым крыле, пакінула на дзвярах спальні свае прозвішчы. Пасля тыя дзверы пафарбавалі, а пазней замянілі на новыя. Так піша Чэслаў Янкоўскі, чыю кнігу «Павет Ашмянскі», выдадзеную ў 1896 годзе, варта чытаць перад падарожжамі па гэтай цікавай зямлі не толькі таму, што яе мінулае паўстае перад вачыма абсалютна рэальнымі вобразамі, але і таму, што прачытаныя радкі, пранізваючы наскрозь і розум, і сэрца, гэтую былую рэальнасць, не шкодзячы ёй, рамантызуюць.

Рамантыкам

Герой Ігната Ходзькі, будучы беніцкі квестар, ішоў, як чытач памятае, з Вільні. Значыцца, трымаўся Віленскага шляху. А па ім хто толькі не праходзіў і не праязджаў. Спіс тых вядомых і слаўных, чые ногі краналіся знакамітай дарогі Мінск—Вільня, дадзены на ўсталяваным у 1979 годзе помніку, на які, едучы ў Беніцу з Мінскага боку, нельга не глянуць. Спыніцеся, спадарства, як убачыце ўказальнік «Мясата». Вёска Мясата размешчана трошкі ўбок ад дарогі, а пры самай дарозе — чатыры вялікія камяні, на іх шыльды, на шыльдах — карта і шматлікія прозвішчы. Ці ўразіць вас тое, што гэтым вось шляхам перамяшчаліся неяк па нашым свеце Сымон Будны, Дзяніс Давыдаў, Тарас Шаўчэнка, Мікалай Гогаль, Язэп Драздовіч, Кастусь Каліноўскі, Тамаш Зан, Францішак Багушэвіч, Уладзіслаў Сыракомля? Апошнія трое дакладна бывалі ў Беніцы. Акрамя іх, там бывалі і Габрыэла Пузыня, і Напалеон Орда, і шмат хто з Агінскіх: дачка Міхала Казіміра Коцела Разалія пайшла замуж за некага з іх. Дарэчы, бываў тут і Міхал Клеафас, аўтар «Развітання з Радзімай». Яго сядзіба Залессе, узведзеная ў 1802—1815 гадах, ад Беніцы зусім блізка.

Паслядоўнікам

Наш квестар, ідучы з Вільні ў Беніцу, праходзіў праз вёску Меднікі. Да яе ад Беніцы больш за семдзесят кіламетраў, і нашмат цікавейшымі для любога сучаснага нам вандроўніка будуць больш блізкія і легендарныя Крэва, Бянюны, Гальшаны і Баруны. Адлегласці да іх ад Беніцы складаюць адпаведна 21, 45, 47 і 36 кіламетраў, і лёгка іх можна ўключыць разам з Беніцай у аднадзённы шыкоўны маршрут. Меднікі ж, хоць і маюць нейкую сядзібку канца ХІХ стагоддзя (нічога асабліва каштоўнага), цікавыя нам завочна — тым, як пра іх згадваў квестар, апынуўшыся там пасля Напалеонавага нашэсця. «У Медніках пуста. Двор, вёска, карчма, плябанія без воканаў; касцёл ачышчаны і спустошаны; нават склепы адчынены і трупы вывернуты». Літаральна як у Беніцы, але ў наш час.

Падарожнічала Святлана ВОЦІНАВА

Каментары

ГісторыЯк, дзевачкі

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Калі адукацыя «захрасне» ва ўчарашнім дні, лічбавае грамадства не свеціць

Калі адукацыя «захрасне» ва ўчарашнім дні, лічбавае грамадства не свеціць

Лічбавая трансфармацыя — не мода і не часовая з'ява.